Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрнэце зьбіраюць грошы на выраб настолкі «Мова»


На сайце talaka.by ідзе збор сродкаў на выраб новай беларускай настольнай гульні «Мова», распрацаванай аўтарамі іншай настолкі — «Паўстанцы».

Настольная гульня «Мова» — гэта адукацыйна-забаўляльны праект, які мае на мэце разьвіцьцё беларускай мовы, пашырэньне яе ўжытку ў грамадзтве і стварэньне перадумоваў для моўнай практыкі ў коле сваіх сяброў. Адначасова гульня — гэта спаборніцтва за тытул лепшага мовазнаўцы, дзе для перамогі кожнаму трэба быць кемлівым, хуткім, уважлівым, сканцэнтраваным.

«Зараз шмат людзей прагнуць размаўляць на роднай мове, але ім бракуе часу, сілаў, абставінаў, асяродзьдзя. Рашэньні гэтай праблемы вы знойдзеце у адной скрынцы. Працэс гульні будзе цікавы як для тых, хто стала карыстаецца беларускай мовай, так і для тых, хто толькі пачынае размаўляць па-беларуску. А пяць розных варыянтаў гульні забясьпечаць унікальнасьць і разнастайнасьць», — сьцьвярджаюць аўтары настолкі.

Гульня зойме у ад 15 хвілін да гадзіны, зьбярэ за сталом ад двух да васьмі чалавек — і ў выніку дапаможа падвысіць слоўнікавы запас.

Настолка — сумесны праект аўтараў першай беларускай настольнай гульні «Паўстанцы» і курсаў беларускай мовы «Мова Нанова». Працу над праектам вядзе гарадзенская творчая кампанія «А4».

XS
SM
MD
LG