Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Белдзяржфілярмоніі 10 лістапада ўзгадаюць Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна


Канцэртная заля Белдзяржфілярмоніі

Канцэртная заля Белдзяржфілярмоніі

Сёньня а 19-й гадзіне ў Вялікай залі Беларускай дзяржаўнай філярмоніі адбудзецца канцэрт памяці паэтаў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна «Струны сэрца чыстага». Ідэя правесьці мэмарыяльную вечарыну належыць народнаму артысту Беларусі, дырыжору Міхаілу Казінцу — выдатнаму музыканту і глыбокаму знаўцу беларускай літаратуры і паэзіі.

«Мы былі з аднаго пакаленьня, а з Генадзем Мікалаевічам мы яшчэ сябравалі. Любоў да беларускай паэзіі прыйшла да мяне ў далёкія 1960-я пад уплывам паэзіі Барадуліна і Бураўкіна.

Рыгор Барадулін — першаадкрывальнік новых даляглядаў у лексыцы паэзіі. У яго вершах рассыпаны разынкі народнага гумару. Генадзь Бураўкін — паэт-лірык, але і ў раньняй, і ў позьняй лірыцы ён заўсёды паўстае вялікім філёзафам і грамадзянінам. І Барадулін, і Бураўкін — гэта носьбіты беларускасьці, абодва вельмі тонка адчувалі беларускую мову. Лёс распарадзіўся так, што яны пайшлі з жыцьця амаль адначасова, адзін за адным — вясной 2014 году...», — так патлумачыў народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец свой выбар.

«Ёсьць людзі, якія ў гісторыі нашай літаратуры, культуры назаўсёды побач. Колас і Купала, Чорны і Гарэцкі, Барадулін і Бураўкін. Яны зьвязаныя творчасьцю, параднёныя той зямлёй, на якой зьявіліся, і небам, пад якім узрасьлі. І яшчэ — сяброўствам. Апошні верш Рыгора Барадуліна, які ён пісаў ужо ў такім стане, што почырк не разабраць і верш выглядае як кардыяграма, прысьвечаны Генадзю Бураўкіну. І ў разьвітальнай споведзі Генадзя Бураўкіна, запісанай Сяргеем Шапранам, самыя пранікнёныя словы — пра Барадуліна. Здаецца, што яны прыйшлі ў гэты сьвет абняўшыся, і, абняўшыся, зь яго сышлі», — кажа паэт, блізкі сябар Генадзя Бураўкіна і Рыгора Барадуліна Ўладзімер Някляеў.

У першым аддзяленьні мэмарыяльнай вечарыны прагучаць песьні на вершы паэтаў. У суправаджэньні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Ёсіфа Жыновіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца будуць сьпяваць Зьміцер Вайцюшкевіч, Ядзьвіга Паплаўская і Аляксандар Ціхановіч, Ігар Задарожны, Андрэй Коласаў, харавая капэла імя Рыгора Шырмы.

Генадзь Бураўкін і Рыгор Барадулін адведваюць Васіля Быкава ў бараўлянскім шпіталі

Генадзь Бураўкін і Рыгор Барадулін адведваюць Васіля Быкава ў бараўлянскім шпіталі

«Ня кожнаму артысту шанцуе асабіста сябраваць і працаваць разам з такімі мэтрамі і песеннай паэзіі, і ўвогуле паэзіі, — прызнаецца музыка Зьміцер Вайцюшкевіч. — Акрамя прафэсійных якасьцяў, і ў Генадзя Бураўкіна, і ў Рыгора Барадуліна былі геніяльныя чалавечыя якасьці — гумар, дасьціпнасьць, глыбіня — што ў аднаго, то і ў другога.

Генадзь Бураўкін пасьля кожнага канцэрта мне тэлефанаваў, рабіў заўвагі альбо проста нешта хваліў, альбо нешта мы абмяркоўвалі. Ня кожны паэт можа дазволіць сабе такое — патэлефанаваць пасьля канцэрту выканаўцу, калі ўжо ўсё адбылося. А ён тэлефанаваў, раіў, даваў каштоўныя парады, дзякаваў. Таму я лічу, што мне вельмі пашанцавала, што я з такімі выбітнымі людзьмі быў добра знаёмы і хоць трошкі стаў разьбірацца ў паэзіі, дзякуючы Бураўкіну і Барадуліну.

З Генадзем Мікалаевічам Бураўкіным я выдаў два альбомы, тут я адзін магу цэлы канцэрт запоўніць сабой. На мэмарыяльнай вечарыне буду выконваць песьню „Пані трошкі ў гадах“ і „Зоркі“ на вершы Барадуліна, і „Маці-матуля“ і „Месяц — жоўтая лодка“ на вершы Бураўкіна. Музыка мая».

У 2-м аддзяленьні Міхаіл Казінец будзе дырыжыраваць Дзяржаўным акадэмічным сымфанічным аркестрам Беларусі. Будзе выкананая Шостая сымфонія Андрэя Мдывані «Полацкія пісьмёны» — твор пра выдатных дзеячаў старажытнасьці Эўфрасіньню Полацкую і Францыска Скарыну.

XS
SM
MD
LG