Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У дзень галасаваньня 11 кастрычніка Радыё Свабода праводзіла тэлемарафон, у якім удзельнічаў таксама і я. Вядучы Віталь Цыганкоў задаў пытаньне пра палітычныя пэрспэктывы Тацяны Караткевіч. Я адказаў у тым сэнсе, што ўсё вельмі няпэўна. Адразу пасьля гэтага слова далі Міколу Статкевічу, які абрынуўся на мяне. Маўляў, як можна ўвогуле гаварыць пра пэрспэктывы марыянэткі?

Гэтую тэму Мікола Статкевіч працягнуў у інтэрвію «Хартыі» 10.11.2015 г. Спачатку ён пацьвердзіў сваю ранейшую выснову: «Чаго граху таіць — ня можа быць у Беларусі незалежных сродкаў масавай інфармацыі». Потым канстатаваў: «Асьвятленьне СМІ гэтых прайшоўшых тыпу выбараў і тыпу альтэрнатыўных кандыдатаў, фіктыўных супернікаў Лукашэнкі, было часткай спэцапэрацыі, арганізаванай уладамі». І ў гэтай спэцапэрацыі, як можна зразумець Міколу, удзельнічалі і незалежныя мэдыі.

Больш за тое, паводле Статкевіча, і незалежная сацыялёгія працуе пад кантролем уладаў. А пра незалежных аналітыкаў ужо і казаць няма чаго. Тут Мікола зноў дзеля ілюстрацыі свайго тэзісу зьвярнуўся да маёй асобы, хоць прозьвішча і не называў. Прабачце за вялікую цытату, але яна таго вартая:

«Напэўна, гэта тое, што называецца наўмысным увядзеньнем у зман. Але я кажу ня толькі пра мэдыі. Мэдыі хай сабе — трэба офіс захоўваць, трэба ў друкарні друкавацца. Ёсьць яшчэ аналітыкі, у якіх ручка, нататнік, кампутар...

Сьмешная сытуацыя: людзі глыбакадумна разважаюць пра палітычныя пэрспэктывы і дзеяньні марыянэткавых фігур, ведаючы (яны ж ня дурні), што гэта марыянэткі. Навошта яны гэта робяць? Якія матывы? Што іх падштурхнула? У мяне няма гатовых адказаў на гэтыя пытаньні. Але, напэўна, грамадзтву пара задавацца гэтымі пытаньнямі.

Мяне забіла адна фраза. Псэўдакандыдат у прэзыдэнты выступае, а аналітык заяўляе: „Сёньня нарадзіўся новы палітык“. Гэта ж кандыдат у прэзыдэнты, яго месяц таму зарэгістравалі, а ён толькі сёньня нарадзіўся! Спачатку палітык нараджаецца, падымаецца па нейкай палітычнай лесьвіцы — кіраўнік такой і такой арганізацыі, дэпутат мясцовага савету, кіраўнік абласной арганізацыі, сябра бюро або камiтэту, старшыня партыі — і толькі потым становіцца кандыдатам. А тут: спачатку кандыдат, а потым нарадзіўся. Для нармальнага чалавека, нават не аналітыка, адразу відаць неадпаведнасьць. А як жа так сталася, што непалітык стаў кандыдатам? Хто яго зрабіў кандыдатам? За якія заслугі? Зь якой мэтай? Паважаны аналітык гэтага ня кажа.

Калі гэта пачуў, падумаў: улада амаральная, гідкая, атручвае ўсё навокал і прымушае інтэлігентных, прыстойных людзей зьдзяйсьняць непрыстойныя ўчынкі».

Карацей, «грамадзтву пара задавацца гэтымі пытаньнямі», выкрыць, вывесьці незалежных аналітыкаў на чыстую ваду.

«Навошта яны гэта робяць? Якія матывы? Што іх падштурхнула? У мяне няма гатовых адказаў на гэтыя пытаньні», — кажа Мікола. Падаецца, ён тут трохі прыбядняецца і далікатнічае. Бо насамрэч мае адказы на гэтыя пытаньні, і ў згаданым інтэрвію недвухсэнсоўна на іх намякае. Канечне, усе гэтыя псэўдакандыдаты, псэўдажурналісты, псэўдасацыёлягі і псэўдааналітыкі — схаваныя агенты ўлады, КДБ. Мікола, верагодна, лічыць, што прайшоўшы цяжкія, часам нечалавечыя выпрабаваньні, мае маральнае права на такія абвінавачаньні.

Мысьленьне, паводле якога любы чалавек, які мае іншую думку, абавязкова вораг і агент, — гэта страшная спадчына таталітарызму

Што тут сказаць? Я ведаю аднаго палітыка, які ўжо 21 год няспынна шукае ворагаў унутры краіны і за яе межамі. У сваёй апошняй прамове ён знайшоў іх нават у сваёй адміністрацыі і ўрадзе. Гэта аказаліся так званыя рэфарматары, а насамрэч, даў зразумець палітык, — платныя агенты зьнешніх сіл. Дарэчы, гэты палітык, заваяваўшы вышэйшую ўладу, якраз і не прайшоў усе тыя прыступкі палітычнай лесьвіцы, якія, як лічыць Мікола, павінен прайсьці кандыдат у прэзыдэнты. Гэта ілюстрацыя таго, што схема і рэальнае жыцьцё вельмі часта не супадаюць.

Вядома, што ў любым грамадзтве апазыцыя ёсьць люстэркам улады, толькі з адваротным знакам. Тут можна пагадзіцца, што «ўлада амаральная, гідкая, атручвае ўсё вакол». Мысьленьне, паводле якога любы чалавек, які мае іншую думку, абавязкова вораг і агент, — гэта страшная спадчына таталітарызму. Ворагаманія — цяжкая беларуская хвароба. Такое мысьленьне — яўна не эўрапейскае. Яно грунтуецца на чорна-белай, маніхейскай карціне сьвету, паводле якой хто ня з намі, той супраць нас, сярэдзіны не існуе, ёсьць дзьве думкі: мая і няправільная.

Было б паўбяды, калі б так думалі людзі ва ўладзе. Але высьвятляецца, што такой жа лёгікай кіруюцца і іхнія апанэнты. З такім поглядам на сьвет у Эўропе нам няма чаго рабіць.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG