Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турфірмы: беларусы баяцца, але ўсё роўна ляцяць у Эгіпет


Трагедыя самалёта А321 расейскай авіякампаніі «Кагалымавія» над Сынаем пакуль не прымусіла беларусаў адмовіцца ад адпачынку ў Эгіпце. Пра гэта заяўляюць Свабодзе прадстаўнікі беларускіх турфірмаў.

У турыстычных кампаніях запэўніваюць, што апошнія падзеі амаль не паўплывалі на іхнюю працу па эгіпецкім напрамку.

Намесьнік дырэктара турыстычнай кампаніі «Л-Турс» Алена Бялько заявіла Радыё Свабода, што на дадзены момант ніводнай адмовы ад паездкі ў Эгіпет фірма не атрымлівала.

Можа, будуць адмовы на пазьнейшыя вылеты, але ўчора вылецелі людзі і ў Шарм-аш-Шэйх, і ў Хургаду — усе 100% забраніраваных месцаў, ніводнай заявы аб адмове не было.

«Нічога ў нас пакуль ня зьменшылася. На поўдзень сёньняшняга дня ў нашай кампаніі няма ніводнай заявы (аб адмове ад турпуцёўкі ў Эгіпет. — РС). Можа, будуць, вядома, адмовы на пазьнейшыя вылеты. Але ўчора вылецелі ў нас людзі і ў Шарм-аш-Шэйх, і ў Хургаду — усе 100% забраніраваных месцаў вылецелі, ніводнай заявы аб адмове не было. І заўтра ў нас вылятае самалёт з нашымі турыстамі, усе атрымалі дакумэнты, усе вылятаюць. Ну, вядома, не ў выдатным настроі — вядома, усё разумеюць, што здарылася трагедыя, сумна вельмі. Але ніхто не адмаўляўся. Людзі толькі настроі свае выказваюць сумныя», — распавяла Алена Бялько.

Начальнік аддзелу продажаў турфірмы «Магелан» Кацярына Галіева запэўніла карэспандэнта Свабоды, што на сёньняшні дзень ніякіх зьменаў у працы кампаніі па эгіпецкім напрамку няма.

«Мы працуем у такім жа рэжыме, як і заўсёды. Мы прыслухоўваемся да МЗС, да Міністэрства спорту і турызму. Але на сёньняшні дзень ёсьць толькі рэкамэндацыя — не сказана, што нельга туды лётаць. На сёньняшні дзень ёсьць рашэньне авіякампаніі „Белавія“, што яны будуць ажыцьцяўляць свае палёты ў такім жа стандартным рэжыме, і прынята рашэньне выконваць рэйсы ня толькі ў Хургаду, але і ў Шарм-аш-Шэйх у адпаведнасьці з раней узгодненай праграмай. Таму на сёньня ўсе ахвотныя могуць набываць пуцёўкі з вылетам зь Менску абсалютна спакойна», — кажа яна.

Між тым Кацярына прызнае: кампанія ўлічвае, што некаторыя беларусы могуць адмовіцца ад адпачынку ў Эгіпце:

Безумоўна, крызіс адчуваецца. Тая трагічная сытуацыя, якая склалася ў Расеі, — гэта жахлівая несправядлівасьць і шок.

«Безумоўна, крызіс адчуваецца. Тая трагічная сытуацыя, якая склалася ў Расеі, — гэта жахлівая несправядлівасьць і шок. І, безумоўна, яна адбіваецца нэгатыўным чынам на набыцьці пуцёвак. Дадзеная сытуацыя грамадзян Рэспублікі Беларусь тычыцца, але не ў такой меры. Таму што палёты выконваюцца. Калі хтосьці ня хоча падарожнічаць у Эгіпет у гэтым годзе — калі ласка, мы можам прапанаваць альтэрнатыву».

Кацярына Галіева запэўніла, што на агульным патоку ахвотных адправіцца ў Эгіпет цяперашняя сытуацыя пакуль ніяк не адбілася. Сёньня попыт такі самы, які быў, напрыклад, і тры тыдні таму, да гібелі лайнэра. Іншая справа, што попыт на эгіпецкі адпачынак цяпер у прынцыпе ня надта вялікі.

«У нас попыт і так невялікі. Але пакуль я спакойная. Пакуль я бачу, што людзі проста цікавяцца, яны раяцца з намі, як ім лепш зрабіць. На першым месцы ў нас заўсёды бясьпека турыстаў. Калі зь нейкіх прычын турыст, і мы яго разумеем, хацеў бы перабраніраваць або адмяніць паездку з вылетам з Масквы (таму што многія грамадзяне браніруюць вылеты з Масквы, каб зэканоміць) — калі ласка, гэтыя турысты па такой жа цане могуць перабраніраваць пуцёўку на Гоа або Шры-Ланку. Альбо ануляцыя, і мы вяртаем усе грашовыя сродкі на працягу двух тыдняў», — кажа яна.

Кацярына Галіева адзначыла, што асабіста сутыкалася з трыма выпадкамі, калі беларусы, якія зьбіраліся ляцець у Эгіпет праз Маскву, мянялі турыстычную пуцёўку на іншы кірунак. Аднак пакуль яшчэ ніхто не забіраў грошы.

Панікі сярод тых беларускіх турыстаў, якія ўжо цяпер адпачываюць у Эгіпце, таксама няма. «Многія людзі, якія цяпер знаходзяцца ў Хургадзе, Шарм-аш-Шэйху і на іншых курортах Эгіпту, пішуць, што яны адпачываюць, у іх пакуль усё спакойна і добра. Пакуль няма ніякіх заяў пра тое, што ёсьць паніка сярод адпачывальнікаў альбо што гэта нейкім чынам псыхалягічна некамфортна адбіваецца», — распавяла Кацярына.

У турыстычнай кампаніі «Алатан-Тур» Свабодзе заявілі, што ня будуць даваць ніякіх камэнтароў, «пакуль сытуацыя не праясьніцца», і параілі патэлефанаваць праз тыдзень.

Архіўнае фота: расейскі самалёт А321, які разьбіўся ў Эгіпце, вылятае з маскоўскага аэрапорта Дамадзедава, 20 кастрычніка 2015 году

Архіўнае фота: расейскі самалёт А321, які разьбіўся ў Эгіпце, вылятае з маскоўскага аэрапорта Дамадзедава, 20 кастрычніка 2015 году

У суботу, 7 лістапада, Міністэрства замежных спраў Беларусі распаўсюдзіла рэкамэндацыю беларускім грамадзянам адмяніць на бліжэйшы час (да новых паведамленьняў) паездкі ў Эгіпет з турыстычнымі мэтамі. Такія рэкамэндацыі, як растлумачылі ў МЗС, зьвязаныя «з рашэньнем уладаў шэрагу дзяржаў аб часовым абмежаваньні авіязносінаў з турыстычнымі цэнтрамі Эгіпту, у прыватнасьці аб адмене авіяпералётаў у напрамку Эгіпту, а таксама арганізацыі плянавага і пазаплянавага вывазу турыстаў з гэтай краіны, улічваючы найперш узьніклы ажыятаж, тэхнічныя цяжкасьці і магчымыя праблемы з належным кантролем бясьпекі ў адпаведных эгіпецкіх аэрапортах».

Расея абмежавала палёты ў Эгіпет вечарам 6 лістапада зь меркаваньняў бясьпекі ў сувязі з крушэньнем 31 кастрычніка самалёта А321 расейскай авіякампаніі «Кагалымавія» над Сынаем. Ахвярамі трагедыі сталі 224 чалавекі. Расьсьледаваньне катастрофы працягваецца, сярод асноўных вэрсіяў — тэракт.

На месцы катастрофы расейскага самалёта A321 у Эгіпце, 1 лістапада 2015 году

На месцы катастрофы расейскага самалёта A321 у Эгіпце, 1 лістапада 2015 году

У Асацыяцыі турапэратараў Расеі страты ад забароны расейскім авіякампаніям лётаць у Эгіпет ацанілі амаль у 4 мільярды расейскіх рублёў (больш як 56 мільёнаў даляраў).

Цяпер расейскія апэратары прапануюць турыстам замест Эгіпту ляцець у Турэччыну.

Традыцыйна значная частка беларусаў, якія зьбіраліся адпачываць у Эгіпце, ляцелі туды праз Маскву. Паводле ацэнак некаторых спэцыялістаў, праз Маскву могуць лётаць да 30% ад усіх беларусаў, хто купляў пуцёўкі ў Эгіпет.

Паміж Беларусьсю і Эгіптам авіязносіны не абмяжоўвалася, ніякіх зьменаў у графіку рэйсаў не было. Адпаведнае рашэньне прыняла кампанія «Белавія».

XS
SM
MD
LG