Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Надзеі Дударэнкі забралі ўсыноўленых дзяцей. Жанчына плача: «Гэта выкраданьне»


Надзея Дударэнка з сынамі Андрэем і Альбэртам, фота 2013 году

Надзея Дударэнка з сынамі Андрэем і Альбэртам, фота 2013 году

Цяганіга аддзелу адукацыі Сьветлагорскага райвыканкаму, якая вялася больш як тры гады з Надзеяй Дударэнкай, маці сямі прыёмных і ўсыноўленых дзяцей, скончылася поўнай перамогай уладаў.

12 лістапада ў Надзеі забралі дваіх апошніх дзяцей — усыноўленых цяпер ужо чацьвёртаклясьнікаў Альбэрта і Андрэя.

«Раніцай дзеці паехалі ў школу ў суседнюю вёску Прудок, а на пачатку адзінаццатай гадзіны да мяне прыйшлі судовы выканаўца і двое міліцыянтаў і заявілі, што дзеці дадому ня вернуцца — іх са школы забралі ў прытулак», — апавяла Надзея Дударэнка.

Жанчына ня стрымлівае сьлёз:

Гэта расправа, помста за крытыку, за тое, што я не маўчала, калі маіх дзяцей білі ў Парыцкай школе, абражалі, прыніжалі.

«Гэта — выкраданьне. Забралі ўсыноўленых хлопчыкаў са школы, як мінулым разам прыёмных дзяцей. Без папярэджаньня, без дакумэнтаў, без асабістых рэчаў — яны ж там месца сабе не знаходзяць. Я зараз пішу лісты ў Генэральную пракуратуру, у іншыя інстанцыі. Дэпутатам парлямэнту ад Гомельшчыны адправіла паведамленьні. Гэта расправа, помста за крытыку, за тое, што я не маўчала, калі маіх дзяцей білі ў Парыцкай школе, абражалі, прыніжалі».

Альберта і Андрэя Надзея Дударэнка выхоўвала з трох гадоў. На пачатку гэтага года Сьветлагорскі аддзел адукацыі зьвярнуўся у суд з пазовам распачаць працэдуру адмены ўсынаўленьня Надзеяй Дударэнкай двух апошніх хлопчыкаў — Альбэрта й Андрэя.

Канфлікт з Парыцкай сярэдняй школаю, дзе пачыналі вучыцца дзеці Дударэнкі, пачаўся праз тое, што адна з настаўніц пабіла прыёмнага хлапчука за кепскі почырк. Надзея Іванаўна не змаўчала. Пазьней — стала дамагацца, каб прыёмным дзецям улады надавалі больш увагі. Патрабавала падвозу дзяцей, высьвятляла, як расходуюцца бюджэтныя сродкі на падтрымку дамоў сямейнага тыпу. Шматдзетная маці лічыць, што гэта прыйшлося не даспадобы раённым чыноўнікам. У Дударэнкі спачатку адабралі пяцёх прыёмных дзяцей, а потым узяліся за ўсыноўленых хлапчукоў.

Андрэй і Альберт, прыёмныя дзеці Надзеі Дударэнкі, фота 2013 году

Андрэй і Альберт, прыёмныя дзеці Надзеі Дударэнкі, фота 2013 году

Ад 15 кастрычніка 2013 году Альберт і Андрэй не наведвалі Парыцкую школу, а займаліся дома. Асьцерагаючыся за іх здароўе, Дударэнка дамаглася індывідуальнага навучаньня. Два гады яны вучыліся дома, хаця дырэкцыя школы сьцьвярджае, што хлапчукам дазволена было навучацца дома толькі год. Надзея Дудрэнка, у сваю чаргу, заяўляе, што тэрміны ніхто не вызначаў: у школе проста спалохаліся за пабоі ды атрыманыя траўмы — і хуценька перавялі хлапчукоў на індывідуальнае навучаньне. А праз год прэтэнзіі да Дударэнкі аднавіліся.

Адміністратары ад адукацыі разам з камісіяй па справах непаўнагадовых Сталі вінаваціць Дударэнку ў невыкананьні закону аб адукацыі, злоўжываньні бацькоўскімі правамі. Цэнтар карэкцыйнага навучаньня яна праігнаравала, на выклікі ў школу не зьяўлялася, пэдагогаў дадому не пускала. Дударэнку, якая вырасьціла сваіх чацьвярых пасьпяховых дзяцей, паставілі на ўлік як сям’ю, у якой усыноўленыя хлапчукі знаходзяцца ў «сацыяльна небясьпечным становішчы».

Надзея таксама не маўчала, скардзілася. Працягвала адначасова даказваць, што сьветлагорскія ўлады беспадстаўна адабралі ў яе пяцёх прыёмных дзяцей. І аргумэнты прыводзіла «забойныя»: маўляў у іншых званых дамах сямейнага тыпу была пэдафілія (факты такія сапраўды мелі месца) — і аддзел адукацыі гэтага не заўважаў. А да яе чапляюцца за тое, што ручнік у хаце вісіць няроўна. Указвала і на парадоксы: прыёмных дзяцей у яе адабралі, а ўсыноўленых дазволілі навучаць самой па індывідуальнай праграме.

Надзея Дударэнка

Надзея Дударэнка

Праз Сьветлагорскі раённы суд аддзел адукацыі райвыканкаму рэкамэндаваў Надзеі Дударэнцы прайсьці спэцыяльную экспэртызу, ад якой яна адмовілася, баючыся, што ў такіх варунках можа атрымаць нэгатыўную характарыстыку. У такім разе і апошніх дзяцей немінуча забяруць — і ўжо нічога нікому не дакажаш.

Адмова ад экспэртызы дала падставу суду прыняць рашэньне аб адмене ўсынаўленьня Альберта і Андрэя, хаця сёлета Надзея аддала іх вучыцца ў Прудкоўскую базавую школу — за дзесяць кілямэтраў ад Парычаў. Аднак гэта ніяк не паўплывала на сытуацыю з адменай усынаўленьня.

Наглядная скарга Дударэнкі на рашэньне раённага суду адносна адмены ўсынаўленьня знаходзіцца ў Вярхоўным судзе. Маці быў дадзены тыднёвы тэрмін дзеля добраахвотнай перадачы Альберта і Андрэя ў прытулак, і тэрмін гэты заканчваецца 14 лістапада. Аднак, не дачакаўшыся ўказанага дня, улады забралі Альберта і Андрэя Дударэнкаў у дзіцячы прытулак наўпрост са школы.

XS
SM
MD
LG