Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гарадзенскі гісторык высьветліў, як пры цары ў горадзе забілі ксяндза-ліхвяра


Алесь Радзюк (зьлева) побач з гісторыкам Алесем Краўцэвічам

Алесь Радзюк (зьлева) побач з гісторыкам Алесем Краўцэвічам

Гісторык Алесь Радзюк выклікаў цікавасьць публікі нечаканай тэмай «Бандыцкая Горадня ХІХ». У галерэі «Крыга» ён распавёў аб крымінальным мінулым гораду і аб самым гучным забойстве часоў цараваньня Мікалая І.

Нечаканым было пачуць, што кантрабанда займала сьціплы радок у тагачасных паліцэйскіх справаздачах — толькі 1,6 адсотка, паколькі прынята лічыць, што Горадня заўсёды была горадам кантрабандыстаў. Асноўная доля прыпадала тады на крадзяжы — 70 адсоткаў.

Царскае начальства не цікавіла крымінальнае жыцьцё знутры, а турбавала толькі, каб у горадзе быў парадак, зазначае гісторык. Самі героі ягонага расповеду не пакінулі па сабе дакумэнтаў і дзёньнікаў, яны часта былі непісьменныя. А вусная гарадзкая традыцыя не данесла імёны злачынцаў царскіх часоў. Таму зразумелыя цяжкасьці сёньняшняй спробы рэканструяваць тагачаснае крымінальнае жыцьцё Горадні.

У ХІХ стагодзьдзі пяць працэнтаў злачынстваў складалі забойствы.

Алесь Радзюк прапанаваў прыняць удзел у разблытваньні самага гучнага забойства, якое адбылося ў Горадні ў 1843 годзе, паабяцаўшы зазірнуць у паліцэйскі ўчастак, каб пацікавіцца — як расьсьледавалі тады справы. У ХІХ стагодзьдзі пяць працэнтаў злачынстваў складалі забойствы.

Ксяндза Любавіцкага забілі 19 лютага 1843 году. У здарэньні адбіваюцца ўсе бакі крымінальнага жыцьця гораду, кажа Алесь Радзюк. Раніцай наступнага дня малодшы афіцэр пажарнай каманды Іван Плюхін, будучы а сёмай гадзіне моцна нападпітку, у «рэтрадным месцы» (прыбіральні) убачыў «тушу», прыняўшы яе за сьвінчо, схапіў і пабег паказаць жонцы.

Але аказалася, што гэта вядомы ўсяму гораду ксёндз, якому адсеклі галаву, рукі і ногі.

Як пайшло расьсьледаваньне забойства? Плюхін стаў першым падазраваным. Другі падазраваны — Антон Забельскі, брандмайстар. Сьведка — манах Туровіч паказаў на Забельскага, які тры гады таму патрабаваў ад Любавіцкага вярнуць заклад, але не аддаваў узятыя грошы, і яны нават схапіліся за грудкі. Ксёндз быў вядомым гарадзенскім ліхвяром, пазычаў пад працэнты грошы.

У падворку Забельскага на сьнезе знайшлі сьляды крыві, як потым выявілася, — конскай.

Іншы ксёндз — Ігнатовіч засьведчыў, што раней Любавіцкі паскардзіўся яму, што мае шмат даўжнікоў, якія не вяртаюць грошы. І нават сказаў, што галоўны даўжнік — Забельскі. І калі той некалі верне нарэшце грошы, то Любавіцкі гатовы пасьля пайсьці ў кляштар.

Пятнаццацігадовая служанка Петранэля сказала сьледчым, што бачыла забойства на свае вочы, што вінныя Плюхін і Забельскі. Наступны падазраваны ў злачынстве — дваранін Менскай губэрні Аколаў. Ён часта гуляў у карты з Любавіцкім. Дарэчы, у Горадні і па ўсёй Расейскай імпэрыі азартныя гульні былі тады забароненыя, зазначае Радзюк. Аколаў прайграў грошы, таму меў матыў. Не на карысьць Аколава было таксама, што ён жыў з кабетай, ня ўзяўшы шлюбу, значыць парушаў агульнапрынятыя правілы. У падазраваныя трапіў таксама габрэй Шулік Ноцэс. Ён спрабаваў здаць ксяндзу-ліхвяру дзьве брытвы ў заклад за дзесяць злотых. Але той адмовіў, і габрэй нібыта прамармытаў: галава, рукі, ногі — і гэта пачулі. У падазраваных была таксама ўтрымальніца бардэлю Агаф’я і яшчэ пару чалавек.

Аляксандар Радзюк прапанаваў выказваць вэрсіі — хто мог быць забойцам? І нават, узяўшы ролю прысяжных, прагаласаваць — каго памілаваць, а каго пакараць. Але да галасаваньня не дайшло. Прапанова даволі нечаканая, і патрэбна было больш часу, каб прысутныя пачалі разважаць. Але апавядач скараціў інтрыгу, паведаміўшы, што забойцу не знайшлі, паколькі высьветлілася, што віна падазраваных па розных прычынах не была даказанай. Публіка ў гэты час рэагавала вельмі жыва, калі чула — чаму той ці іншы ня мог быць сапраўдным забойцам. Служанка ўвогуле ўсё выдумала. Сьледчыя аказаліся бязрадныя.

XS
SM
MD
LG