Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Маскве мастак Паўленскі хацеў падпаліць ФСБ


«Страх ператварае свабодных людзей у зьліплую масу разрозьненых целаў»,—так скандальны мастак патлумачыў сэнс сваёй чарговай акцыі.

Мастака-акцыяніста Пятра Паўленскага затрымалі ў Маскве ў ноч на панядзелак за спробу падпалу галоўнага ўваходу ў будынак ФСБ Расеі на Лубянцы.

Пра гэта выданьню «Медиазона» паведаміла яго жонка Аксана Шалыгіна. Разам з Паўленскім былі затрыманыя і два журналісты тэлеканала «Дождь» Уладзімер Раменскі і Нігіна Бероева. Паўленскі дастаўлены ў аддзел паліцыі па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні дробнага хуліганства, журналістаў даставілі як сьведак і пазьней адпусьцілі.

«Страх ператварае свабодных людзей у зьліплую масу разрозьненых целаў. Пагроза непазьбежнай расправы навісае над кожным, хто знаходзіцца ў межах дасяжнасьці для прыладаў вонкавага назіраньня, праслухоўваньня гутарак і межаў пашпартнага кантролю. Ваенныя суды ліквідуюць любыя праявы свабоды волі», — так Паўленскі патлумачыў сэнс акцыі.

Гэта ня першая акцыя Паўленскага. У 2013 годзе ён прыбіў сваю машонку да бруку на Чырвонай плошчы ў Маскве. Годам раней мастак зашыў сабе рот на знак салідарнасьці з удзельніцамі панк-гурту Pussy Riot. У кастрычніку 2014 году ён адрэзаў сабе мочку вуха, седзячы на даху інстытута імя Сербскага ў Маскве. Такім чынам, ён выступіў супраць карнай псыхіятрыі. У Пецярбургу праходзіць суд над мастаком за акцыю «Свабода» ў падтрымку ўкраінскага Майдану, якая адбылася ў лютым 2014 году.

XS
SM
MD
LG