Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пакупнікоў няма, гандляры ў роспачы


На Цэнтральнм рынку ў Горадні

На Цэнтральнм рынку ў Горадні

Хоць засталося менш за два месяцы да таго, як гандляры ня змогуць гандляваць без накладных і сэртыфікатаў, многія зь іх нават не цікавяцца новаўвядзеньнямі, а шмат хто кажа, што гандаль пара спыняць.

У будні на гарадзенскіх рынках нешматлюдна, пакупнікоў адзінкі, многія гандлёвыя месцы пустуюць. Сярод гандляроў пануюць дэпрэсіўныя настроі, людзі ня ведаюць, што зь імі будзе далей. Разумеюць, што пасьля Новага году, магчыма, страцяць працу, а ўладкавацца на новае месца, каб магчыма было годна жыць, — праблематычна.

Спадар Васіль на «Цэнтральным» рынку гандлюе мужчынскім адзеньнем. Кажа, што за дзень цяпер, здараецца, і нічога не прадасьць, мусіць таптацца на адным месцы.

— Пакупнікоў няма, лазяць толькі падаткоўцы і на кантрольных закупах штрафуюць. Народ, карацей, выжывае — хто закрываецца, хто так не працуе... А падаткоўцы нам у вочы кажуць, што яны незадаволеныя, бо падаткаў мала плацім. Раней даходзіла з чалавека да 4 мільёнаў, а цяпер каля 700 тысяч. А бюджэт, маўляў, трэба папаўняць. Ніхто ж не глядзіць, што многія прадпрымальнікі паспынялі дзейнасьць, шмат месцаў на рынку пустуе...

Да нашае размовы далучаецца спадар Валеры і з гэткім а пэсымізмам дадае, што ў сёньняшніх умовах праблематычна стала зарабляць нават і тым, хто мае сэртыфікаты і астатнія неабходныя дакумэнты. Пакупніцкая здольнасьць насельніцтва зьнізілася амаль да нуля, і нічога не паказвае на тое, што сытуацыя бліжэйшым часам можа зьмяніцца.

— Ну, усё, людзі папросту ня змогуць працаваць — чаго хацелі, таго і дамагліся. Мы не жывём, а папросту існуём. Цяжка, вельмі, вельмі, вельмі... Гэта яшчэ добра, што хоць не аднаму мне так цяжка... У мяне гэтыя сэртыфікаты ёсьць, але, думаю, пасьля Новага году гэты рынак зачыніцца. Ну бо ня будзем мы тут толькі некалькі чалавек стаяць, яго папросту зьнясуць.

Дадае спадарыня Сьвятлана, яна гандлюе жаночай вопраткай:

— Справа ў тым, што ў людзей няма грошай і заробкі ўсё ніжэйшыя і ніжэйшыя. Які можа быць тавар, калі многім на харчаваньне не хапае? Людзі ходзяць і шукаюць дзе што купіць на якім распродажы. Ну, вядома, калі дзецям трэба нешта купіць, то ідуць, бо інакш нельга, але таксама выбіраюць самае таннае. Ня ведаю, што там будзе са студзеня, але ўжо і цяпер гэтыя дакумэнты ніхто ня робіць, бо і нерэальна. А потым, людзі ўжо і не стараюцца, бо ня бачаць сэнсу.

Цікаўлюся ў прадпрымальнікаў — ці атрымалі яны нейкую палёгку ад таго, што ўлады зрабілі магчымым набываць тавары на дзяржаўных аптовых базах, дзе выдаюцца і ўсе неабходныя дакумэнты?

Спадар Юры, спасылаючыся на афіцыйныя СМІ, распавядае, што гэтыя аптовыя базы па выніках праверак Дзяржкантролю да працы з прадпрымальнікамі не гатовыя. Больш за тое, ён перакананы, што ва ўсім сьвеце гандаль прадукцыяй лёгкай прамысловасьці дзяржавай не кантралюецца, а гэтым займаюцца самі прыватныя прадпрымальнікі.

— Гэта ўсё бутафорыя, і нават самы няздольны прадпрымальнік ня будзе ў іх нічога браць, бо потым гэтага нічога не прадасі, бо гэты тавар ёсьць ва ўсіх дзяржаўных кропках. Ну як ты прадасі, калі гэта ёсьць паўсюль? Таму, у прынцыпе, мы і вязём з гэтых «чаркізонаў» хоць і таксама не першаклясны тавар, але прынамсі візуальна нешта новае. Бо нашаму народу, ну як — няхай хоць будуць не пад’еўшы, але выглядаць павінны па-амэрыканску. Нашаму народу гэта, напэўна, яшчэ на доўгія вякі патрэбна будзе.

Сяргей Верамеенка

Сяргей Верамеенка

Грамадзкі актывіст Сяргей Верамеенка, які неаднойчы бараніў правы прадпрымальнікаў, цяпер зьбірае подпісы пад калектыўным зваротам з патрабаваньнем адмяніць пастанову Саўміну і Нацбанку пра тое, што індывідуальныя прадпрымальнікі мусяць абавязкова паўсталёўваць плацёжныя тэрміналы

Ён кажа, што і дробныя гандляры, якіх гэтая пастанова пакуль ня тычыцца, ахвотна ставяць свае подпісы, бо кажуць, што ў наступным годзе падобнае могуць зрабіць і для іх. Верамеенка дадае, што такога цяжкага стану ў дробных гандляроў яшчэ ніколі не было, і іхняя дзейнасьць, паводле яго, насамрэч на мяжы выжываньня.

— Многія ўжо пераходзяць альбо на абмежаваную працу, гэта значыць працуюць толькі ў пятніцу, суботу, нядзелю, альбо наагул закрываюць дзейнасьць, бо ідзе папросту чыстая страта. І вось такое замкнёнае кола: і ісьці няма куды, і лепшай працы няма, і свая праца не зусім добрая.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG