Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ды колькі ж можна нас абдзіраць?» — магілёўцы пра падатак на даходы ад дэпазытаў


«Аляксандар Лукашэнка сваім дэкрэтам абклаў 13-працэнтным падаткам даходы ўкладчыкаў ад дэпазытаў. Як вы да гэтага ставіцеся? Ці адаб’ецца гэта на вашых намерах трымаць грошы ў банку?». Адказвалі жыхары Магілёва.


— З банкамі зусім ня варта цяпер мець справу. Колькі абрабавалі банкі людзей, дык бандыты столькі не нарабавалі. Банкі — гэта ўзаконены рабунак. На іх нельга паскардзіцца нават у міліцыю. Што тут добрага? Грошай няма ў дзяржавы, цяпер будуць драць за паветра ды за ўсё.

— У мяне пэнсія дужа маленькая, і такой праблемы ў мяне няма. Аднак тое, што ў нас адбываецца ў розных кірунках, у мяне выклікае толькі ўхмылку. Ім жа трэба дзесьці браць грошы — вось яны і бяруць. Стаўлюся да гэтага выключна нэгатыўна.

— Як па мне, дык у гэтым ёсьць нешта супраць асобы. Такое адчуваньне, што гэтым ушчамляецца чалавек. Вядома ж, і не панясу, і не ўхваляю. А наагул лічу, што нам патрэбны новы прэзыдэнт. Па-новаму ўжо час жыць.

— Адмоўна ставімся, бо нас ужо і так абабралі як маглі. А цяпер яшчэ і з гэтага зьбіраюцца зьдзіраць. Мы ў банкі не зьвяртаемся. Там толькі наша пэнсія. Пэнсіянэры калі і кладуць грошы, дык толькі на сьмерць. Больш ні на што.

— Дзякуй ім, што пакінулі выбар. Значыць, не панясу. Грошы ж можна захоўваць і дома, і нікому не плаціць за працэнты. Для мяне, як простага абывацеля, дык такое рашэньне — трызьненьне нейкае. Гэтак быць ня можа.

— Я нешта ўжо такое чула, але пакуль не зразумела, што гэта азначае. Я ня ведаю, што сказаць: добра гэта ці кепска. Сытуацыя напружвае крыху. Пакуль разумееш, што класьці ў банк грошы ня трэба, бо незразумела.

— Гэта такая дурата. Толькі абдзіраюць народ, і ўсё. У нас цяпер крэдыты пад 49 працэнтаў. Дзе такое яшчэ ёсьць? Гэта трызьненьне нейкае. Пакуль «лысага» ня скінем, нічога добрага ня будзе.

— Я ня думала пра гэта. У мяне грошы ня ў банках, а ў крэдытах — іх большая частка, таму мяне гэта ніяк ня тычыцца.

— Я выбачаюся, а зь якога перапуду? Мы ж плацілі за гэтыя грошы. Трэба прадпрыемствы падымаць, а ня з тэлевізара казаць, што яны паднятыя ўжо.

— Над гэтым трэба падумаць. Вядома ж, крыўдна — за свае ж грошы і яшчэ раз плаціць...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG