Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта плявок нам у твар» — студэнты БДУ пра ўвядзеньне аплаты за пераздачы


Студэнты БДУ ідуць падаваць пэтыцыю супраць увядзеньня аплаты за пераздачу іспытаў і залікаў, 11 лістапада 2015 году

Студэнты БДУ ідуць падаваць пэтыцыю супраць увядзеньня аплаты за пераздачу іспытаў і залікаў, 11 лістапада 2015 году

11 лістапада студэнты прынесьлі ў адміністрацыю БДУ пэтыцыю і 2515 подпісаў супраць увядзеньня аплаты за пераздачы. А ўжо 12 лістапада на сайце ўнівэрсытэту зьявілася інфармацыя, што палажэньне ўхваленае.

Адзін зь ініцыятараў падачы пэтыцыі распавёў Свабодзе, што студэнты такой навіной былі «шакаваныя»:

Не чакалі, што проста на наступны дзень гэта зробяць. Адразу было зразумела, што гэта плявок нам у твар.

«Не чакалі, што проста на наступны дзень гэта зробяць. Адразу было зразумела, што гэта плявок нам у твар. Сёньня зьбіраемся пайсьці і запісацца на прыём да рэктара, каб пагаварыць. Спадзяемся, што ён нас прыме, і нейкая размова будзе», — кажа студэнт.

«Тэрміновае» прыняцьце Палажэньня наўпрост зьвязана зь іх пэтыцыяй — упэўнены ён:

«Адразу было відаць, што прыняцьце гэтага дакумэнта ўчора было зроблена сьпехам, бо там нават ёсьць памылкі. Рабілі, каб як мага хутчэй, бо мы пазаўчора прынесьлі гэты зварот», — тлумачыць ён.

Прэсавая служба БДУ паведаміла, што камэнтароў вакол сытуацыі са студэнцкай пэтыцыяй унівэрсытэт даваць ня будзе. Пытаньне сустрэчы рэктара са студэнтамі пакуль таксама не разглядаецца.

«Палажэньне зацьверджанае. Там ёсьць аргумэнтаваныя адказы на прэтэнзіі студэнтаў у адпаведнасьці з Кодэксам аб адукацыі, ёсьць камэнтары. Усе адказы ёсьць у гэтай афіцыйнай заяве», — паведаміла прадстаўніца прэсавай службы.

Тэкст пэтыцыі

Тэкст пэтыцыі

Інфармацыя пра прыняцьце Палажэньня сапраўды знаходзіцца на сайце ўнівэрсытэта. Праўда, толькі на ягонай расейскай вэрсіі.

Спробы знайсьці яе на беларускамоўнай вэрсіі сайта былі безвыніковымі. У тэксьце заявы адміністрацыя спасылаецца на тое, што ў базавы кошт атрыманьня адукацыі ўваходзіць толькі аднаразовая здача залікаў і іспытаў, а ў выпадку акадэмічнай запазычанасьці «дзейнае заканадаўства трактуе такую пераздачу як адукацыйную паслугу, якая мусіць аказвацца пры ўмове кампэнсацыі яе кошту».

Адміністрацыя таксама зазначае, што аплата за паўторную здачу іспытаў і залікаў ужо ўведзеная ў большасьці беларускіх ВНУ. А асноўнай мэтай такой меры называе «падвышэньне навучальнай дысцыпліны, адказнасьці студэнтаў».

«Унясеньне аплаты за паўторную здачу іспытаў і залікаў стане дадатковым стымулам для тых, хто не надае належнай увагі вучобе ў ВНУ», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве ўнівэрсытэта.

Студэнты ж лічаць, што пазбаўленьне стыпэндыі ў выпадку зьяўленьня акадэмічнай запазычанасьці ўжо дастатковы стымул, а прымушаць плаціць за пераздачы — гэта захад «рэпрэсіўны» і спроба перакласьці на студэнтаў фінансавыя праблемы навучальнай установы.

Студэнты ў адміністрацыі БДУ, падаюць пэтыцыю. Менск, 11 лістапада 2015

Студэнты ў адміністрацыі БДУ, падаюць пэтыцыю. Менск, 11 лістапада 2015

11 лістапада каля дзясятка студэнтаў прынесьлі ў адміністрацыю БДУ пэтыцыю супраць увядзеньня аплаты за пераздачу залікаў і іспытаў. Тэкст пэтыцыі і подпісы раздрукавалі на 717 старонках. Подпісаў сабралі 2 515. З будынку, у якім знаходзіцца адміністрацыя ўнівэрсытэта, супрацоўнік аховы адправіў моладзь у аддзел дакумэнтацыі. Там студэнтаў прынялі без энтузіязму, пэтыцыю забралі, рэгістраваць пры іх адмовіліся і паведамілі, што «паводле працэдуры» разглядаць яе будуць 15 дзён.

12 лістапада стала вядома, што Палажэньне прынятае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG