Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар Re:Public пра канфлікт з Будкіным: справа не ў акрэдытацыі Белсату, а ў здымцы без узгадненьня


Падчас канцэрту ў клюбе Re:Public, архіўнае фота

Падчас канцэрту ў клюбе Re:Public, архіўнае фота

Партал tuzin.fm заявіў, што распачынае байкот клюбу Re:Public і больш ня будзе асьвятляць яго мерапрыемствы. Прадстаўнікі парталу заяўляюць, што прычына — стаўленьне кіраўніцтва клюбу да журналістаў.

Паводле tuzin.fm, канфлікт здарыўся 11 лістапада на канцэрце гурту Nizkiz.

«Дырэктар Re:Public Андрэй Старцаў перашкодзіў ажыцьцяўленьню прафэсійных абавязкаў журналістам Сяргею Будкіну і Яўгену Шапчыцу, якія здымалі сюжэт пра магілёўскую каманду для тэлеканалу „Белсат“. Камэру загадалі выключыць, мікрафон схаваць і ня весьці здымкі мерапрыемства. Ад афіцыйных тлумачэньняў з гэтай нагоды Андрэй Старцаў і арганізатар мерапрыемства Віталь Супрановіч адмовіліся. У прыватнай размове кіраўнік Re:Public заявіў, што тэлеканалу, які ня мае акрэдытацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, нельга заходзіць у ягоную „кватэру“.

Tuzin.fm далучаецца да „Белсату“. Асьвятляць мерапрыемствы ў гэтым клюбе надалей мы ня будзем празь непавагу да журналістаў. Просім падтрымаць байкот іншых калегаў і перапрашаем музыкаў, у якіх на гэтай пляцоўцы плянуюцца выступы», — гаворыцца ў заяве парталу.

У размове з карэспандэнтам Свабоды Андрэй Старцаў заявіў, што журналісты пачалі здымкі, не спытаўшыся ў яго на гэта дазволу.

— Справа ў тым, што ўсю сваю працу прадстаўнікі СМІ ўзгадняюць з кіраўніцтвам клюбу. У гэтым выпадку нічога не было ўзгоднена, таму я пачаў пытацца, чаму яны вядуць здымкі. Усё гэта перарасло ў размову на павышаных тонах, і я папрасіў іх не працаваць і ў наступны раз узгадняць сваю працу з кіраўніцтвам клюбу. Зрабіць акрэдытацыю альбо хаця б праінфармаваць кіраўніцтва, што будуць працаваць журналісты. Я Сяргея даўно ведаю і проста спытаў яго, чаму ён мяне не папярэдзіў пра тое, што будзе працаваць, як гэта робяць усе астатнія СМІ.

Я толькі спытаўся: чаму ён без дазволу, без узгадненьня працуе ў мяне ў памяшканьні, за якое я плачу свае грошы?

— У СМІ паведамляецца, што Сяргей Будкін меў акрэдытацыю...

— Ня ведаю, ён мне не паказаў ніякай акрэдытацыі.

Што да акрэдытацыі «Белсату», Андрэй Старцаў сказаў, што яму няма розьніцы, акрэдытаваны гэты тэлеканал у Беларусі ці не:

— Я яму сказаў: калі б я прыйшоў да цябе дадому і пачаў здымаць? Гэта тое ж самае, што і мая найманая кватэра, за якую я плачу грошы. Я прывык, што ўсе тэлеканалы заўсёды ў нейкай форме ўзгадняюць здымкі. Усе пытаюцца дазволу, незалежна ад таго, хто арганізатар, хто выступае, незалежна ад таго, які тэлеканал ці прыватная здымачная група. Усе заўсёды ўзгадняюць, і гаворка ішла толькі пра гэта з майго боку. А ён неяк інакш гэта зразумеў. Я толькі спытаўся: чаму ён без дазволу, без узгадненьня працуе ў мяне ў памяшканьні, за якое я плачу свае грошы? Але гэта ня мае ніякай сувязі з тым, што тэлеканал, як выявілася, ня мае акрэдытацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG