Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскоўскі экспэрт: Беларусь і двух тыдняў не пратрымаецца ў выпадку расейскай агрэсіі


Расейскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін у інтэрвію Свабодзе разважае пра пагрозу для Беларусі ад расейскага шавінізму і халоднай гістэрыкі Ўладзімера Пуціна.

На мінулым тыдні ў Расеі прайшоў шэраг акцыяў, прымеркаваных да Дня народнага адзінства і сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі. У Маскве і іншых гарадах адбыліся «рускія маршы», удзел у якіх бралі розныя адгалінаваньні нацыяналісцкіх груповак. Адпаведна з ідэалёгіяй кожнай групоўкі акцыі называліся «Рускі марш за рускі мір», «Рускі марш за рускі рэванш», «Рускі марш супраць дыктатуры» і іншыя.

Удзельнікі маршу на Дзень народнага адзінства ў Крыме. 4 лістапада 2015 году
Удзельнікі маршу на Дзень народнага адзінства ў Крыме. 4 лістапада 2015 году

Галоўнае сьвяточнае шэсьце адбылося на Цьвярской вуліцы. У ім, паводле дадзеных паліцыі, узялі ўдзел ня менш за 85 тысяч чалавек.

Радыё Свабода пагутарыла з расейскім палітолягам Дзьмітрыем Арэшкіным, каб высьветліць, наколькі нацыяналізм і шавінізм апанаваў расейскае грамадзтва.

— Дзьмітры Барысавіч, у «рускіх маршах» бралі ўдзел у асноўным маладыя людзі. Адкуль яны? Чым выклікана іх актывізацыя?

Дзьмітры Арэшкін
Дзьмітры Арэшкін

— На вуліцы выходзіць новае пакаленьне. Яно ня ведае сапраўднай вайны, адчувае сябе абароненым ад голаду і дэфіцыту тавараў, але адчувае сябе прыніжаным. Чаму прыніжаным? Таму што ў той карціне сьвету, якая стваралася расейскай уладай, вельмі істотную ролю грае комплекс прыніжэньня.

У словах Пуціна пра тое, што найбуйнейшая геапалітычная катастрофа 20-га стагодзьдзя — гэта распад СССР, гэтае новае пакаленьне бачыць крыўду. Натуральным чынам зьяўляецца мара пра рэванш. Менавіта ў гэтым разгадка як фэномэну Пуціна, так і фэномэну групаў фашысцкага кшталту, якія цяпер масава ўтвараюцца ў Расеі.

Фундамэнтальная праблема ў тым, што яны маюць скажоны вобраз мінулага Вялікай Расеі, створаны такімі ж пакрыўджанымі літаратарамі і мастакамі. Для іх СССР быў вялікай і магутнай краінай, якую ўсе паважалі і ў якой добра жылося.

"Русскі марш" у Маскве, 4 лістапада 2015 году
"Русскі марш" у Маскве, 4 лістапада 2015 году

Гэта барацьба за міт. Шчыра кажучы, мусалініеўскі фашызм, гітлераўскі нацызм і ленінска-сталінскі бальшавізм трымаюцца на ідэі дзяржаўнага міту, функцыя якога — у рэалізацыі волі моцнага лідэра. То бок усе гэтыя ідэі працуюць толькі пры наяўнасьці моцнага правадыра.

— Чаму гэта прываблівае маладых?

— Карцінкі, якімі прапаганда можа дэманстраваць нацызм ці бальшавізм, — вельмі прывабныя для простага чалавека: моцныя мускулістыя хлопцы дружна крочаць па шырокай плошчы. Натхнёныя такімі вобразамі, цяпер у Расеі зьяўляюцца дробныя нацысцкія і фашысцкія групоўкі са сваімі лідэрамі, сымбалямі, лёзунгамі. Менавіта іх і можна было бачыць у фотарэпартажах з «рускіх маршаў», якія праходзілі ў Маскве і іншых гарадах 4 і 7 лістапада. Гэтыя групоўкі даволі маргінальныя, яны ня носяць агульнанацыянальнага характару. Але іх існаваньне сьведчыць пра голад па велічы, жаданьне прыгожай карцінкі. Гэтыя групоўкі даволі папулярныя. Найперш праз тое, што людзі ня хочуць думаць, чым гэта сканчаецца. А сканчаецца гэта заўсёды вайной і катастрофай дзяржавы. Цяпер у Расеі мэйнстрымам — пуцінскі нацыяналізм, патрыятызм і рэваншызм. А там, дзе мэйнстрым, — там моладзь. Таму мы і бачым на «рускіх маршах» вялікую колькасьць маладых людзей, якія хочуць далучыцца да таго, што цяпер папулярна.

"Русскі марш" у Маскве, 4 лістапада 2015 году
"Русскі марш" у Маскве, 4 лістапада 2015 году

— Людзей запрашалі да ўдзелу ў акцыях, абяцаючы плату — ад 300 да 600 рублёў. Некаторыя арганізатары заваблівалі і алькаголем...

— Так, іх падкормліваюць — і тут няма ніякага сакрэту. Фінансаваньне ідзе і з Крамля, і зь сілавых структураў. Трэба таксама адзначыць, што ёсьць групоўкі правага кшталту, якіх Крэмль пабойваецца — мы бачылі на «рускіх маршах» лёзунгі, скіраваныя супраць дыктатуры і Ўладзімера Пуціна пэрсанальна. Што тычыцца грамадзкай думкі, то большасьць у Расеі глядзяць на нацысцкія групоўкі з сымпатыяй — маўляў, вось хлопцы, якія высока нясуць штандар рускага народу.

— Як новыя фашысцкія і нацыяналісцкія групоўкі ў Расеі глядзяць на суседнія краіны, напрыклад, Беларусь? Ці дамінуе ідэя вяртаньня былых савецкіх рэспублік у адзінае дзяржаўнае ўтварэньне пад кіраўніцтвам Крамля?

— Я б сказаў, што ў сапраўднай геапалітыцы гэтыя групоўкі нічога не вырашаюць. Але што тычыцца Беларусі, то баюся, што тут могуць быць пляны ў Пуціна — а гэта нашмат сур’ёзьней, чым агрэсіўныя маладзёны, якія выходзяць на «рускія маршы».

Удзельнікі "рускага маршу" ў Маскве, 4 дістапада 2015 году
Удзельнікі "рускага маршу" ў Маскве, 4 дістапада 2015 году

— Чаму?

— Таму што Пуцін шукае формулу, якая дазволіць яму апраўдваць бязьзьменнае трыманьне ім улады. Формулы могуць быць розныя: супрацьстаяньне з Захадам, зьбіраньне рускіх зямель, узнаўленьне СССР — нешта такое, што стварае крызісную сытуацыю, каб можна было сказаць, што коней на пераправе не мяняюць. Апошнія два гады такая крызісная сытуацыя была створаная на ўсходзе Ўкраіны, у выніку чаго ў Расеі рэйтынг Пуціна вельмі моцна павысіўся. Але цяпер людзі пачынаюць паціху разумець, што атрымалася зусім ня тое, што плянавалася: Украіна не далучылася да Эўразійскага саюзу, забіта шмат людзей, Украіна крочыць у бок Эўропы.

— Ці ў Расеі лічаць, што Беларусь таксама разварочваецца тварам да Захаду? І калі так, то чым гэта можа пагражаць?

— Усе разумеюць, што ў Пуціна няма грошай, якія вельмі патрэбныя Лукашэнку. Таму ён цяпер шырока ўсьміхаецца Захаду — дзе яму могуць даць грошай. Дзеля гэтага былі выпушчаныя палітычныя вязьні, дзеля гэтага дасюль няма згоды на разьмяшчэньне расейскай авіябазы. І тут можна трапіць пад раздачу з боку Ўладзімера Пуціна, які цяпер у стане халоднай гістэрыкі. У яго ўсюды аблом: ва Ўкраіне — аблом, у Сірыі — чым больш туды будзе лезьці, тым больш відавочны будзе аблом, людзі паступова пачынаюць разумець, што самалёт «Кагалымавія» ўзарвалі і гэта неяк зьвязана з Сырыяй. А Пуціну патрэбныя перамогі. І выходзіць, што Беларусь і Лукашэнка — самы прыдатны варыянт, каго ён можа перамагчы зь мінімальнымі затратамі. А калі параўноўваць вайсковы патэнцыял, то лёгка зрабіць выснову, што Беларусь і двух тыдняў не пратрымаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG