Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі Расея пра сваіх грамадзянаў клапоціцца, то, пэўна, і Беларусь магла б паклапаціцца», — апытаньне ў Гомелі


«Расейскія ўлады, баючыся тэрактаў, адмянілі палёты пасажырскіх авіярэйсаў у Эгіпет, а беларускія — не. Як вы да гэтага ставіцеся? Ці наважыліся б самі ляцець туды на адпачынак у цяперашняй сытуацыі?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Жанчына сталага веку: «Да Беларусі ўсе ляяльна ставяцца. І ў Эгіпце таксама. Нашы ж ня лётаюць над Сынайскім паўвостравам. Але страшнавата — жыць жа хочацца. Ня дай рэйсу, зноў-такі гора будзе людзям. Няхай ляцяць — гэта кожны выбірае сам».

Малады мужчына: «Дзіўна было б, калі б мы рабілі тое самае, што й Расея. Мы ж — асобная дзяржава, і думаць павінны асобна. Кожны выбірае сам, ляцець ці не, адпачываць ці не адпачываць, заставацца там ці вяртацца. Гэта справа кожнага. Я наагул баюся лётаць. Не люблю лётаць — і ня лётаю».

Маладая жанчына з сынам: «Напэўна, мы такія сьмелыя. І наша кіраўніцтва сьмелае. Думае, што з намі нічога ня здарыцца. Асьцярога, вядома, павінна быць».

Пэнсіянэр: «Гэта іх праблемы. А мы каму патрэбныя? Мы з кім-небудзь ваюем? Не! А Расея — гэта яе праблемы. Сам бы не паляцеў, бо грошай няма. Але нават калі б і былі, то не паляцеў бы».

Самавітая жанчына: «Не, я яшчэ жыць хачу. Стаўлюся ня вельмі добра. Калі Расея пра сваіх грамадзянаў клапоціцца, то, пэўна, і Беларусь магла б паклапаціцца».

Саракасямігадовы мужчына: «Нармальна стаўлюся. Відаць, паглядзелі, што можна не адмяняць. Паглядзелі, як там зь бясьпекаю. Калі б былі грошы, то паляцеў бы».

Жанчына сярэдняга ўзросту: «Трэба таксама адмяніць рэйсы — столькі людзей гіне. Надзвычай шкада малых дзетак. Не палячу ніколі ў жыцьці. Не хачу ні Эгіпту, ні Амэрыкі».

Дваццацішасьцігадовы мужчына: «Нядаўна лётаў, і яшчэ б паляцеў. Лічу, няхай лётаюць людзі і адпачываюць. Думаю, што тэракт быў на замову — і ўсё. Расея ж лезе абы-куды».

Малады бацька: «Адмоўна стаўлюся, бо не да канца яшчэ высьветлена, у якіх умовах адбыўся тэракт. Камісія не завяршыла сваю працу. Пакуль яна гэта ня зробіць, варта было адмяніць усе палёты. У мяне ёсьць жонка, дачка — ёсьць пра каго клапаціцца».

Дзяўчына: «Дзе ўзяць грошай, каб лётаць у Эгіпты? Тут хоць бы ў вёску зьезьдзіць. Калі б у Беларусі загінулі дзьвесьце чалавек, то таксама б адмянілі. А ў нас толькі адзін загінуў».

XS
SM
MD
LG