Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі змагаюцца зь імпартам лекаў, шкодзячы здароўю беларусаў


Газэта «Народная Воля» правяла расьсьледаваньне, у якім сьцьвярджае, што пасьля Новага году зь беларускіх аптэк могуць зьнікнуць шмат якія прэпараты замежнай вытворчасьці.

У публікацыі «Народнай Волі» сьцьвярджаецца, што чыноўнікі ствараюць сьпісы імпартных прэпаратаў, на шляху якіх у Беларусь пастаўленыя адміністрацыйныя перашкоды. На думку спэцыялістаў, у гэтым пераліку — найбольш папулярныя ў насельніцтва лекі.

Загадчыца адной з аптэк сеткі «Мінская Фармацыя» на ўмовах ананімнасьці тлумачыць, чаму так часта апошнім часам узьнікае дэфіцыт імпартных лекаў:

«Таму што пастаўкі імпарту ў дзяржаўныя аптэкі ўжо даўно істотна скарочаныя. Каля 60% нашага асартымэнту — гэта беларускія лекі. Нам практычна не пастаўляюць імпартных прэпаратаў, калі ёсьць беларускія аналягі. Імпарт, які замяніць няма чым, завозяць. Але і яго колькасьць абмежаваная. Вось зараз пачаўся сэзон прастудаў. Мы атрымалі кроплі „Пінасол“ — іх разьмялі літаральна за два дні. Пакупнікі, вядома, абураюцца, і іх зразумець можна. У Менску можна пайсьці ў прыватную аптэку і купіць там, а што рабіць жыхарам маленькіх райцэнтраў, вёсак, дзе бліжэйшыя прыватныя аптэкі за 100 кілямэтраў? Іх, па сутнасьці, пазбавілі выбару, чым лячыцца».

Камэрцыйны дырэктар кампаніі, якая займаецца аптовымі пастаўкамі імпартных прэпаратаў у Беларусь, сказаў, што дыстрыб’ютарам і раней рэкамэндавалі менш увозіць імпарту, скарачаць пастаўкі прэпаратаў, аналягі якіх ёсьць у Беларусі.

«Цяпер даходзіць да абсурду, толькі б выканаць даручэньне прэзыдэнта. Ужо нават тыя прэпараты, якія не вырабляюцца на тэрыторыі Беларусі, але папулярныя ў насельніцтва і добра прадаюцца, па сутнасьці, забараняюць. Складзены сьпіс імпартных лекаў і спушчаны ў кантрольна-аналітычныя лябараторыі, якім дадзена ўказаньне зацягваць сэртыфікацыю новых паставак дадзеных прэпаратаў у Беларусь. Гэты сьпіс дыстрыб’ютары называюць паміж сабой „стоп-лістом“, ён зьявіўся ў канцы жніўня і нідзе не апублікаваны. Але адбылася ўцечка, і нядаўна фірмы, якія займаюцца аптовымі пастаўкамі, яго займелі».

XS
SM
MD
LG