Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туманным ранкам 7 лістапада некалькі сотняў гамельчукоў з афіцыйнымі чырвона-зялёнымі сьцягамі, а таксама з чырвонымі штандарамі з надпісам «КПБ» выйшлі на плошчу Леніна, каб узяць удзел у кароткім мітынгу да чарговых угодкаў кастрычніцкага перавароту ў Петраградзе ў 1917 годзе.

Што прымушае людзей 7 лістапада прыходзіць да помніка Леніну?

Навучэнец каледжу электрасувязі кажа, што яны прыйшлі арганізавана з куратарам групы на плошчу як на сьвята:

З 24 па 25 кастрычніка ў Бялградзе (!) таварыш Ленін зьдзейсьніў вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю, зрынуў уладу белых — і стала чырвоная ўлада. Беларусь таксама ўваходзіла ў склад белых.

«Сёньня вялікі дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, сьвята нашых продкаў і наша цяперашняе сьвята. З 24 па 25 кастрычніка ў Бялградзе (!) таварыш Ленін зьдзейсьніў вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю, зрынуў уладу белых — і стала чырвоная ўлада. Беларусь таксама ўваходзіла ў склад белых.

Расея хоча забыць гэтае сьвята, я так думаю, ня хоча яго сьвяткаваць. Магчыма, не падабаецца. А для Беларусі гэта вялікае сьвята».

71-гадовы гамяльчук Васіль, які ў свой час працаваў у нізавых партыйных структурах і на гаспадарчых пасадах, па традыцыі лічыць 7 лістапада сьвятам:

«Нашы дзяды, бацькі і мы самі, прыходзілі заўжды сюды і сьвяткавалі гэтае сьвята. Пасьля дэманстрацыі ішлі па чарцы выпівалі і па скварцы зьядалі. Цяпер трэба, як сказаў учора на інаўгурацыі Аляксандар Лукашэнка, яднацца. Такія мерапрыемствы — яны нас як бы зьядноўваюць».

На плошчы Леніна

На плошчы Леніна

Суразмоўца дакладна не называе, якія сьвяты мусіць адзначаць сувэрэнная Беларусь, але пра гісторыю бацькаўшчыны разважае ахвотна:

«Я ведаю, Вялікае княства Літоўскае пачалося з Наваградка. Ведаю, калі пад Воршай пабілі маскалёў. Ведаю, як Іван IV цалкам разбурыў Полацак, у тым ліку й Сафійскі сабор, якіх усяго тры ў сьвеце. З кім ваявалі маскалі? З намі! З маімі прашчурамі. Вільня таксама была беларускай — Сталін аддаў яе».

Былы дэпутат гарсавету Юры Глушакоў, які таксама прыйшоў на плошчу, каб ускласьці чырвоныя гвазьдзікі да помніка Леніну, але не ў тусоўцы артадаксальных камуністаў і БРСМаўцаў, а асобна, таксама лічыць гэты дзень сьвятам:

Юры Глушакоў

Юры Глушакоў

«Для мяне гэта сьвята. Можа, для кагосьці гэта і ня ў трэндзе, не каньюнктурнае ў пэўных колах. Але я сам — чалавек не каньюнктурны. Лічу, што Кастрычніцкая рэвалюцыя была моцным крокам на шляху сацыяльнага прагрэсу, сацыяльнай роўнасьці. Для мяне гэта сьвята. Былі памылкі, жудасныя памылкі — гэта й 1937 год, гэта й пэўныя бюракратычныя хібы пазьней. Аднак гэта не перакрэсьлівае вялікую падзею, якая адбылася ў кастрычніку 1917 году. Нават беларуская дзяржаўнасьць абавязана свайму адраджэньню кастрычніцкаму паўстаньню, паўстаньням беларускіх сялян, рабочых, салдатаў, інтэлігенцыі. Сьвядомая беларуская інтэлігенцыя таго часу — гэта сацыялісты, камуністы, якія стаялі каля вытокаў спачатку Беларускай Народнай Рэспублікі, а пасьля й БССР».

На думку Глушакова, Расея ўвяла сурагат кастрычніцкага сьвята:

«Расея ўвяла нейкі сурагат кастрычніцкага сьвята — Дзень нацыянальнага адзінства. Вядома, хто звычайна прыходзіць на гэта сьвята — шавіністычныя ды нацыяналістычныя элемэнты».

Яшчэ адзін наведнік плошчы Леніна, які назваўся Канстанцінам, дваяка ставіцца да сьвята. З аднаго боку, пры савецкай уладзе ён атрымаў адукацыю. Зь іншага боку, бальшавікі так і ня выканалі дэкляраваныя лёзунгі, у прыватнасьці, не аддалі фабрыкі й заводы рабочым, а зямлю — сялянам. Мір заключылі, у выніку якога Беларусь на дзесяцігодзьдзі страціла палову сваёй тэрыторыі, а пазьней назаўжды Віленскі край і Беластоцкую вобласьць.

«Мір заключылі, але Беларусь тут згубіла, бо вырашалася ўсё ня ў нас», — кажа ўдзельнік мітынгу.

7 лістапада ў Беларусі - дзяржаўнае сьвята

7 лістапада ў Беларусі - дзяржаўнае сьвята

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG