Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМС-позвы з суду Статкевіч не атрымаў і быў асуджаны завочна


Мікола Статкевіч на акцыі каля КДБ

Мікола Статкевіч на акцыі каля КДБ

Мікола Статкевіч, які цяпер за мяжой, пра чарговы штраф, гэтым разам за акцыю ля будынку КДБ, даведаўся ад карэспандэнта Свабоды.

Міколу Статкевіча судзіла завочна і пакарала штрафам у 9 мільёнаў рублёў судзьдзя Вайтэховіч, якая значыцца ў эўрапейскім санкцыйным сьпісе.

Санкцыі цяпер замарожаныя, але гэта ніяк не паўплывала на вырак судзьдзі Вайтэховіч, заўважыў Мікола Статкевіч:

«Ніякіх зьменаў я і не чакаў. Бо судзьдзяў у нас няма, судзіць адзін чалавек, мэта якога — напалохаць нас перад наступнай акцыяй, якая адбудзецца 24 лістапада. 24 лістапада 1996 году, калі адбыўся рэфэрэндум, Беларусь ступіла на нецывілізаваны шлях, і мы мусім з гэтым змагацца, каб вярнуць Беларусь да дэмакратыі. Грамадзтва ў нас надзвычай запалоханае, але ўсё роўна людзі прыходзяць на акцыі. Гэта героі, бо яны пераадольваюць страх. Новая акцыя адбудзецца ў прызначаным фармаце — спачатку зьбяромся каля ГУМу, потым пойдзем да ўваходу ў МУС, а адтуль да Цэнтравыбаркаму. Мы ўскладзем кветкі і запалім зьнічкі ў памяць пра Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага. Трэба памятаць нашых герояў, якія аддалі жыцьці ў змаганьні з дыктатурай».

Мікалай Статкевіч дадаў, што позву ў суд яму і гэтым разам так і не даслалі. Адвакату Статкевіча ў Менскім гарадзкім судзе паведамілі, што палітыка выклікалі ў суд праз СМС. Між тым Статкевіч кажа, што такіх паведамленьняў не атрымліваў.

XS
SM
MD
LG