Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы нямецкі канцлер Гельмут Шмідт памёр у адзін дзень з Брэжневым


Гельмут Шмідт у Бэрліне 4 сьнежня 2011 году

Гельмут Шмідт у Бэрліне 4 сьнежня 2011 году

Гельмут Шмідт узначальваў нямецкі ўрад з 1974 па 1982 год.

Ён быў адным зь ініцыятараў Хэльсынскіх пагадненьняў, падпісаных у 1975 годзе. Яшчэ адна ключавая фігура ўсясьветнай палітыкі таго часу, якая падпісала тыя пагадненьні — савецкі лідэр Леанід Брэжнеў — памёр таксама 10 лістапада, у 1982-і годзе.

Як піша агенцтва ДПА, у 1936 годзе 18-гадовы школьнік Шмідт удзельнічаў у маршы Адольфа Гітлера з Гамбургу ў Нюрнбэрг на Нюрнбэрскі партыйны зьезд. Па словах гісторыка Генрыха Вінклера, ён быў уражаны «сацыялістычным» і «салідарысцкім» складнікамі нацысцкай прапаганды. Ва «Ўспамінах дзяцінства» сам Шмідт піша, што ягонае паходжаньне паўплывала на непрыманьне нацыянал-сацыялізму ў цэлым. Шмідт, які ваяваў ва ўзброеных сілах Нямеччыны ў Другой сусьветнай вайне ў танкавай дывізіі на Ўсходнім фронце, стаў пасьля вайны сацыял-дэмакратам.

Падчас Другой сусьветнай вайны Гельмут Шмідт удзельнічаў у супрацьпаветранай абароне Брэмэна, ваяваў на Ўсходнім фронце, затым працаваў у Міністэрстве авіяцыйнай прамысловасьці, з 1944 году служыў артылерыстам на Заходнім фронце, у сакавіку 1945-га трапіў у палон да саюзьнікаў і прабыў там да жніўня. Пасьля вайны Шмідт вывучаў права і паліталёгію ў Гамбурскім унівэрсытэце, скончыўшы яго ў 1949 годзе.

Шмідт і былы прэзыдэнт Францыі Валеры Жыскар д’Эстэн заклалі падваліны Эўрапейскай валютнай сыстэмы. Шмідт таксама ўзначальваў ФРГ у пэрыяд вострага супрацьстаяньня ўраду зь лявацкімі тэрарыстычнымі групоўкамі. Пасьля адстаўкі канцлера Вілі Бранта ён працягнуў курс на паляпшэньне адносін з былымі сацыялістычнымі краінамі і Савецкім Саюзам, якое доўжылася да ўварваньня савецкіх войскаў у Аўганістан.

Ягоная жонка Ханэлорэ (яшчэ яе называлі Локі) памерла ў 2010 годзе. Яны былі жанатыя з 1942 па 2010 год — на працягу 68 гадоў. У 1947 годзе ў іх нарадзілася дачка Сюзана, якая жыве цяпер у Лёндане.

Шмідт быў вядомы як заўзяты курэц, і ў парадку выключэньня яму дазвалялася курыць падчас тэлевізійных ток-шоў. Ягоны звычай курыць цыгарэту за цыгарэтай бесьперапынна быў вядомы ўсёй краіне.

У нэкралёгу, зьмешчаным на вэб-сайце «Нямецкай хвалі», гаворыцца, што Шмідт быў асобай, якую рэгулярна прызнавалі самым папулярным палітыкам у пасьляваеннай Нямеччыне, нягледзячы на ягоную супярэчлівасьць і часам самаўпэўненасьць. Напрыклад, у тэлевізійным інтэрвію ў час фінансавага крызісу ён не шкадаваў выразаў на пытаньне пра фэдэральнага канцлера Ангелу Мэркель. Адносна ж фігуры тагачаснага міністра замежных справаў Вэстэрвэле Шмідт заявіў: «Вы ня можаце ўсур’ёз разьлічваць на мой адказ».

«Нямецкая хваля» таксама адзначае, што Шмідт быў пасьлядоўна крытычны да палітыкі ЭЗ, да канцэпцыі мультыкультурнай Нямеччыны і місіі бундэсвэру ў Аўганістане, але, нягледзячы на гэта, карыстаўся павагай у нямецкай публікі.

XS
SM
MD
LG