Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Віктар Сазонаў


Віктар Сазонаў нарадзіўся 18 кастрычніка 1963 у вёсцы Гальшаны, Ашмянскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Там жа ў 1980-м годзе скончыў Гальшанскую сярэднюю школу. У 1981-1983 гадах служыў у войску (спэцназ паветрана-дзесантных войскаў, вайсковая спэцыяльнасьць — старэйшы разьведчык). З 1985 па сёньняшні дзень пражывае ў Горадні. Адукацыя — вышэйшая (гісторык, скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы). Працоўны шлях прайшоў ад токара да навукоўца (навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музэю гісторыі рэлігіі ў Горадні). Зараз асноўны працоўны занятак — журналістыка. З 200 журналіст рэдакцыі беластоцкага Тыднёвіка беларусаў Польшчы «Ніва». Таксама супрацоўнік «Радыё Рацыя». Зьяўляецца публіцыстам, пісьменьнікам, аналітыкам, грамадзка-палітычным дзеячам, праваабаронцам. Жанаты, выхоўвае дваіх дзяцей.

Апублікаваў тры кніжкі па беларуску і дзьве ў перакладзе на польскую мову: «Занатоўкі кантрабандыста» (2005; перадрукоўвалася некалькі разоў па-беларуску і была перакладзена на польскую мову); «Суседзкія былі» (2011); «Сандалі мэтрапалітыка» (2012); «Паэзія прозы» (2013). У розныя гады друкаваўся ў часопісах «Дзеяслоў», «Новы замак», «Kartki», «Rocznik Grodzieński», газэтах «Наша ніва», «Новы час», «Літаратура і мастацтва» і іншых.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Для ўсіх, хто зацікавіцца.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Ня мае значэньня мейсца. Прыходзіць настрой і ня можаш, каб не напісаць нешта.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Толькі тых, якія напісаў сам.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Чынгачгук.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

О. Генры.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Перачытваю беларускіх клясыкаў.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Польская, украінская.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

«Паэзія прозы».

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

«Эфект Плацэбо». Працую над ёй.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Па-рознаму. Часамі на сваёй малой радзіме у «Гальшанах». Часамі на Беласточчыне. Часамі на могілках нацыянальных герояў. Часамі на акцыях пратэсту. Часамі як вып’ю віскі або самагонкі. Найчасьцей як прыходзіць натхненьне, каб пісаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG