Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усерасейскую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі рэкамэндавана дыскваліфікаваць за допінг


Усясьветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) афіцыйна рэкамэндавала дыскваліфікаваць Усерасейскую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі (ВФЛА) і адхіліць яе спартоўцаў ад удзелу ў спаборніцтвах да завяршэньня расьследаваньня, якое вядзецца спэцыяльнай Незалежнай камісіяй агенцтва.

Сёньня ў Жэнэве адбылася прэс-канфэрэнцыя Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва ў сувязі з прадстаўленьнем яе справаздачы Міжнароднаму алімпійскаму камітэту.

Камісія рэкамэндавала неадкладна абвясьціць Усерасейскую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі структурай, якая «не выконвае» міжнародны антыдопінгавы кодэкс. Міжнароднай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі рэкамэндавана дыскваліфікаваць расейскую фэдэрацыю і забараніць яе спартоўцам ўдзел ва ўсіх спаборніцтвах.

Камісія Усясьветнага антыдопінгавага агенцтва патрабуе пажыцьцёвай дыскваліфікацыі Марыі Савінавай, алімпійскай чэмпіёнкі 2012 года, і Кацярыны Паістагавай, якая на гульнях у Лёндане атрымала бронзавы мэдаль.

У справаздачы камісіі адзначаецца, што дырэктар антыдопінгавай лябараторыі ў Маскве Рыгор Родчанкаў зьнішчыў больш за 1400 допінг-пробаў — за тры дні да прыбыцьця ў Маскву членаў адмысловай камісіі летась у сьнежні. Зьнішчаныя пробы павінны былі прайсьці паўторнае тэставаньне ў іншых лябараторыях.

«Магчыма, мы маем справу з спадчынай савецкай сыстэмы», — сказаў на прэсавай канфэрэнцыі ў Жэнэве кіраўнік Незалежнай камісіі Рычард Паўнд. Паводле яго слоў, ёсьць падозраньні, што ў Расеі дзейнічае допінгавая праграма, якая падтрымліваецца дзяржавай. Паўнд, лічыць, што міністар спорту Віталь Мутко ня мог ня ведаць аб тым, што адбываецца.

XS
SM
MD
LG