Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцэйская адпіска на беларускай мове


Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

Ці магчыма дамагацца беларускай мовы лістамі ў дзяржаўныя ўстановы? На што можна разьлічваць?

Знаёмую мастачку зачапіла, што ў гарадзенскім «авіры» няма абвестак на беларускай мове. І дайшла мастачка аж да дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі на Гарадзкім вале ў Менску. У адказ атрымала даўжэзную ведамасную інструкцыю, у канцы якой была «соль»: для грамадзянаў Беларусі інфармацыю друкуюць па-расейску, для замежнікаў — па-ангельску. Кропка. Хаця, чыноўнік робіць жэст: дазваляецца на месцы зрабіць абвесткі на трох мовах (на беларускай як апошняй) — «друкарскім спосабам або пры дапамозе кампутару шрыфтам ня менш 15 пт.»

Дык значыць, будзе беларускі куток? — падумалася мастачцы. Аднак наступны абзац скасаваў надзею: «Гэта выклікае неабходнасьць выдзяляць для разьмяшчэньня зьвестак для наведнікаў стэнды вялікай плошчы». І выснова: «Такім чынам, з улікам абмежаванай плошчы інфармацыйных стэндаў, у цяперашні час магчымасьць разьмяркоўваць для грамадзянаў інфармацыю на трох мовах: рускай, беларускай і англійскай, адсутнічае». А калі яна будзе «прысутнічаць»? Няма адказу.

Дык жа сутнасьць пытаньня была якраз у тым, каб выправілі становішча, каб напісалі па-беларуску. Далі каманду. Аказваецца, немагчыма. Не хапае сьцен для беларускіх слоў.

Чаму ў пашпартах сталі ставіць пячаткі на расейскай мове? — задае наступнае пытаньне гарадзенка, да нядаўняга часу хоць яны былі на беларускай. Адказ: тэксты на пячатках, штампах, штэмпэлях выконваюцца «на беларускай і (або — выдзелена чорным шрыфтам) рускай мовах». Бо «ўзоры штампаў зацьверджаны пастановай мінюсту». А мінюсту захацелася, каб было на расейскай.

Але кропка не пастаўлена: «Разам з тым, разумеючы ўсю важнасьць закранутых Вамі праблем, МУС гатова сумесна з Міністэрствам юстыцыі прапрацаваць пытаньне ўнясеньня ў пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь адзнак як на рускай мове, так і на беларускай». «Прапрацаваць». Гучыць салідна. Але сутнасьць праблемы ў тым, што былі штампы беларускія. Іх узялі і скасавалі. Але каб зноў вярнуць, прычым толькі часткова, трэба будзе «прапрацоўваць пытаньне». Калі, як? Невядома.

І яшчэ адно прынцыповае пытаньне задае гарадзенская мастачка: а чаму сайт міністэрства ўнутраных спраў – толькі па-расейску? Што ж, і на гэта яна атрымала міліцэйскі адказ: а таму, што ёсьць указ прэзыдэнта — «сайты дзяржаўных органаў павінны фарміравацца на рускай і (ці) беларускай мовах». А раз ён на рускай, то гэта «адпавядае патрабаваньням указа прэзыдэнта». Усё. Подпіс: «часова выконваючы абавязкі на пасадзе начальніка дэпартамэнту М.Грыб».

І апошняе: адказ гарадзенцы даслалі на беларускай мове. Значыць, умеюць, значыць валодаюць. Але месца для мовы сёньня няма. Паколькі іншай каманды не паступала.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG