Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Каталёніі прагаласаваў за рэзалюцыю аб выхадзе з Гішпаніі


Парлямэнт Каталёніі ў Барсэлёне прагаласаваў за рэзалюцыю аб выхадзе гэтага рэгіёну са складу Гішпаніі.

Рэзалюцыя, як паведамляюць міжнародныя прэс-агенцтвы, пачынае ажыцьцяўленьне гэтак званай «дарожнай мапы для незалежнасьці». Як мяркуюць каталёнскія незалежнікі, працэс выхаду Каталёніі з Гішпаніі зойме 18 месяцаў.

За рэзалюцыю прагаласавалі 62 парлямэнтары, супроць яе — 10. У рэгіянальным каталёнскім парлямэнце — 135 дэпутатаў. У апошніх парлямэнцкіх выбарах, якія адбыліся напрыканцы верасьня, перамаглі сілы, якія выступаюць за незалежнасьць Каталёніі.

Гішпанская канстытуцыя не дазваляе рэгіёнам краіны на адлучэньне. Прэм’ер-міністар Гішпаніі Мар’яна Рахой адразу пасьля галасаваньня ў Барсэлёне заявіў, што ягоны ўрад падасьць апэляцыю ў Канстытуцыйны суд. Паводле Рахоя, дэклярацыя незалежнасьці, прынятая сёньня рэгіянальным парлямэнтам Каталёніі, ня мае «ніякіх наступстваў».

XS
SM
MD
LG