Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень нямецкай эканомікі ў Менску пройдзе без традыцыйнага «брыльянціка»


Нямецка-беларускі эканамічны клюб і Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Беларусі 12-га лістапада праводзяць 8-ы Дзень нямецкай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь.

Пра гэта паведамляецца ў прэсавым рэлізе, які сёньня распаўсюдзіла амбасада Нямеччыны ў Беларусі.

Галоўная тэма дыскусіі вызначана так: «Нямеччына і Беларусь — актуальны стан і пэрспэктывы эканамічнага супрацоўніцтва». У рамках найбуйнейшага двухбаковага эканамічнага форуму ў Беларусі прадстаўнікі бізнэсу і палітыкі абедзьвюх краін абмяркуюць прагнозы эканамічнага разьвіцьця Беларусі, а таксама пэрспэктыўныя галіны і бізнэс-мадэлі для нямецка-беларускага і мультынацыянальнага партнэрства. Асаблівая ўвага будзе аддадзена супрацоўніцтву ў прамысловасьці, транспарце і лягістыцы.

Імпрэза пройдзе пад патранатам амбасадара Пэтэра Дэтмара і працягне традыцыю Дзён нямецкай эканомікі ў Беларусі.

«Безумоўна, гэта карысная і цікавая імпрэза. Але ёй не хапае таго самага „брыльянціка“, які звычайна ўпрыгожвае гэтае мерапрыемства, — Менскага форуму», — адзначае ў камэнтары для Свабоды палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі

«Пра тое, што сёлета Менскі форум, які праводзіцца з 1997 году як пляцоўка для інвэстараў, палітыкаў і навукоўцаў дзьвюх краін, не адбудзецца, стала вядома зь ліста, які разаслаў старшыня форуму прафэсар Райнэр Лінднэр яго ўдзельнікам. Вось даслоўны тэкст гэтага паведамленьня:

„Дарагія сябры, у сувязі з кароткатэрміновымі праблемамі плянаваньня зь беларускага боку мы павінны, на жаль, перанесьці Менскі Форум XIV на 2016 год. Мне вельмі шкада, і я спадзяюся, што ў Вас ня ўзьнікла ніякіх нязручнасьцяў, зьвязаных з Вашым удзелам у Форуме“.

На маю думку, адмена Менскага форуму зьвязаная зь недаверам да ўладаў Беларусі. Яна сьведчыць пра тое, што ніякай нармалізацыі дачыненьняў Беларусі з Бэрлінам і Эўразьвязам цалкам, у чым нас актыўна запэўніваюць беларускія ўлады, яшчэ няма. Заяву Лукашэнкі на інаўгурацыі, што рэформаў у Беларусі ў эўрапейскім разуменьні ня будзе, чулі ня толькі прысутныя ў залі, але і тыя, хто ўважліва сачыў за ягонай прамовай у СМІ.

Што тычыцца эканамічнага боку, то інвэстыцыйны клімат у Беларусі па-ранейшаму не задавальняе замежных інвэстараў. Ня можа быць гарантыяў у краіне, дзе вышэй за законы — указы прэзыдэнта. Выходзіць, раніцай адно, а вечарам іншае».

Апошні раз Менскі форум у звычайным фармаце праводзіўся ў лістападзе 2010 году. Пра значнасьць гэтага мерапрыемства можна меркаваць ужо па тым, хто яго адкрываў: зь беларускага боку — Уладзімер Макей, на той момант кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі, зь нямецкага боку — Рональд Пофала, у той час кіраўнік адміністрацыі канцлера.

Пасьля брутальнага разгону пратэстоўцаў у Менску ў сьнежні 2010 году Форумы не праходзілі. І толькі ў 2014 годзе Форум узнавіўся. Але тады яго падзялілі на дзьве часткі. Першую правялі ў Вільні, другую — у Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG