Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне дэпутаты шукаюць шляхі, як прысвоіць званьне Героя Ўкраіны Жызьнеўскаму


Міхаіл Жызьнеўскі на Эўрамайдане ў Кіеве

Міхаіл Жызьнеўскі на Эўрамайдане ў Кіеве

Вярхоўная Рада Ўкраіны 12 лістапада ўключыла ў парадак дня праект закону аб ушанаваньні памяці беларуса Міхаіла Жызьнеўскага, які загінуў 22 студзеня 2014 году падчас Рэвалюцыі годнасьці ў Кіеве.

Ініцыятарамі адпаведнага праекту закону сталі дэпутаты Сцяпан Кубіў, Андрэй Парубій, Андрэй Кажамякін, Максім Бурбак, Юры Луцэнка, Ірына Герашчанка, Юлія Цімашэнка, Аксана Сыраід ды Іван Рыбак.

У прыватнасьці, дэпутаты прапануюць прысвоіць Міхаілу Жызьнеўскаму пасьмяротна званьне Героя Ўкраіны, не прымяняючы патрабаваньне артыкула 6 Закону Ўкраіны «Пра дзяржаўныя ўзнагароды», згодна зь якім такое званьне могуць атрымаць толькі грамадзяне Ўкраіны.

Дэпутаты хочуць, каб на падставе гэтага закону парлямэнт зьвярнуўся да прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі з прапановай ушанаваць Міхаіла Жызьнеўскага званьнем Героя Ўкраіны (пасьмяротна).

«Эўрамайдан, Эўрарэвалюцыя, Рэвалюцыя Годнасьці — гэтыя тэрміны сёньня сталі неад’емным складнікам у гісторыі пабудовы ўкраінскай дзяржаўнасьці. Падчас Рэвалюцыі Годнасьці ідэалы дэмакратыі, правоў і свабодаў чалавека, эўрапейскі выбар Украіны адстойвалі ня толькі грамадзяне Ўкраіны. Сярод актыўных удзельнікаў Эўрамайдану быў і беларускі грамадзянін Міхаіл Жызьнеўскі, сябар Самаабароны Майдану. Падчас Рэвалюцыі Годнасьці ён выявіў грамадзянскую мужнасьць, сілу духу і гераічнае самаахвяраваньне, аддаўшы сваё маладое жыцьцё за эўрапейскую будучыню Ўкраіны», — такім чынам дэпутаты абгрунтавалі неабходнасьць прыняцьця закону.

У той жа час у Галоўным навукова-экспэртным упраўленьні Вярхоўнай Рады, у якім праходзяць экспэртызу ўсе законапраекты, зазначылі, што ў цэлым падтрымліваюць ідэю аб прысваеньні званьня Героя Ўкраіны Міхаілу Жызьнеўскаму, але дэпутаты абралі «некалькі некарэктны» спосаб вырашэньня гэтага пытаньня.

«Законапраект, у якім прапануецца фактычна вырашыць канкрэтнае пытаньне, ня ў поўнай меры адпавядае патрабаваньням, якія прад’яўляюцца да закона як нарматыўна-прававога акта вышэйшай юрыдычнай сілы», — гаворыцца ў высновах упраўленьня.

Паводле экспэртызы, Вярхоўная Рада Ўкраіны ня мае паўнамоцтваў дазваляць органам дзяржаўнай улады, у тым ліку прэзыдэнту Ўкраіны, не прымяняць нормы дзейных законаў.

На думку экспэртаў, дзейны закон «Пра дзяржаўныя ўзнагароды» не выключае магчымасьці ўзнагароджаньня іншаземцаў і асобаў без грамадзянства дзяржаўнымі ўзнагародамі. «У сувязі з гэтым паднятае ў законапраекце пытаньне павінна вырашацца шляхам унясеньня адпаведных зьмяненьняў у артыкул 6 Закона Ўкраіны «Пра дзяржаўныя ўзнагароды», — падкрэсьліваецца ў экспэртызе законапраекту.

Нягледзячы на гэтую выснову, дэпутаты з другой спробы ўхвалілі рашэньне разгледзець законапраект у сэсійнай залі. Канчаткова лёс гэтай заканадаўчай ініцыятывы ўкраінскіх дэпутатаў вызначыцца толькі пры галасаваньні, якое можа адбыцца заўтра на паседжаньні парлямэнту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG