Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычныя надгляды на мяжы? Няма такога, — сьцьвярджае галоўны памежнік Беларусі


Дзевяноста беларускіх грамадзянаў выступілі ў абарону гомельскіх праваабаронцаў Леаніда Судаленкі і Васіля Палякова, якіх пэрыядычна «трасуць» на мяжы пры ўезьдзе ў Беларусь.

У публічным адказе на зварот «Спыні беззаконьне на мяжы — падтрымай праваабаронцаў» старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Леанід Мальцаў заклікаў падпісантаў не палітызаваць надгляды актывістаў на мяжы.

У электронным звароце на адрас кіраўнікоў Дзяржаўных памежнага і мытнага камітэтаў беларусы выказалі нязгоду зь нічым не матываванымі дадатковымі праверкамі і так званым паглыбленым кантролем праваабаронцаў на мяжы, пры якіх высаджваюць зь цягнікоў, адбіраюць кампутары, канфіскуюць юрыдычную літаратуру.

Так сёлета двойчы было зь Леанідам Судаленкам — на памежным пераходзе «Каменны Лог» і на станцыі Маладэчна. Пяць разоў, пачынаючы са сьнежня мінулага году, паглыблены надгляд памежнікі й мытнікі ўчынялі намесьніку старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кіраўніку аналітычных праектаў «Цэнтру стратэгічнай цяжбы» Васілю Палякову — у Нацыянальным аэрапорце «Менск», на станцыях Гудагай і Маладэчна, на памежным пераходзе «Новая Гута».

У зьмешчаным на афіцыйным сайце адказе на зварот старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Леанід Мальцаў піша, што надгляд зьяўляецца складнікам памежнага (мытнага) кантролю, заканадаўства не абмяжоўвае іх пэрыядычнасьць і частату, а «спробы палітызаваць надгляды ў межах памежнага ці мытнага кантролю, увязаць іх правядзеньне са спэцыфікай прафэсійнай ці грамадзкай дзейнасьці асобных катэгорыяў грамадзянаў у большай ступені ўяўляюцца формамі ціску на службовых асобаў у пунктах пропуску ды імкненьнем прысвоіць надуманае права імунітэту без усялякіх на тое юрыдычных падставаў».

Леанід Судаленка

Леанід Судаленка

Леанід Судаленка, які напярэдадні вярнуўся з Ісьляндыі, дзе браў удзел у міжнародным праваабарончым форуме, не пагаджаецца з кіраўніком памежнага ведамства — грамадзкія актывісты не палітызуюць надгляды:

«Мы ніякага палітычнага імунітэту не шукаем. На мяжы і без таго існуе палітыка. Напрыклад, у мяне раней забіралі матэрыялы, прысьвечаныя выбарам. А выбары — гэта і ёсьць палітыка. Выглядае, што генэрал ня ведае, што на мяжы даўно існуе палітыка. І ня мы яе ініцыятары. Палітыкай на дзяржаўнай мяжы займаюцца памежнікі разам з мытнікамі. У мяне ёсьць паперы, якія сьведчаць пра тое, што ў дачыненьні да мяне прымяняюцца гэтыя надгляды дзеля пошуку матэрыялаў экстрэмісцкага зьместу. Мяне без судовага рашэньня зрабілі экстрэмістам, а цяпер галоўны памежнік кажа: успрымай гэта як частку памежнага кантролю».

З уласнага досьведу праваабаронца пераканаўся, што на дзяржаўнай мяжы існуе некалькі катэгорыяў «чорных сьпісаў»:

«Я, напрыклад, праходжу па сьпісе „экстрэмізм“. Васіль Палякоў і Ўладзімер Сякерка праходзяць па сьпісах нейкіх іншых палітычных плыняў».

Судаленка ня супраць надглядаў на мяжы, бо калі ёсьць дзяржава, ёсьць і межы. І надгляды на ёй павінны быць, але — без палітыкі:

Але калі зь цягніка, у якім едзе трыста пяцьдзесят пасажыраў, выцягваюць з ужываньнем сілы аднаго мяне, ня можа не ўзьнікаць пытаньне…

«Памежныя надгляды я ўспрымаю як належнае, калі дзеля бясьпекі патрэбна праверыць валізу, зьняць папругу, абутак у аэрапортах. Але калі зь цягніка, у якім едзе трыста пяцьдзесят пасажыраў, выцягваюць з ужываньнем сілы аднаго мяне, ня можа не ўзьнікаць пытаньне: чаму мае асабістыя зьвесткі занесеныя ў так званыя „чорныя сьпісы“, якія незаконна існуюць на мяжы, і чаму да мяне прымяняецца забароненая дыскрымінацыя ў зьвязку з маімі палітычнымі перакананьнямі?»

Васіль Палякоў

Васіль Палякоў

Праваабаронца згадвае, што ня толькі ён, але й Васіль Палякоў спрабаваў высьветліць у памежным ведамстве, чаму ягоныя асабістыя зьвесткі ўнесеныя ў «чорныя сьпісы». Яму адказалі, што гэтыя зьвесткі адносяцца да інфармацыі абмежаванага распаўсюду — у адпаведнасьці з законам аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі.

Суд Ленінскага раёну Менску наагул адмовіўся распачынаць справу ў дачыненьні да супрацоўнікаў памежнага камітэту, якія сыстэматычна злоўжываюць сваімі паўнамоцтвамі, затрымліваючы Палякова на дзяржаўнай мяжы і прымяняючы да яго такую выключную меру мытнага кантролю, як асабісты надгляд.

Уладзімер Сякерка

Уладзімер Сякерка

У падобнай сытуацыі апынуўся тры гады таму і кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Уладзімер Сякерка. З дакладной супрацоўніцы памежнай службы палітык даведаўся, што ён «праходзіць па сьпісах даручэньня праваахоўных органаў». Хто іх склаў і на падставе чаго, невядома. Немагчыма таксама атрымаць інфармацыю, як з гэтых сьпісаў выпісацца.

Цяпер скарга Ўладзімера Сякеркі на разглядзе ў Камітэце ААН па правах чалавека.

Тым часам Дзяржаўны памежны камітэт паведамляе, што супольна зь іншымі дзяржаўнымі структурамі ў межах сваёй кампэтэнцыі «робіць шэраг захадаў дзеля спрашчэньня працэдураў афармленьня на мяжы й стварэньня больш спрыяльных умоваў для грамадзянаў». У пунктах пропуску ўжо ўведзены прынцып «дзьве службы на мяжы» (памежная і мытная), што выключае неабходнасьць дадаткова зьвяртацца ў іншыя інстанцыі пры перасячэньні мяжы. Як быць з так званымі «чорнымі сьпісамі», ніхто нічога ня кажа.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG