Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч і два рускія сьветы


Сьвятлана Алексіевіч

Сьвятлана Алексіевіч

За городом вырос пустынный квартал
На почве болотной и зыбкой.
Там жили поэты, — и каждый встречал
Другого надменной улыбкой.

Аляксандр Блок


«Ну і актыўнасьць, — думаў горка, —
Такая з роду не была.
О, каб і творчая гаворка
На ўздыме гэтакім ішла!..»

Вядзьмак Лысагорскі


Трохі пра факты агульнавядомыя — каб увайсьці ў кантэкст. Нобэлеўская прэмія па літаратуры прысуджаецца з 1901 году. Узнагароджваньне не праводзілася толькі сем разоў: у 1914, 1918, 1935, 1940-1943 гадах. Сто сем ляўрэатаў былі мужчынамі. Наша суайчыньніца Сьвятлана Алексіевіч — толькі чатырнаццатая жанчына-ляўрэат. І, нягледзячы на несканчоныя спрэчкі ў Беларусі — а ці беларуская пісьменьніца Алексіевіч, якая піша па-руску? — значная частка тых, хто адмаўляе яе «беларускасьць», зьмякчыла сваю думку пасьля «нобэля». Або, прынамсі, цывілізавана павіншавала. Я цяпер кажу не пра форумных хамячкоў, фрыкаў, троляў і да т.п. — а пра публічных асобаў: яны ведаюць пра сваю адказнасьць. Таму што «Нобэль» для краіны — як ні круці, — гэта карона для каралевы. Нездарма цяпер увесь сьвет выстуквае ў Гугле імя «Belarus».

Юлія Чарняўская

Юлія Чарняўская

Што гэта значыць? Што на нас цяпер будзе накіраваны пільны позірк Эўропы і сьвету. Магчыма, гэта дасьць магчымасьць пабачыць новыя, пакуль невядомыя камяні ў навюткай беларускай кароне: эх, падбалі б аб перакладах Быкава і Барадуліна — глядзіш, іх было б ужо тры. Але магчымыя новыя, не адкрытыя яшчэ імёны... І новыя пераклады. І ўзьлёты: таму што ўвага сьвету падахвочвае чалавека да дзеяньня. Значна больш рэальнай стала эўрапейская вядомасьць для іншых беларусаў: адзначаная «Нобэлем» ці не — гэта ня важна. Прэмія Сьвятланы Алексіевіч адкрывае нас сьвету — ня толькі з боку Лукашэнкі і БАТЭ, але і з боку дасягненьняў культуры. І магчыма, больш ня трэба будзе тлумачыць іспанскаму служачаму на рэцэпцыі або амэрыканскаму мэнэджэру, дзе ж такая краіна — Беларусь.

Нобэлеўскі ляўрэат — бясспрэчны аўтарытэт, які можа «истину царям с улыбкой говорить»

Да ўсяго гэтага, нобэлеўскі ляўрэат — бясспрэчны аўтарытэт, які можа «истину царям с улыбкой говорить», і цары яго — хай зь неахвотай, але чуюць. З нобэлеўскім ляўрэатам даводзіцца лічыцца. І беларускія інтэлектуалы — крытыкі, літаратуразнаўцы, эсэісты, пісьменьнікі, — як правіла, гэта разумеюць: «за» яны ці «супраць».

Разумеюць і расейскія. І калі дэмаркацыйная лінія «Алексіевіч» для шмат каго з нас пасьля Нобэля згладзілася, то ў Расеі, наадварот, паглыбілася і прадэманстравала разрыў, які існаваў у Расеі зь пятроўскіх часоў: разрыў «почвенников» і «западников».

Ня буду, як сёньня заведзена, ганіць усю Расею ва ўсе часы. Не стану паўтараць мантру пра імпэрскія амбіцыі расейцаў, якія ўласьцівыя ім нібыта «генэтычна»: я знаёмая з многімі рускімі людзьмі, якія ня ведаюць, куды падзець вочы ад болю і сораму за тое, што цяпер адбываецца ў іх краіне. Гэта Макарэвіч навідавоку, а колькі людзей для нас не заўважныя? Нават калі іх усяго 15%, то ад 146 355 892 чалавек насельніцтва — выходзіць немалая лічба. Я нават ня буду ганіць ахвяр пуцінскай прапаганды: сядзі на троне Абама ці Мэркель, яны б з тым жа даверам ставіліся да іх, як цяпер — да Пуціна. Маўклівая большасьць у гэтым пытаньні падобная паўсюль. Важна — хто вядзе.

Але вядзе не толькі Пуцін, але і цьвет нацыі — інтэлектуалы. У Расеі, традыцыйна літаратурацэнтрычнай краіне, гэта, у першую чаргу, пісьменьнікі. Таму я буду казаць пра іх, а таксама пра крытыкаў, літаратуразнаўцаў, прафэсараў-гуманітарыяў і іх стаўленьне да беларускага «Нобэля» і набэліяткі. Таму што гэта квінтэсэнцыя такога расколу ў творчым асяродзьдзі, які нам, беларусам, нібыта «нацыі з расколатым мысьленьнем», і ня сьніўся. Мы — хоць на ўзроўні асабістых адносін не-не, дый знойдзем кампраміс. У Расеі — краіне велізарных прастораў і ўсялякіх крайнасьцяў — гэта нашмат больш складана. Так што крытыка і Нобэлеўскага камітэту, і Алексіевіч прыкра нагадвае бойку падчас застольля.

Сьпярша дамо слова «почвенникам» або «неопочвенникам»: ім паложана, яны больш прыродныя, брутальныя і, галоўнае, старажытныя па паходжаньні і «рускаму духу», уваскрашэньнем якога вельмі ганарацца. Якія прэтэнзіі яны выстаўляюць Нобэлеўскаму камітэту і самой Алексіевіч? Як і мае быць у правільным застольлі, пачнём са слабейшага градуса, а павышаць яго будзем паступова.

Прэтэнзія № 1. Жаночая проза

Чаму былы «Эдичка» вырашыў, што хатнія гаспадыні чытаюць Алексіевіч — загадка.

Вось жа, карыфэй Эдуард Лімонаў. Тое, што былы дысыдэнт перакаваўся ў нацболы, — не неспадзяванка. Чалавек, які не дамогся посьпеху на Захадзе, па праве героя вяртаецца на радзіму і абараняе яе так, што рукі трасуцца, а зубы скрыгочуць. Таму і сьцьвярджае: «Я не цаню, па-першае, Нобэлеўскую прэмію, а па-другое, не цаню і Сьвятлану Алексіевіч». Мае права. Неспадзяванка толькі ў тым, што Алексіевіч ён называе «зоркай для хатніх гаспадынь» і «траваеднай хатняй гаспадыняй». Чаму былы «Эдичка» вырашыў, што хатнія гаспадыні (у ягоным разуменьні, мабыць, усе яны сэнтымэнтальныя і дурныя) чытаюць Алексіевіч — загадка. Такія ўяўныя жанчыны, хутчэй, будуць чытаць «50 адценьняў шэрага». А калі ўспомняць пра прозу Лімонава — дык эпізод пра сэкс ягонага лірычнага героя з выпадковым цемнаскурым мужчынам, альбо іншы, дзе нейкая дама мастурбуе, прыпусьціўшы нячыстыя трусікі. Наўрад ці яны прачытаюць па-сапраўднаму добрую кнігу Лімонава «У нас была вялікая эпоха». Яе тэматыка ў чымсьці перагукаецца з матывамі Алексіевіч: маленькі чалавек у таталітарным сьвеце. Але здарыўся пераварот: цяперашні Лімонаў прагне менавіта гэтага, таталітарнага сьвету, а Алексіевіч — не. Баюся, толькі зайздрасьць можа засланіць вочы настолькі, каб можна было напісаць: «Адзіная праца пісьменьніцы, якая выклікала хоць нейкае ажыўленьне, — “Цынкавыя хлопчыкі”. Але гэта было ў канцы 1980-х, і кніга даўно састарэла». Па-першае, не адзіная, па-другое, пра якое састарэньне можа ісьці гаворка цяпер, калі рускія хлопчыкі зноў у баі? Зноў забіваюць. І іх забіваюць таксама. І прысылаюць дадому ў трунах.

Алексіевіч піша пра рэальнасьць вайны, Чарнобыля, Аўгану, краху імпэрыі. Гэтыя тэмы выдатна разумеюць у Эўропе, але іх развучыўся разумець Лімонаў. Ён заняты больш важнымі справамі, уладкоўвае Расею: клапоціцца аб перанясеньні сталіцы ў Паўднёвую Сібір, аб павышэньні падаткаў, увядзеньні падатку на раскошу і г.д.

Прэтэнзія № 2. Публіцыстыка

У гэтым адзначылася большасьць праціўнікаў «нобэля» для Алексіевіч: ад гарэзы Задорнава (які не пагрэбаваў адмачыць жарт з нагоды катастрофы зьбітага над Данбасам малайзійскага «Боінга-777») і фантаста Лазарчука — і да бліскучай Тацяны Талстой, якой я б з радасьцю дала любую прэмію, уключна з «нобэлем». Таму засмуціла адна фраза: «Я віншую яе, мільён даляраў яшчэ нікому кішэнь не адцягваў». Далей Тацяна Талстая тлумачыць сваю рэакцыю: «Гэтым рашэньнем Нобэлеўскі камітэт сказаў, што сыры магнітафонны запіс, малаапрацаваныя, непрывабныя тэксты цяпер цэняцца... Гэта характарызуе культурны ўзровень самага Нобэлеўскага камітэту». Я шчыра спадзяюся, што пасаж пра мільён у кішэні не характарызуе ўзровень Тацяны Талстой. Ня царская гэта справа... Думаю, усё больш складана: Талстая і па незабытым паходжаньні, і па стылістыцы, і па звычках — арыстакратка, сучасная, вядома, але тым ня менш. Сьвятлана Алексіевіч — і па паходжаньні, і па сутнасьці разначынец. Тыя «маленькія людзі» — недарэчныя векавухі, кампаньёнкі, адзінокія і няшчасныя, пра якіх піша Талстая, намаляваныя зь пяшчотай, зь любоўю, але і крыху звысоку. Не раўня: слабыя, якім моцны можа дапамагчы, а можа — і не, чым потым папракне сябе. А Алексіевіч піша пра гэтых людзей як пра роўню, яна сама — адна зь іх. Яна ім сястра. Роўнасьць — катэгорыя не арыстакратычная. Таму, мне здаецца, рэч менавіта ў клясавай непрыязі, а не ў мiльёне, які кішэнь не адцягвае.

Людміла Ўліцкая паступіла іначай: шчыра прызнаўшыся, што Алексіевіч — не яе пісьменьнік, павіншавала набэліятку, а таксама і рускую, і беларускую літаратуру. І дадала: «Сьвятлана Алексіевіч выдатна робіць тую справу, якую яна робіць». Гэта зразумелая і годная рэакцыя.

Да Праханава, Прылепіна і Лімонава, мабыць, на покліч душы далучыўся і яшчэ адзін «непочвенник», Вадзім Левенталь. Гэта малады пісьменьнік. На ягоным рахунку літаратурная крытыка, некалькі апавяданьняў і аповесьцяў і невялікі раман «Маша Рэгіна». Я чытала, калі выйшаў, два гады таму. Запомнілася нямногае: правінцыйная дзяўчына Маша становіцца знакамітым эўрапейскім кінарэжысэрам, а шчасьця ў жыцьці ўсё няма і няма. «Маша і тры мядзьведзі» (у сэнсе — тры мужчыны) — і з усімі ўсё дрэнна. І вось тлумачыць нам, някемлівым, аўтар у калёнцы «Известий», што «чалавек, які зьбірае і расшыфроўвае інтэрвію — гэта журналіст. Пісьменьнік — ён стварае гісторыі».

Праблема ў тым, што любая з гісторыяў Сьвятланы Алексіевіч кранае і цаляе ў цябе чулым словам значна больш, чым проза Левенталя. Таму што гісторыі ён стварае прыкладна так: «... чарада не падзей нават (якія ж гэта падзеі; размазьня адна), а чыстага, дыстыляваная жаху, — менавіта яна, мяркуючы па ўсім, і падштурхне Машу да думкі пра тое, што — зноў жа: гэта не была думка, гэта было прыцягненьне зямлі для ядра, якое ляціць (прывітаньне Стопарду) зь Пізанскай вежы, некаторая зьнешняя непазьбежнасьць таго, што — ёй трэба як мага хутчэй нарадзіць дзіця». Зразумела, што дакладнасьць і выразнасьць Алексіевіч такога пісьменьніка можа ўсур’ёз спалохаць.

Гэта, і праўда, самы просты шлях — абвінаваціць аўтара, які працуе ў жанры verbatim, у тым, што ён нічога ня робіць — толькі запісвае.

Алексіевіч ня проста запісвае — стварае поліфанічны гул галасоў, скрупулёзна камбінуючы, будуючы кампазыцыю трагедыі.

Але Алексіевіч ня проста запісвае — стварае поліфанічны гул галасоў, скрупулёзна камбінуючы, будуючы кампазыцыю трагедыі. «У сапраўднай трагедыі гіне не герой — гіне хор», — пісаў Бродзкі. Гэта можна было б паставіць эпіграфам да ўсёй яе творчасьці. Усе мы ведаем, што прыгожы кадар і нават добры актор — гэта не кіно, кіно — гэта шмат і шмат у чым рэжысэрскі мантаж, а ўжо дакумэнтальнае кіно...

Памятаеце, Адорна пытаўся: «Ці магчымая паэзія пасьля Асьвенціма?». Пасьля вайны, Аўгану, Чарнобыля, краху краіны, якую многія лічылі сваёй? Адамовіч, Брыль, Калесьнік, Гранін разумелі гэтую праблему. Часам прыдумляць і прыкладаць ад сябе — проста няёмка: такія ўжо гісторыі, пра якія «літаратурна» ў нашым звыклым разуменьні гэтага слова ня скажаш. Таму нон-фікшн (у прыватнасьці, verbatim — жанр Алексіевіч) становіцца ўсё больш папулярны — і ў сусьветнай літаратуры, і ў тэатры, а постсавецкая прастора па-ранейшаму «паперадзе плянэты ўсёй».

Дадам: нобэлеўскія прэміі па літаратуры ў гэтым стагодзьдзі былі прысуджаныя Тэадору Момзэну (за «Рымскую гісторыю»), Анры Бэргсону (за філязофскія кнігі), Бэртрану Расэлу (за філязофію і публіцыстыку), Уінстану Чэрчылю (за мэмуары). Наўрад ці тады хтосьці галасіў, трасучы кулакамі: «А Бібліі б вы таксама не далі Нобэля, гэта ж нон-фікшн нібы?» — пытаецца наконт гэтага расейскі пісьменьнік Ігар Сьвінарэнка. Гратэск, але праўда.

Чаму дакумэнтальны фільм можа атрымаць галоўны прыз Канскага фэстывалю, а проза, створаная на дакумэнтальнай аснове, ня можа атрымаць Нобэля? Напэўна, таму што — стоп, увага, зноў Левенталь: «Нягледзячы на тое, што фармальна Алексіевіч і беларускі журналіст (аргкамітэт назваў яе беларускай пісьменьніцай), але піша (расшыфроўвае) яна на рускай мове, і прэмію далі «у залік» рускамоўнай скарбонкі — цяпер справа да нас дойдзе ня хутка».

Вось яно што: праціўнікі беларускага Нобэля могуць называць у якасьці прэтэндэнтаў чые заўгодна імёны — самых годных Петрушэўскай, Бітава і Іскандэра — але ўсё роўна прымяраюць карону на сябе. У тым сэнсе, што, эх, няхутка, глядзіш, я і не дажыву да Нобэля. Можа, і не дажыве...

Паміж прэміямі Пастэрнаку і Шолахаву прайшло восем гадоў, паміж прэміямі Шолахаву і Салжаніцыну — пяць.

Дарэчы, наконт «не дадуць сваім» — гэта няпраўда, нягледзячы на расейскамоўнасьць Алексіевіч. Паміж прэміямі Пастэрнаку і Шолахаву прайшло восем гадоў, паміж прэміямі Шолахаву і Салжаніцыну — пяць. І гэта ўжо ня кажучы пра тое, што беларускі пісьменьнік — зь іншай краіны. Цікава, што б яны казалі, калі б на прэмію прэтэндавалі расейскамоўныя Марыям Петрасян (Армэнія), Алена Бачарышвілі (грузінка, якая жыве ў Канадзе) і Міхаіл Шышкін, які жыве ў Швайцарыі? Думаю, было б менш прэтэнзіяў. Таму што яны ня «нашы», а Алексіевіч, якая пісала пра дзьве вайны, павінна быць «наша, руская, раз беларуска», ажно вось думае і піша не па-нашаму. Тое, што «рускі» і «беларускі» для сьвядомасьці абывацеля адно і тое ж — гэта чакалася. Нечакана, што сынонімамі іх лічыць частка літаратурнай эліты.

Алексіевіч — спадкаемца некалькіх школ: зусім ня толькі рускай клясыкі, але і беларускай франтавой прозы, і заходняй экзыстэнцыяльнай літаратуры.

Алексіевіч — спадкаемца некалькіх школ: зусім ня толькі рускай клясыкі, але і беларускай франтавой прозы, і заходняй экзыстэнцыяльнай літаратуры. Вось дзьве апошнія часткі сынтэзу і раздражняюць. Для пуцінскага «рускага сьвету» Беларусь па-ранейшаму частка Расеі. «Малодшы» брат — здраднік «старэйшага». А Захад — вораг апрыёры.

Адсюль прэтэнзія № 3. Русафобія

Вось што піша сустаршыня Саюзу пісьменьнікаў Расеі Ўладзімір Крупін: «Нобэлеўскую прэмію заўсёды ўручаюць у сьвятле палітычных матываў... Заслужана ўручылі Нобэля толькі Шолахаву, дый тое з-за таго, што спалохаліся савецкіх ракет на Кубе... Прэмію ўручалі Буніну за яго «Акаянныя дні», дзе ён лае Расею, Пастэрнаку ўручылі за іншадумства, а так ён слабенькі празаік і не высокага кшталту паэт». Мяркуючы па ўсім, Пастэрнака Крупін так і не знайшоў час прачытаць, але асуджае. А Буніну прэмія была ўручана з фармулёўкай «за строгае майстэрства, зь якім ён разьвівае традыцыі рускай клясычнай прозы» і «за праўдзівы артыстычны талент, зь якім ён узнавіў у мастацкай прозе тыпова рускі характар». Сам Бунін лічыў, што яго ўзнагародзілі за «Жыцьцё Арсеньева».

На думцы Праханава і спыняцца не варта: Праханаў, як той казаў, ён і ў Афрыцы «Господин Гексоген»: усе мы ведаем, што ён можа сказаць. Тое і кажа.

Самы адораны з «почвенников», безумоўна, — Прылепін. У мінулым годзе на «Вялікай кнізе» чытачы яго пакрыўдзілі, аддаўшы перавагу Алексіевіч. Журы вырашыла ўсё правільна, па-прылепінску (а ці магло быць інакш?), «але асадачак застаўся». Вось і піша цяпер: «Акадэмікі... выбралі самы недарэчны, самы ўбогі варыянт: даць прэмію добрай журналістцы, якая больш за ўсё слаўная сваімі нават для людзей яе перакананьняў надзіва банальнымі інтэрвію з прыпевам: „Расея ўсіх забіла, забіла, забіла, заўсёды ўсіх забівала і будзе забіваць, спыніце гэтае зло, гэтыя рабы, яны ніколі не перастануць быць рабамі, там Сталін і папы, і вы ведаеце, чым усё гэта сканчаецца, і асабліва я ведаю”...»

Прылепіну, якога ўздымаюць у жывыя клясыкі, відавочна здраджвае густ (дарэчы, і без таго найбольш уразьлівая грань ягоных здольнасьцяў). Вось чытаеш гэтае «слаўная сваімі нават для людзей яе перакананьняў надзіва...» — і дзіву даесься: няўжо гэта той самы, безумоўна, таленавіты чалавек, які калісьці напісаў «Санькю» — хоць гэта, як сказала пра Алексіевіч Уліцкая, «ня мой кандыдат». «На самой справе гэтая прэмія — Расеі, — усклікае Прылепін. — Яе незалежнасьці, яе ўплыву, яе месцу ў сьвеце. Дарэчы, хочаце прагноз? У бліжэйшы год прэмію дадуць чалавеку якога-небудзь трэцяга ці пятага полу».

У асобе Прылепіна — каторы ўжо раз — паўтараецца сумная гісторыя самародка, занадта вернападданага, каб аказацца золатам.

У асобе Прылепіна — каторы ўжо раз — паўтараецца сумная гісторыя самародка, занадта вернападданага, каб аказацца золатам. Зрэшты, галоўны рэдактар улюбёнай некалі інтэлігенцыяй «Літаратуркі» Юры Палякоў бярэ круцей: на яго думку, Алексіевіч атрымала «Нобэля», таму што Расея пачала бамбіць Сырыю. І няважна, што Алексіевіч ужо колькі гадоў была ў «шорт-лістах» прэміі і што канчатковае рашэньне Нобэлеўскага камітэту прымалася на пачатку верасьня, а першае бамбаваньне адбылося 30 верасьня.

У гэтым лягеры і Касандра мужчынскага полу Халмагораў, які лічыць, што прэмія — вынік «флірту» Лукашэнкі з Захадам. Мабыць, ён мяркуе, што Сьвятлана Алексіевіч — улюбёны аўтар прэзыдэнта нашай краіны...

І тут мы плаўна пераходзім да прэтэнзіі № 4, прамоўленай зноў жа вуснамі сп. Халмагорава: «незалежныя» рускамоўныя аўтары вельмі любяць умешвацца ў палітыку краіны і народа, ад якога яны аднезалежыліся, — піша ён. — А трэба ў Беларусі ня так ужо і шмат. Пастаянная падтрымка той часткі інтэлігенцыі, якая арыентаваная на Расею і рускі сьвет. Пасьлядоўнае падтрыманьне ідэі еднасьці рускай зямлі і рускага праваслаўя ва ўсе эпохі. Ахова памяці пра рускіх герояў, якія баранілі беларускі народ ад палянізацыі — мітрапаліта Ёсіфа (Сямашку) (ганьба, што ён дагэтуль не кананізаваны РПЦ), Міхаіла Мураўёва, якому няма ніводнага помніка, гісторыка Міхаіла Каяловіча...». Паказальны падбор імёнаў, хоць, вядома, заходнерусіст Каяловіч менш адыёзны, чым «вешальнік» Мураўёў і мітрапаліт Ёсіф, якога яшчэ Герцэн называў «у Юдзе здраднік, кат, які заслужыў эўрапейскую вядомасьць» (артыкул «Секущее православие» ў лонданскім «Колоколе»). Гэта і ёсьць тое, што трэба беларусам? А што, калі яны ня згодныя зь Ягорам Халмагоравым? Але Халмагорава не хвалюе, што думаюць беларусы. Ён ужо абвясьціў нам сваю адзіна слушную праўду, і, мабыць, палічыў бы, што «торг тут не да месца».

Словам:

«У поэтов есть такой обычай —
В круг сойдясь, оплевывать друг друга»
(с).

Гэтыя аўтары пішуць ад імя Расеі — і настолькі ўпэўнена, што можа скласьціся ўражаньне: усе расейцы лічаць так. Няпраўда. Ня ўсе.

Вось адказ расейскага палітычнага журналіста і пісьменьніка Алега Кашына: «Чалавек зь Беларускай ССР, Алексіевіч, якая піша на расейскай мове, належыць да таго адгалінаваньня савецкай расейскамоўнай культуры, якое і ў савецкія гады, калі яго прыкрываў статус саюзнай рэспублікі, існавала аўтаномна і магло сабе дазволіць больш, чым было прынята ў Маскве, прычым (і гэта ўнікальная беларуская рыса) ніякіх абавязковых вышыванак і іншых паказных этнічных аксэсуараў на гэтую культуру накладзена не было... ня менш важна тое, што Сьвятлана Алексіевіч ня мае наогул ніякага дачыненьня да цяперашняй Расейскай Фэдэрацыі. Яна ніколі ў ёй не жыла, яна вольная ад партыйных і групавых абавязаньняў і абмежаваньняў, накладзеных рознай сілы акалічнасьцямі на ўсіх іншых гульцоў на расейскім культурным полі... З Нобэлеўскай прэміяй Алексіевіч сёньня ж зможа прэтэндаваць на лідэрства ў альтэрнатыўным рускім сьвеце — у тым, дзе слова «людзі» пішацца зь вялікай літары, дзе няма каштоўнасьці вышэйшай, чым чалавечае жыцьцё, і дзе Эўропа — не садомскі запаведнік граху, а родны дом для кожнага чалавека рускай культуры».

Падобнай жа думкі прытрымліваецца і Андрэй Архангельскі, які назваў творчасьць Алексіевіч «гуманістычным сыгналам сьвету»; і Дзьмітры Быкаў, які казаў пра яе «дзіўнае ўменьне адчуваць болевы нэрв эпохі і пранікаць у самыя цёмныя зоны змаўчаньня»; і Людміла Ўліцкая, якая «рада за расейскую літаратуру і за беларускую літаратуру»; і знакаміты булгаказнаўца Марыэта Чудакова («У сваіх кнігах яна закранае тое, над чым усе мы думаем і ніяк ні да чога ня можам прыйсьці: што ж такое адбываецца, чаму людзі, зусім абыякавыя да відавочна жудасных рэчаў, якія адбываюцца, усё ўхваляюць?»). Гэта і Барыс Мінаеў, які называе Алексіевіч «жывым клясыкам» і лічыць ганебнай рэакцыю Прылепіна з Халмогоравым і да іх падобных. Так лічыць доктар філялёгіі Гасан Гусейнаў, які адзначае ўнікальнасьць беларускай самасьвядомасьці Алексіевіч, да таго ж перададзенай на інакшай расейскай мове, чым у Расеі. У ліку тых, хто радуецца «Нобэлю-2015» — і пісьменьнік Павал Басінскі, які тлумачыць недасьведчаным, што жанр verbatim даўно ўжо прызнаны сьветам, і толькі на постсавецкай прасторы пра гэта ня ў курсе (у гэтым мы, як заўсёды, «паперадзе плянэты ўсёй»). І пісьменьнік Дзяніс Драгунскі, які настойвае на тым, што «“Бесаў” Дастаеўскага, напісаных пад уражаньнем ад нячаеўскага працэсу, таксама можна назваць дакумэнтальнай прозай». «Прэміі вартая добрая проза, — заключае ён. — А проза Алексіевіч — на мой погляд, проста выдатная».

Калі ўжо шукаць нейкае параўнаньне з мастацтвам, то яе невясёлая проза нагадвае выцьвілыя фрэскі.

Найбліжэй да разуменьня прозы Алексіевіч, на мой погляд, іншы Архангельскі — Аляксандар: «Сьвет Алексіевіч часта бывае ня вельмі прыемны: ён прыглушаны, яркія фарбы ў ім немагчымыя, але і чорна-белай графікі тут таксама няма. Калі ўжо шукаць нейкае параўнаньне з мастацтвам, то яе невясёлая проза нагадвае выцьвілыя фрэскі. Гэта было. Гэта ня скончылася. Гэтага няма. І праславуты дакумэнталізм, якім яе папракаюць у Расеі, — ня проста мэтад збору матэрыялу, але і адзіна магчымы стыль для выражэньня такога жаху — які вечна згасае. Ён... набліжае да гэтага бледнага і няшчаснага жыцьця, голасам якога стала шмат гадоў таму Алексіевіч. Яна несупынна прамаўляе катастрофу, і пакуль пісьменьніца не змаўкае, катастрофа нас ня зможа паглынуць. Праўда, і скончыцца — ня зможа...»

Так што, на шчасьце, існуе і іншы рускі сьвет — той, пра які кажа сама Алексіевіч: «Я люблю добры гуманітарны рускі сьвет, перад якім схіляецца ўвесь сьвет. Перад літаратурай, балетам, музыкай, — сказала яна. — Але не люблю сьвет Берыі, Сталіна, Пуціна».

І вось гэты першы сьвет не варожы ні беларускаму сьвету, ні заходняму. Давайце спадзявацца, што прыйдзе дзень, і ў спрэчцы двух «рускіх сьветаў» пераможа менавіта гэты. Хоць бы таму, што нашмат менш крычыць і значна больш робіць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG