Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Танкі не ўзялі Вільню» — так называецца праект незалежнага маскоўскага фатографа Яўгена Кандакова, прысьвечаны падзеям студзеня 1991 году ў Літве.

Чвэрць стагодзьдзя таму малады фотакарэспандэнт штотыднёвіка «Московские новости», які адправіўся ў сваю першую самастойную камандзіроўку, стаў сьведкам сутыкненьняў грамадзянаў Літвы з уведзенымі ў цэнтар гораду савецкімі войскамі.

11-13 студзеня 1991 году загінулі, паводле розных зьвестак, ад 14 да 16 чалавек, амаль паўтары сотні атрымалі раненьні. Вэрсіі гэтых падзей істотна розьняцца, Літва дагэтуль працягвае шукаць датычных да трагедыі былых савецкіх вайскоўцаў, некалькі чалавек — у асноўным, зь ліку прыбалтыйскай камуністычнай намэнклятуры, якая тады супрацоўнічала з Масквой — асуджаныя на турэмнае зьняволеньне «за ўдзел у спробе дзяржаўнага перавароту». Вайсковая апэрацыя ў Вільні стала рэакцыяй крамлёўскага кіраўніцтва на абвяшчэньне незалежнасьці Літвы. Савецкія дэсантнікі і танкісты штурмам узялі віленскі тэлецэнтар, занялі грамадзкія будынкі. Прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў заявіў раніцай, што нічога ня ведаў пра тое, што здарылася. Літоўская кампартыя паспрабавала арганізаваць Камітэт нацыянальнага выратаваньня, але беспасьпяхова: палітычны працэс у савецкіх рэспубліках Прыбалтыкі разгарнуць не ўдалося.



Чорна-белыя гістарычныя здымкі Яўгена Кандакова плянуе прадставіць у маскоўскім Цэнтры сучаснага мастацтва «Вінзавод» галерэя Photoloft.

Яўген Кандакоў: Я зьбіраюся надрукаваць фатаграфіі на газэтнай паперы ў фармаце «Московских новостей» 1990-х гадоў. Кожны такі газэтны разварот зьяўляецца цалкам выставачным фарматам. Я зьбіраюся выкарыстоўваць і традыцыйныя фатаграфіі вялікага памеру, але ядром экспазыцыі павінен стаць свайго роду спэцыяльны выпуск «Московских новостей» з фотаздымкамі. Я знайшоў канвэрт з нэгатывамі ў сваім архіве і цяпер завяршаю сканаваньне. Усяго ў праекце будзе каля 60 фатаграфій. Я хацеў бы надрукаваць некалькі сотняў такіх «газэтных» камплектаў. Гэта дазволіць правесьці выставу на многіх пляцоўках і раздаць наведвальнікам частку накладу. Кожны, у каго будзе такі шматстаронкавы папяровы камплект, зможа прыляпіць фатаграфіі на сьцяну, плот, у падземным пераходзе — так, як гэта і адбывалася ў Вільні 25 гадоў таму.

РС: Сярод матэрыялаў, якія вы даслалі мне напярэдадні інтэрвію, ёсьць фотакаляжы, на якіх вашы віленскія фатаграфіі, надрукаваныя на старонках «Московских новостей», «накладзеныя» на сьцены сучасных маскоўскіх дамоў. Што вы хацелі гэтым сказаць?

Яўген Кандакоў: Мне здалося, што лепшага месца, дзе можна правесьці выставу, прысьвечаную падзеям у Вільні, чым Віленская вуліца ў Маскве, не знайсьці. Я адправіўся ў Ясенева і выявіў на Віленскай вуліцы бібліятэку, а побач зь ёй у сумежным памяшканьні — студыю з выставачнай заляй. Зьвярнуўся да загадчыцы. Мяне гатовыя былі падтрымаць і сказалі: «Добра, рыхтуйце вашы матэрыялы, мы правядзем выставу». Аднак празь некалькі дзён я атрымаў ад загадчыцы ліст, у якім паведамлялася: «начальства не падтрымала ідэю» па прычыне таго, што такога роду экспазыцыя — ня іх фармат. Калега загадчыцы выказалася больш разгорнута: «Вы ж разумееце, што ў наш час татальнага кантролю спэцслужбаў такая шкодная выстава немагчымая ў муніцыпальнай бібліятэцы. Вярнуўся час кухонных гутарак».

Я вырашыў не адчайвацца, бо ніхто мне ня можа перашкодзіць правесьці віртуальную выставу — і ня толькі на маскоўскай Віленскай вуліцы, але і на Віленскіх вуліцах іншых расейскіх гарадоў. Я зьвярнуўся да сваіх сяброў-фатографаў з просьбай дасылаць мне здымкі Віленскі вуліц. У адпаведных месцах гэтых фатаграфій Віленскіх вуліц я буду разьмяшчаць свае фатаграфіі 1991 году, а потым дзе-небудзь у адмысловым месцы, напрыклад, у Фэйсбуку, наладзім выставу «На Віленскі вуліцах».

Я спрабую сабраць грошы на праект з дапамогай грашовай талакі — клясна было б зрабіць выставу аб Вільні на грошы, сабраныя расейцамі! Але ў суграмадзян цяпер (ці заўсёды), вядома, іншыя прыярытэты, і працэс пакуль, шчыра кажучы, буксуе. Аднак, даведаўшыся аб маім праекце, галерэя Photoloft, разьмешчаная ў Цэнтры сучаснага мастацтва «Вінзавод», зьвязалася са мной: Мы, вядома, прыватная галерэя і павінны зарабляць грошы, але такі праект ня можам не падтрымаць, будзем шукаць магчымасьць зрушыць наш графік і хоць бы на тыдзень пусьціць вас да нас у галерэю. Гэта вельмі важна для мяне, і цяпер адступаць мне ўжо няма куды.

РС: А вы ў Вільню не зьвярталіся? Ёсьць там цікавасьць паглядзець вашы фатаграфіі?

Яўген Кандакоў: Для Вільні гэтыя падзеі — наогул важная нацыянальная тэма. Літва заўсёды была фатаграфічным цэнтрам, і, вядома, дзясяткі віленскіх фатографаў здымалі гэтыя падзеі. Я нават не зьвяртаўся ў Вільню, таму што мне важна прадставіць свае здымкі ў Маскве. Калі мне ўдасца надрукаваць хоць бы некалькі дзясяткаў камплектаў сваіх фатаграфій, у выглядзе газэтнага спэцвыпуску, а можа быць, нават у выглядзе альбому, то, вядома, я знайду спосаб адправіць некалькі асобнікаў у Вільню, напрыклад, у Музэй незалежнасьці Літвы.

РС: Раскажыце пра гісторыю гэтых фатаграфій. Як складалася гэтая ваша памятная паездка ў Вільню?

Яўген Кандакоў: Паездка ў Вільню фактычна аказалася маёй першай самастойнай камандзіроўкай. Я паехаў у Вільню нават бязь пішучага журналіста, карэспандэнта адправілі наўздагон, калі падзеі сталі імкліва разьвівацца. Але мы з калегам нават не сустрэліся ў Вільні, паколькі мабільнай сувязі яшчэ не існавала. Квіткоў у Вільню не было, горад знаходзіўся на спэцыяльным становішчы, і толькі асабісты ўдзел Ягора Якаўлева дазволіў вырашыць праблему. Я паляцеў у Літву ў паўпустым самалёце з ужо неіснуючага цяпер, па-мойму, аэрапорту Быкава. Вярхоўны Савет Літоўскай Рэспублікі абвясьціў Акт аб аднаўленьні незалежнасьці ў сакавіку 1990 году, палітычныя працэсы разьвіваліся хутка і супярэчліва, і ў пачатку студзеня 1991 году на вуліцах Вільні дзясяткі тысяч чалавек удзельнічалі ў дэманстрацыях. І я здымаў на вуліцах гораду сьпяваючых людзей... Я прыляцеў у Літву ў суботу, 12 студзеня, а вечарам таго ж дня ў цэнтар Вільні ўвайшлі савецкія танкі. Кантраст паміж людзьмі, якія сьпявалі, і танкамі як адзіным аргумэнтам улады ў размове з тады яшчэ сваімі грамадзянамі — гэта, вядома, выклікала гнятлівае ўражаньне.

РС: Вы адчувалі нянавісьць да Савецкага Саюзу на вуліцах гораду?

Яўген Кандакоў: Не, ніякай нянавісьці я не адчуваў. Людзі былі настроеныя вельмі добразычліва, абстаноўка была вельмі цёплай, лёгка пераходзілі зь літоўскай на рускую мову. Але адчувалася рашучасьць. Вось людзі прынялі нейкае рашэньне для сябе, і яны не зьбіраюцца мяняць яго. Адчувалася, што яны будуць стаяць на гэтай плошчы столькі, колькі трэба, і калі трэба, застануцца там назаўсёды.

РС: Вы бачылі штурм тэлевежы?

Яўген Кандакоў: Штурм тэлевежы адбыўся ўначы з суботы на нядзелю. Я знаходзіўся каля будынка парлямэнту, і, калі прыйшлі паведамленьні аб тым, што танкі атачылі тэлецэнтар, я паехаў туды. Але людзі ўжо загінулі да таго моманту, на свае вочы я ня бачыў дзеяньняў дэсантнікаў.

РС: Потым вы вярнуліся ў Маскву і выйшаў нумар «Московских новостей» з вашымі здымкамі?

Яўген Кандакоў: Вярнуцца ў Маскву — гэта была асобная складанасьць. На вакзалах Вільні былі вайсковыя патрулі, і я баяўся за зьнятыя фотастужкі. Для таго, каб пасьпець «у нумар», я павінен быў даставіць стужку ў Маскву, бо лічбавыя тэхналёгіі зьявіліся гадоў праз 10 пасьля віленскіх падзей. Каб не прыцягваць увагі спэцслужбаў, баючыся канфіскацыі стужак, я вымушаны быў пакінуць усю апаратуру ў выпадковых знаёмых і на нейкім прахадным цягніку, у пляцкартным вагоне, зьехаў у Маскву. Празь дзень выйшла газэта «Московские новости» з шапкай «Крывавая нядзеля» і фатаграфіяй віленскіх падзей на першай паласе. Сотні людзей стаялі цэлы дзень на Пушкінскай плошчы, каля рэдакцыі «Московских новостей», і чыталі гэты нумар, выстаўлены ў насьценных стэндах. Празь некалькі дзён у Маскве адбыўся шматтысячны мітынг у падтрымку літоўцаў. Частка накладу з дапамогай пілётаў «Аэрафлёту» пераправілі ў Вільню, газэту распаўсюджвалі на барыкадах вакол парлямэнту... А фотатэхніку мне перадалі празь некалькі дзён, імёнаў гэтых людзей я нават ня ведаю. Але ўся тэхніка вярнулася да мяне непашкоджанай.

РС: Вы з той пары бывалі ў Вільні?

Яўген Кандакоў: Віленскія падзеі сталі для мяне вельмі асабістай гісторыяй, мяне час ад часу цягне ў Літву. Некалькі гадоў таму я нават зьняў у Вільні рэпартаж па сьлядах сваіх першых здымак. На тых самых месцах, дзе стаялі танкі і натоўпы мітынгоўцаў, я здымаў нейкія новыя сюжэты з новага гарадзкога мірнага жыцьця. Гэта абсалютна два розныя гарады, вядома ж. Сэнс ня ў тым, што зьявіліся новыя будынкі, бізнэс-цэнтры, аўтамашыны, а сэнс у тым, як людзі зьмяніліся. 20-гадовыя хлопцы, зь якімі я размаўляў на вуліцах Вільні, разважаюць пра тое, дзе б ім працаваць — у Нарвэгіі ці ў Шатляндыі. Гэта значыць, для літоўцаў Эўропа стала ўласным домам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG