Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто каго хоча «зварыць і зьесьці»


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Канібалістычны матыў, што прагучаў на апошняй інаўгурацыі, самы запамінальны момант. Такога яшчэ ня чулі. Напэўна нават начальства, якому словы адрасаваліся.

Хто можа мець такія мэты? Папуасы Новай Гвінэі? Яны далёка. Жудасны Бакаса даўно памёр. Тады хто? Буржуі? Чамусьці ня верыцца. Дык значыць найлепшы друг беларускай рэспублікі? Значыць, існуюць агентурныя дадзеныя?

Не зважаючы, што цытата з інаўгурацыі нагадвае сагі і старажытныя легенды, слухачы павінны былі разумець, што зжэрці недабразычлівец хоча ў пераносным сэнсе, паглынуць рэспубліку. А ў наяўнасьці два сьвежыя варыянты: альбо як Крым, альбо як Данбас.

Агулам сьвет не зацікавіўся інаўгурацыяй і наўрад ці пачуў трывожны «сос» наконт «зварыць і зьесьці». Адна справа прэм’ера, зусім іншая — калі спэктакль ідзе не адзін сэзон. Што цалкам зразумела. Патрэбныя навіны. А хіба навіна: сабраць столькі народу, каб папярэдзіць, што ўсё будзе па-старому, нават больш па-старому, чым вы можаце чакаць?

Усё ж публіцы прыямней было б пачуць штось прыгожае, няхай ня вельмі рэалістычнае, але аб чым можна было б марыць. Канечне, не аб кісельных берагах малочных рэк. Але аб чым-небудзь станоўчым, аптымістычным. Як раней спачатку Ленін, потым Хрушчоў абяцаў камунізм. А беларусам сёньня якраз не хапае аптымізму, няма аб чым марыць. Ну вось трапіўся на вочы загаловак, які, на жаль, перадае сутнасьць рэчаў: «Чистота, пустота, казенное уныние: Россия превращается в Белоруссию».

У такой сытуацыі, калі нічога мяняцца да лепшага ня будзе, самому начальству хіба нічога не застаецца, як паслухаць любіцеляў Лукашэнкі, пэнсіянэраў. Што кажа адна пэнсіянэрка: трэба адмяніць інаўгурацыю, яна больш непатрэбная. І выбары адмяніць. Чаму? Калі Лукашэнка першы раз набраў 93 працэнты (муж папраўляе: а па-мойму нават больш, 96 ці 97), то якія могуць быць сумненьні — хто павінен быць прэзыдэнтам? Ён даказаў адразу і надоўга, хто самы папулярны ў народзе. Нам, знаяце, «перабудоваў» ня трэба, нам хочацца спакойна памерці. Няхай будзе Лукашэнка, ня трэба мяняць.

І ва ўсякім разе ў адным маюць рацыю такія пэнсіянэры: каб не было той інаўгурацыі, не пачулі б наконт «зварыць і зьесьці». Далей жылі б калі не спакойна зусім, то без вялікіх страхаў. А так начальству цяпер не да сну будзе. Не пазайздросьціш: нібы саюзьнік у нас найлепшы, а чакаць мусіш падвоху, каменя за пазухай. Ну проста як было ў Ёсіфа з Адольфам калісьці: небясьпечнае сяброўства.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG