Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На высьвятленьне прычыны сьмерці расейскага экс-міністра ў ЗША адвялі да трох месяцаў


У ЗША працягваецца расьсьледаваньне абставінаў сьмерці былога кіраўніка холдынгу «Газпром-медыя», экс-міністра друку РФ Міхаіла Лесіна. Паводле зьвестак амэрыканскага боку, у экспэртаў возьме максымум да трох месяцаў, каб вызначыць, ад чаго памёр былы дарадца прэзыдэнта Расеі па СМІ.

Кіраўнік апарата галоўнага судмэдэкспэрта Вашынгтону Бэвэрлі Філдс заявіла агенцтву РІА «Навіны», што вынікі экспэртызы могуць зьявіцца і раней.

«Экспэрты праводзяць экспэртызу. Яна можа завяршыцца сёньня ці заняць да 60-90 дзён. Мы не называем канкрэтны час, таму што кожная справа унікальная», — сказала Філдс.

Паводле яе слоў, калі расьсьледаваньне будзе завершана, офіс судмэдэкспэрта паведаміць пра прычыну сьмерці. Пры гэтым тэкст заключэньня патолягаанатама апублікаваны ня будзе, але зацікаўленым бакам, акрамя сваякоў і паліцыі, можна будзе атрымаць яго праз суд.

Паліцыя ЗША ўжо пачала фармальнае расьсьледаваньне па факце сьмерці Лесіна. Мясцовыя праваахоўнікі напярэдадні заявілі, што да гэтага часу не атрымалі вынікі ўскрыцьця з Упраўленьня галоўнага патолягаанатама. Іншыя дэталі расьсьледаваньня не паведамляюцца.

Лесін памёр 6 лістапада ў гатэлі The Dupont Circle ў цэнтры Вашынгтону. Яму было 57 гадоў. Агенцтва РІА «Навіны» са спасылкай на сваякоў, а таксама створаны пры ўдзеле Лесіна канал RT паведаміла, што экс-кіраўнік «Газпром-медыя» памёр ад сардэчнага прыступу.

Пазьней высьветлілася, што нумар у гатэлі быў зьняты на імя экс-міністра, але ніякіх дакумэнтаў у ім не аказалася. Зь якой мэтай Лесін знаходзіўся ў ЗША і што менавіта рабіў у гатэлі, дзе выявілі ягонае цела, не паведамляецца.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, у якога Лесін працаваў памочнікам па СМІ, выказаў спачуваньні яго родным і блізкім амаль адразу пасьля паведамленьняў пра сьмерць. «Прэзыдэнт высока ацэньвае вялікі ўклад, які ўнёс Міхаіл Лесін у станаўленьне сучасных расейскіх сродкаў масавай інфармацыі», — паведамілі ў прэс-службе Крамля.

Лесін нарадзіўся 11 ліпеня 1958 году ў Маскве ў сям’і вайсковага будаўніка. У 1984 годзе скончыў Маскоўскі інжынэрна-будаўнічы інстытут імя Куйбышава. На тэлебачаньне ён трапіў у канцы 1980-х гадоў. З 1999 па 2004 год займаў пасаду міністра друку Расейскай Фэдэрацыі. Па ініцыятыве Лесіна ў 2005 годзе створаны дзяржаўны тэлеканал Russia Today. Ён таксама зьяўляўся заснавальнікам кампаніі «Відэа Інтэрнэшнл». Лесін працаваў дарадцам прэзыдэнта па СМІ, але быў звольнены з гэтай пасады. З кастрычніка 2013 году па студзень 2015-га быў кіраўніком холдынгу «Газпром-мэдыя».

Увосень мінулага году Мінюст ЗША пачаў разгляд справы аб нерухомасьці Лесіна ў Каліфорніі, наяўнасьць якой можа супярэчыць антыкарупцыйнаму заканадаўству. Адпаведны запыт у амэрыканскае ведамства накіраваў сэнатар-рэспубліканец ад штата Місісіпі Роджэр Ўікер. Палітык падкрэсьліваў, што Лесін можа мець цесныя дзелавыя сувязі з унесенымі ЗША ў санкцыйны сьпіс асобамі — у прыватнасьці, мільярдэрам Юрыем Кавальчуком і банкам «Расея». Таксама Ўікер ацэньваў нерухомасьць экс-міністра друку РФ у ЗША ў 28 млн. даляраў і адзначаў, што былы кіраўнік «Газпром-мэдыя» перавёз у Амерыку сваю сям’ю.

Пасьля звароту сэнатара ФБР прыступіла да праверкі. Аднак сьмерць Лесіна, хутчэй за ўсё, азначае канец гэтага разбору. У ФБР пацьвердзілі, што атрымалі паведамленьне пра сьмерць Лесіна, і падкрэсьлілі, што ня маюць дачыненьня да расьсьледаваньня яго гібелі, бо гэтай справай займаецца паліцыя.

Тым часам крытыкі расейскага ўраду выказваюць падазрэньні, што Лесін памёр не ад сардэчнага прыступу. Альфрэд Кох, у мінулым віцэ-прэм’ер РФ і гендырэктар «Газпром-Мэдыя», выказаў здагадку, што расейскае кіраўніцтва магло асьцерагацца таго, што Лесін раскажа нешта ФБР у абмен на спыненьне расьсьледаваньня адносна яго ў сувязі з абвінавачваньнямі ў карупцыі.

Паводле матэрыялаў newsru.com

XS
SM
MD
LG