Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мова Нанова» пры падтрымцы Згуртаваньня беларусаў Канады распачала свой першы сэзон інтэрактыўных заняткаў беларускай мовы ў Таронта.

Журналіст Глеб Лабадзенка і філёляг Алеся Літвіноўская, заснавальнікі курсаў «Мова Нанова» ў Беларусі, прывіталі ўдзельнікаў курсаў у Таронта праз відэа-зварот.

Граматычны блёк прадставіў старшыня Згуртаваньня Беларусаў Канады, лінгвіст Зьміцер Эльяшэвіч.

Тэмай першых заняткаў сталася «Здаровае харчаваньне». Доктар малекулярнай біялёгіі Алена Лявончанка падрыхтавала прэзэнтацыю, прадэманстравала хімічныя працэсы, якія адбываюцца ў нашым арганізьме падчас страваваньня, і як карысная і некарысная ежа ўплывае на нашае здароўе.


Скайп-госьць з Беларусі, дацэнт Мэдычнага ўнівэрсытэту Віталь Кошалеў праз відэазлучэньне адказаў на пытаньні ўдзельнікаў мерапрыемства пасьля сваёй прэзэнтацыі пра здаровае харчаваньне.
Госьць тэматычнага блёку — сямейны лекар Юлія Барыла, якая практыкуе ў Таронта, таксама адказала на пытаньні, што хвалявалі ўдзельнікаў «Мова Нанова» ў Таронта.

Выступіў беларускі фольк-гурт з Таронта «Яваровы людзі». Слухачы разам з гуртом сьпявалі песьні й гралі на музычных інструмэнтах.


Ірына Тоўсцік, вядучая й адна з ініцыятараў «Мова Нанова» ў Таронта, пра курсы:

"Атрымалася такая ўтульная, цікавая, займальная й пазнавальная сустрэча. Хочацца адзначыць, што Мова Нанова ў Таронта — гэта ня толькі вывучэньне мовы і культуры Беларусі, гэта таксама яднаньне, наладжваньне сувязяў сярод беларусаў Таронта.

Для дзетак у нас былі арганізаваныя столікі з алоўкамі, маляванкамі й самаробкамі, каб бацькі, якім няма зь кім пакінуць дзетак, таксама мелі магчымасьць паўдзельнічаць у нашых занятках. Мы шчыра запрашаем усіх зацікаўленых беларусаў на нашыя наступныя сустрэчы. Заняткі будуць адбывацца раз на месяц у будынку Беларускага Грамадзка-рэлігійнага цэнтру Таронта 524 St. Clarens Ave. Toronto M6H 3W7 Canada. Расклад наступных заняткаў Мова Нанова ў Таронта на 2015-2016

• 12 сьнежня 2015 Тэма: Каляды
• 24 студзеня 2016 Тэма: Беларускія стравы
• 28 лютага 2016 Тэма: Масьленіца
• 12 сакавіка 2016 Тэма: Вясна
• 16 красавіка 2016 Тэма: Вялікдзень
• 7 траўня 2016 Выпускны".

XS
SM
MD
LG