Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шклоўскія ўлады ствараюць «мадэль» сярэднявечнага Шклова — у вёсцы Лукашэнкі


Мініятурны стары Шклоў

Мініятурны стары Шклоў

У Шклове ўзводзяць чарговую мясцовую славутасьць — сярэднявечнае гарадзішча. Стварыць мініятурны «стары горад» на новым месцы задумала раённая улада.

Маленькія дамкі пад даўніну, царкоўка ў расейскім стылі з цыбулінкамі ўжо стаяць у агароджанай пляцоўцы на беразе невялікай рачулкі Серабранкі. Ініцыятары гэтага праекту лічаць, што менавіта такім і быў сярэднявечны Шклоў. Новы аб’ект, лічаць улады, стане месцам адпачынку шклоўцаў і завабіць у райцэнтар турыстаў.

Заклалі мініятурнае «гарадзішча» на ўскрайку Шклова ля былой вёскі Рыжкавічы — на асушанай і расчышчанай ад хмызоў балацявіне. З трох бакоў насыпныя дарогі. Зь іх відаць, што пляцоўка гразкая. Паводле мясцовых жыхароў, некалі гэтае месца было старыцай Серабранкі. Улады абяцаюць, што ўвесну мясьціну канчаткова ўпарадкуюць. Адкрываць жа незвычайны архітэктурны ансамбаль, як яго называюць афіцыйныя крыніцы, зьбіраюцца 1 сьнежня. Непадалёк ад закладзенай новай славутасьці райцэнтру сядзіба, у якой жыў і пайшоў у дэпутаты і прэзыдэнты, Аляксандар Лукашэнка.

Мініятурны стары Шклоў

Мініятурны стары Шклоў

«Паглядзелі, што стары Шклоў стаяў на Серабранцы, і ўзьнікла ідэя: нібы перанесьці стары Шклоў адтуль сюды. Тут жа і тая рэчка Серабранка», — гэтак апавёў у выпуску рэгіянальных навін пра мініятурнае гарадзішча кіраўнік раённай вэртыкалі Аляксандар Бойка.

Шклоўскі краязнаўца Аляксандар Грудзіна крытычна ставіцца да ініцыятывы раённай ўлады. Паводле яго, сярэднявечны Шклоў і блізка ня быў падобны да таго, што цяпер узводзіцца на Серабранцы. Руплівец мясцовай гісторыі кажа: уладзе варта было не сьпяшацца з увасабленьнем сваёй задумы, а лепей як сьлед абмеркаваць яе.

Аляксандар Грудзіна

Аляксандар Грудзіна

«Тое збудаваньне не адпавядае таму, якім быў сярэднявечны горад у 16-18 стагодзьдзях. Мы бачым на гэтым гарадзішчы праваслаўную царкву, у такім, расейскім стылі, з цыбулінамі. Такіх цэркваў у сярэднявечным Шклове не было», — зазначае Аляксандар Грудзіна.

У сярэднявечным беларускім горадзе – царква з цыбулінамі. Ці так было?

У сярэднявечным беларускім горадзе – царква з цыбулінамі. Ці так было?

«Царква, якая існавала ў той час, была грэка-каталіцкай і, вядома ж, бяз гэтых цыбулін, — працягвае краязнаўца. — Галоўнай жа дамінантай таго Шклова быў касьцёл Тамаша Аквінскага і кляштар Дамініканаў. Былі ў тагачасным Шклове і некалькі брамаў, узьведзеных у гатычным стылі, на ўезьдзе ў горад. На гарадзішчы, якое цяпер ствараецца, нічога падобнага ня бачым».

Суразмоўца перасьцерагае ўладу, што пры вялікай паводцы ейнае «гарадзішча» папросту можа змыць у недалёкі Дняпро. З пэрыядычнасьцю ў некалькі гадоў маленькая Серабранка затапляе немалую плошчу. Былі выпадкі, калі ў вадзе апыналіся і прылеглыя да рэчкі дамы. Цяпер, праўда, заўважае краязнаўца, іх адгарадзілі грэбляй.

«Праз кожныя дзесяць гадоў Дняпро нагадвае шклоўцам, што ён — вялікая рака. Мы ж памятаем, як ўся гэтая тэрыторыя была залітая вадой. Безумоўна, тут праведзеныя мэліярацыя, але, як па мне, дык лепей было б аднавіць млын. Ён тут і быў збудаваны. Колькі карысьці даў ён людзям. Гэта ня проста быў млын, а цэлая запруда зь вялікім возерам. Яно тут было да Другой усясьветнай вайны», — выказваецца Аляксандар Грудзіна.

Паводле краязнаўцы, той Шклоў, пра які згадваў старшыня райвыканкаму, — за некалькі кілямэтраў ад мініятурнага гарадзішча. Там жа засталіся і вуліцы з назвамі, якія захоўваюць памяць пра стары горад. Напрыклад, заўважае ён, Саборная, ці брамная.

Акрамя мініятурнага гарадзішча за апошнія некалькі год у Шклове стварылі не адну славутасьць. Апошнім быў геральдычны знак.

Скандальны геральдычны знак – славутасьць Шклова

Скандальны геральдычны знак – славутасьць Шклова

На яго шыльдзе назву гораду напісалі толькі на расейскай мове, што выклікала шквал крытыкі. Шыльду замянілі. Да расейскамоўнай назвы гораду, дадалі беларускамоўную. Яшчэ адна славутасьць — бутафорскі расейскі салдат 1812 году з расейскай жа атрыбутыкай.

Яшчэ адна славутасьць – расейскі салдат з расейскімі сымбалямі

Яшчэ адна славутасьць – расейскі салдат з расейскімі сымбалямі

Сам райцэнтар цяпер выглядае дагледжаным. Здалёк кідаецца ў вочы старажытны, адрэстаўраваны будынак ратушы і недалёкая ад яе праваслаўная царква з залатымі цыбулінамі. Касьцёл таксама недалёка, але яго будынак куды сьціплейшы за царкву. Старых будынкаў засталося няшмат, яны раскіданыя па райцэнтры.

Ратуша

Ратуша

Праваслаўная царква

Праваслаўная царква

Шклоўскі касьцёл

Шклоўскі касьцёл

Захаваныя старыя будынкі Шклова

Захаваныя старыя будынкі Шклова

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG