Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі за сэрыю згвалтаваньняў, учыненых на працягу 21 году, затрыманы 44-гадовы грамадзянін Расеі


Ад гвалтаўніка пацярпелі некалькі дзясяткаў чалавек, некаторыя зь іх — непаўналетнія.

Затрыманы за сэрыю згвалтаваньняў і іншых злачынстваў супраць жанчын у 1994–2015 гадах — 44-гадовы грамадзянін Расеі, кіроўца з Санкт-Пецярбургу. Ён жанаты, мае дзяцей. Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі 12 лістапада паведаміў намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня крымінальнага вышуку МУС Беларусі Віктар Юзэфовіч.

Злачынствы зьдзяйсьняліся на тэрыторыі Брэсцкай і Менскай абласьцей, а таксама ў Расеі.

Па словах прадстаўніка МУС, першыя заявы, зь якіх стаў зразумелы сэрыйны характар злачынстваў, пачалі паступаць ад пацярпелых у міліцыю ў 1999 годзе. Пазьней былі прааналізаваныя аналягічныя факты з 1994 году, і ўсе злачынствы аказаліся падобнымі. На сёньняшні дзень гаворка ідзе пра некалькі дзясяткаў пацярпелых. Некаторыя ахвяры — непаўналетнія.

Юзэфовіч паведаміў, што з 1999 па 2004 год у Беларусі было зарэгістравана некалькі дзясяткаў заяў аб згвалтаваньнях і іншых злачынствах, учыненых, як меркавалася, адным падазраваным. У 2004 годзе сэрыя спынілася. Чарговае згвалтаваньне было зарэгістравана ў кастрычніку 2014 году. Для пошуку злачынца на аснове паказаньняў пацярпелых і вызначанай групы крыві быў абраны масіў з 150 тысяч грамадзян.

З кастрычніка мінулага году было вывучана каля 30 тысяч чалавек. Затым аналягічнае злачынства здарылася ў Санкт-Пецярбургу, і, дзякуючы ўзаемадзеяньню з расейскімі калегамі, сёлета ў кастрычніку асоба падазраванага была ўсталяваная. Затрымалі яго ў Брэсцкай вобласьці з дапамогай спэцпадразьдзяленьня МУС «Алмаз» 1 лістапада.

Як паведаміў начальнік аддзелу па раскрыцьці злачынстваў супраць асобы Галоўнага ўпраўленьня крымінальнага вышуку МУС Аляксандар Турбан, затрыманы нарадзіўся ў Расеі, у Беларусі стала жыў з 1981 па 1989 год, затым зьяўляўся тут пэрыядычна, прыяжджаючы да сваякоў. Апошнія гады стала жыў у Санкт-Пецярбургу. Пры затрыманьні супраціву не аказваў, цяпер дае паказаньні.

Крымінальная справа ў дачыненьні да гвалтаўніка расьсьледуецца галоўным сьледчым упраўленьнем Сьледчага камітэту Беларусі. Як паведаміў сьледчы па асабліва важных справах Дзьмітры Курчэўскі, расейцу прад’яўленае абвінавачаньне паводле ч. 2 і 3 арт. 166 Крымінальнага кодэксу ў рэдакцыі 1999 году і ч. 2 арт. 115 Крымінальнага кодэксу ў рэдакцыі 1960 году.

Прадстаўнік СК адзначыў, што расьсьледаваньне крымінальнай справы асабліва актывізавалася ў 2014 годзе пасьля нападу на жанчыну ў Брэсцкай вобласьці. Ён упэўнены, што калі б шуканы быў грамадзянінам Беларусі, вылічыць і затрымаць яго ўдалося б даўно.

Прадстаўнікі МУС дадалі: асобу злачынца гэтак доўга не ўдавалася вызначыць яшчэ і таму, што пацярпелыя зьвярталіся ў праваахоўныя органы запозна, нярэдка толькі празь некалькі сутак, калі злачынец ужо пасьпяваў пакінуць Беларусь.

XS
SM
MD
LG