Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паўстанцы», «Разам», «1514», «Гаспадар цмокаў» — праз гульні да роднай мовы


Антон Янкоўскі

Антон Янкоўскі

На вуліцы Вялікая Траецкая ў Горадні месьціцца незвычайная прастора «Крама Ц», што аб’яднала тры крамы, адна зь якіх – крама з настольнымі гульнямі для дзяцей і дарослых «Кубік».

Уладальнік «Кубіка»​ Антон Янкоўскі распрацоўвае са сваімі сябрамі настольныя гульні на беларускай мове, гэтым самым прапагандуючы родную мову. Адна зь іх — «Паўстанцы» — ужо мае сваіх прыхільнікаў, хутка павінна зьявіцца новая гульня «Мова» і дзіцячая гульня «Гаспадар цмокаў».

Антон Янкоўскі паводле адукацыі рэжысэр, скончыў Беларускі ўнівэрсытэт культуры, працаваў выкладчыкам у каледжы мастацтваў. Займаецца культурніцкімі праектамі, зьяўляецца вядоўцам курсаў «Мова-нанова». Нарадзіўся на Гарадзеншчыне ў вёсцы Нача Воранаўскага раёна паблізу беларуска-літоўскай мяжы. Мы гутарым зь ім ва ўтульнай «Краме Ц», у якой, як выявілася, з настольнымі гульнямі суседнічае мноства цікавых беларускіх сувэніраў ад другога тутэйшага праекта, этнакрамы «Цудоўня».

У гарадзенскай «Краме Ц»: беларускія сувеніры «Цудоўні»

У гарадзенскай «Краме Ц»: беларускія сувеніры «Цудоўні»

Упрыгожаньні і аксэсуары з нацыянальным арамэнтам

Упрыгожаньні і аксэсуары з нацыянальным арамэнтам

— Антон, ці зьяўляюцца настольныя гульні цяпер, у эпоху кампутараў, запатрабаванымі?

— Калі казаць наагул пра настольныя гульні, то гэта даволі распаўсюджаны від адпачынку ва ўсёй Эўропе, у той самай Амэрыцы, а апошнія гадоў дзесяць разьвіваецца ў Расеі, а да нас гэта толькі даходзіць. Тым ня менш прыемна тое, што за апошнія гады зьявілася некалькі цікавых беларускіх настолак. Пачынаючы ад нашых «Паўстанцаў», якіх мы два гады таму выдалі, працягваючы «Разам», «1514» , тыя ж самыя папяровыя беларускія замкі, якія таксама можна аднесьці да дзіцячых гульняў.

Папяровыя беларускія замкі для дзяцей

Папяровыя беларускія замкі для дзяцей

— Вы лічыце, што гульня — гэта добры шлях, каб дайсьці да роднай мовы?

— Так, і першапачаткова мы паставілі задачу, каб у людзей зьявілася магчымасьць сабрацца і пагаварыць па-беларуску, дзякуючы гульні. Падчас гульні ёсьць такі адукацыйны момант, калі адзін чалавек лепей ведае мову, а іншы трохі горш, і кожны можа там загадаць, расказаць, выняць нейкія словы, якіх ягоны апанэнт ня ведаў. І вось тут будзе зьяўляцца практыка. У гульні дапускаецца мець міні-слоўнікі, кожны з удзельнікаў можа весьці свой слоўнік і ў іх можна падглядваць, каб загадваць новае слова больш складанае. Гульня «Мова» гэта такі прататып курсаў «Мова-нанова», які перапрацаваны ў картачную сыстэму, сыстэму зносінаў для больш мабільных камандаў.

Настольная гульня "1514"

Настольная гульня "1514"

— Чым адметныя беларускія настолкі?

— Мы зараз распрацоўвалі некалькі праектаў і вырашылі запусьціць два зь іх. Першы — настольная гульня «Мова», які, дарэчы, выставілі на народнае фінансаваньне. Гэта гульня найперш адукацыйная, але ў ёй хаваюцца і шмат забаўляльных функцыяў, і спаборніцтва за тытул лепшага мовазнаўца. У ёй наагул зьмешчаныя 5 варыянтаў гульні. Усе яны скіраваныя на ўзаемадзеяньне людзей ў моўным пляне: недзе трэба будзе размаўляць, недзе адгадваць, а недзе загадваць словы. У іншым варыянце трэба будзе знайсьці як мага болей прыметнікаў і дзеясловаў, утварыць іншыя словы. Асноўная задача гульні, каб людзі практыкаваліся і падвышалі свой слоўнікавы запас.

— Вы сказалі, што выставілі гульню на народнае фінансаваньне — ці адгукаюцца людзі?

— Мінула тры дні, і за гэты час мы сабралі ўжо 10% грошай патрэбных для таго, каб надрукаваць гульню. Першыя водгукі былі пазытыўныя, і я мяркую, што далей будзе яшчэ цікавей. На працягу месяца мы плянуем пазнаёміць зацікаўленых асобаў больш падрабязна з гульнёй, правядзём некалькі тэст-драйваў, і людзі змогуць самі пагуляць, выказаць свае меркаваньні, паспрабаваць сам праект да таго, як ён выйдзе ў сьвет.

У гарадзенскай «Краме Ц»

У гарадзенскай «Краме Ц»

— Вы таксама ствараеце і дзіцячыя гульні?

— Так, гэта гульня «Гаспадар цмокаў». Мала хто ведае, але людзі найперш прыручылі не каня, не сабаку, а менавіта цмока. І самым ганарыстым быў той, хто меў у сваёй гаспадарцы 5 цмокаў, але каб гэта зрабіць — гэта ня так проста. Такая дзіцячая вясёлая забаўляльная сямейная гульня. Магчыма, калі мы зьбяром дастаткова грошай на «Мову», то адначасова выдадзім дзьве гульні.

— Вы сказалі, што распрацоўваеце гульні не адзін, а з цэлай камандай. Хто вам дапамагае?

— Мы стварылі ў Горадні творчае таварыства — А4. Гэта я і яшчэ тры дызайнэры, разам мы і працуем. Гэта добрыя, творчыя, прафэсійныя людзі, паводле прафэсіі мастакі і дызайнэры, якія любяць настольныя гульні, нашу культуру і беларускую мову, і ім цікава гэтым займацца.

— З вашага досьведу — беларусы азартныя людзі?

— Мы летам часта праводзілі гульні ў парку, прапаноўвалі проста пагуляць, грошай ня бралі. І вось цікава, што напачатку людзі адмаўляюцца, потым празь некаторы час вяртаюцца і сядаюць гуляць, а празь дзьве гадзіны іх ужо не адарваць. Проста самі настольныя гульні — яны падкупляюць, яны даюць людзям камунікацыю, той самы азарт, і гэта людзям падабаецца. І, згуляўшы першы раз, людзі да нас прыходзяць ізноў. Але абавязкова трэба згуляць першы раз.

У гарадзенскай «Краме Ц»

У гарадзенскай «Краме Ц»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG