Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты прынесьлі ў рэктарат БДУ 2515 подпісаў пратэсту. Адміністрацыя будзе разглядаць 15 дзён


Пэтыцыю супраць увядзеньня аплаты за пераздачу іспытаў і залікаў падалі сёньня ў адміністрацыю БДУ самі студэнты. Усяго за 5 дзён пад ёю сабралі 2515 подпісаў.

«Мы разьлічваем на супрацоўніцтва і дыялёг!» — кажуць хлопцы і дзяўчаты, трымаючы ў руках тоўсты том з подпісамі. Яны сабраліся перад галоўным корпусам БДУ. Пра новаўвядзеньне адміністрацыі студэнты даведаліся з навінаў на пачатку лістапада. Хоць шмат у якіх ВНУ платныя пераздачы — звычайная практыка, моладзь з галоўнага ўнівэрсытэту краіны дзеяньні адміністрацыі абурылі.

«Гэта студэнцкая ініцыятыва, мы сабраліся самі, — кажуць яны. — Пад пэтыцыяй падпісваліся і тыя, хто вучыцца толькі на «выдатна», і пяцікурсьнікі, якія хутка пакінуць унівэрсытэт. Кажуць, што сытуацыя абурае шмат каго.

Будуць прыходзіць разнарадкі на кожны факультэт — «адпраўце 5 чалавек на пераздачу», — упэўнены студэнт Ільля. — Такіх выпадкаў купа. Нам распавядалі, што людзі нават здавалі іспыт, а ім кажуць — ідзіце на пераздачу. Яны прыходзяць з грашыма, і ім адразу ў залікоўку ставяць адзнаку. Галоўнае, каб заплацілі.

Студэнцкія арганізацыі, дарэчы, праводзілі контрапрапаганду: тлумачылі, што платныя пераздачы — гэта добра, і навошта гэта трэба, — абураюцца суразмоўцы. — Нібыта гэта матывацыя для студэнтаў.

Андрэй з гістарычнага факультэту называе дзеяньні адміністрацыі «мэтадам бізуна і перніка». «Лепш бы яны выкарыстоўвалі мэтад перніка, — сьмяецца хлапец. — Хай ужо тады даюць студэнтам грошы, калі яны здаюць іспыты».

«Мне ўчора ў дэканаце сказалі, што выкладчык ня будзе атрымліваць грошы за тое, што мы заплацім, — кажа студэнтка Віялета. — Я тады не разумею: за што мы плацім? Я думала, што мы будзем аплочваць час выкладчыка, які ён патраціў на нас дадаткова. А так — куды гэтыя грошы пойдуць?»

«Проста затраты бюджэту хочуць перанесьці на студэнтаў», — падсумоўвае адзін з хлопцаў.

Вера з Інстытуту бізнэсу, мэнэджмэнту і тэхналёгіяў БДУ вучыцца платна. Асабліва яе абурае тое, што ў будучым, можа, давядзецца плаціць за пропускі заняткаў. Такая магчымасьць адміністрацыяй таксама разглядаецца:

«Наша стопрацэнтнае наведваньне не дае стопрацэнтных ведаў. Некаторыя выкладчыкі ня так ужо і зацікаўленыя ў адказнай працы са студэнтамі, — кажа Вера. — Ім не заўжды важна, што адбываецца на практычных занятках. Хтосьці са студэнтаў прыносіць нейкія прэзэнтацыі, хтосьці прыносіць рэфэрат, сьцягнуты з інтэрнэту, хтосьці рыхтуецца да наступных заняткаў».

«У нас ёсьць вышэйшая матэматыка, я на ёй усё добра схопліваю. Навошта мне хадзіць на дадатковыя заняткі? Ці плаціць за тое, што я на іх не хаджу? Я магу цудоўна гэта зрабіць сама. На Захадзе на практычныя заняткі прыходзяць заснавальнікі кампаніяў, а ў нас такога няма. Бывае зусім не цікава. Не зразумела, навошта я мушу на іх хадзіць і за гэта плаціць», — працягвае дзяўчына.

Дачакаўшыся сваіх сяброў, студэнты накіраваліся спачатку ў памяшканьне рэктарату. Але адтуль іх адправілі ў аддзел дакумэнтацыі. Тамтэйшыя супрацоўніцы спачатку сустрэлі студэнтаў зь цікаўнасьцю, прыняўшы тоўсты том з подпісамі. Але, пабачыўшы журналістаў, зьмянілі тон на «бюракратычны». На просьбу студэнтаў зарэгістраваць пэтыцыю пры іх адказалі адмовай. «Мы працуем па працэдуры — вось вам тэлефон, пазваніце заўтра і даведайцеся, калі будзе рэзалюцыя рэктарату. На разгляд — 15 дзён», — жорстка заключыла суразмоўніца.

Увесь тэкст звароту

Увесь тэкст звароту

«Пры нас рэгістраваць ня сталі, паклалі ў нейкую тэчку. Могуць жа ўвогуле ў сьметніцу пакласьці», — турбуюцца студэнты. Але копія пэтыцыі з подпісамі ў іх ёсьць, і яшчэ адну копію яны накіруюць у Міністэрства адукацыі.

Гэтаксама яны ня ведаюць, калі будзе прымацца рашэньне пра ўвядзеньне аплаты за пераздачы, якой чакаюць ужо з 1 студзеня.

«Яны могуць проста цяпер сядзець у рэктараце і яго прымаць», — кажуць маладыя людзі, якія ўсё ж спадзяюцца, што неўзабаве іх паклічуць у рэктарат на размову.

«Хоць нашмат хутчэй нас выклічуць у адміністрацыю нашых факультэтаў», — жартуюць яны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG