Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы згодныя з вэрсіяй пра бомбу, але пакуль ня кажуць пра яе публічна, — Reuters


На месцы катастрофы расейскага самалёта A321 у Эгіпце, 1 лістапада 2015 году

На месцы катастрофы расейскага самалёта A321 у Эгіпце, 1 лістапада 2015 году

Пра гэта сьведчаць зьвесткі, атрыманыя амэрыканскай выведкай, сьцьвярджаюць крыніцы інфармагенцтва.

Расейцы згодныя з тым, што прычынай крушэньня пасажырскага самалёта на эгіпецкім Сінаі 31 кастрычніка быў выбух бомбы.

Гэта вынікае з расейскіх камунікацый, перахопленых амэрыканскай выведкай, сьцьвярджаюць дасьведчаныя крыніцы Reuters ва ўрадзе ЗША.

Вынікі перахопу зьяўляюцца часткай сьведчаньняў, на падставе якіх амэрыканскія ўлады падазраюць, што выбуховае прыстасаваньне, закладзенае ў самалёт авіякампаніі Metrojet, спрацавала неўзабаве пасьля таго, як ён паляцеў з курортнага горада Шарм-эль-Шэйх, сьцьвярджаюць крыніцы.

Усе 224 чалавекі, якія знаходзіліся на борце, загінулі, калі самалёт разьбіўся ў пустыні па шляху ў Санкт-Пецярбург.

Эгіпет і Расея пакуль не назвалі афіцыйную прычыну катастрофы. На мінулым тыдні яны адхілілі заявы ЗША і Вялікабрытаніі, што самалёт, верагодна, упаў у выніку выбуху бомбы.

Хоць спачатку Масква заявіла, што палёты ў Эгіпет будуць працягвацца ў звычайным рэжыме, на мінулым тыдні Расея адмяніла рэйсы ў Шарм-эш-Шэйх. За мінулыя выходныя расейскія ўлады вывезьлі тысячы сваіх турыстаў, якія засталіся на Сінаі пасьля адмены рэгулярных рэйсаў.

Верагоднасьць таго, што агенты «Ісламскай дзяржавы» змаглі пракрасьціся ў аэрапорт Шарм-эш-Шэйха і закласьці бомбу ў пасажырскі самалёт, узмацніла трывогі амэрыканскіх уладаў з нагоды небясьпекі, якую ўяўляе аддзяленьне групоўкі на Сінайскім паўвостраве.

«Гэта ўзмацніла заклапочанасьць», — сказаў адзін амэрыканскі чыноўнік на ўмовах ананімнасьці.

Паводле яго слоў, у якасьці асноўнай вэрсіі разглядаецца закладка бомбы ў самалёт супрацоўнікам аэрапорту.

XS
SM
MD
LG