Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская «турэмная літаратура»: казус Аляхновіча і Адамовіча


Тэма сёньняшняй перадачы «Свабода ў турмах» — нетыповая. Пагаворым пра нешта, што можна назваць «турэмнай літаратурай». Гаворка пойдзе не пра зьмесьціва турэмных бібліятэк і не пра тое, хто іх наведвае і што там бярэ пачытаць, а пра літаратуру, якая ўзьнікла пад уплывам турмы. То бок пра літаратуру, аўтарамі якой сталі зьняволеныя ў турмах.

Пачнем з фрагмэнту такой літаратуры:

«Надвор’е агiднае. Вiхор гудзе ў недалёкiм лесе i гонiць хмары, якiя лятуць хутка-хутка й грамазьдзяцца адна на адну, як быццам хочуць хутчэй праляцець над савецкай прымежнай брамай, што дзелiць два сьветы.

Углядаюся ў надпiс: «Коммунизм сметет все границы», якi бачыў гэтак даўно — у лiстападзе 1926 г., калi ехаў у Савецкае гаспадарства зь вераю ў магчымасьць беларускае культурнае працы там — у БССР. Тады гэтак сама была восень, але я ехаў з надзеяй на вясну ў сэрцы. Сяньня варочаюся, бадзяка, у вастрожным бушлаце, працьверазiўшыся на Салоўках, шчасьлiвы, што праз мамэнт нага мая пераступiць мяжу краiны «будаўнiцтва сацыялiзму» — у вадваротным кiрунку. I сяньня восень, але ў маёй душы цяпер сьветла, сонечна, радасна...

Прыглядаюся да паходу, якi наблiжаецца да нас — з таго боку.

Мой гэпiсты гэтак сама ўтаропiўся ў гэтую групу i ад часу да часу рэгулюе наш крок:

— Павальней!.. Хутчэй!..

Вiдаць, iдзець аб тое, каб прыйсьцi на ўмоўленае месца на мяжы ў дакладна азначаным часе. Бо было-б недалiкатна прымушаць чакаць на сябе, а лiшняя пасьпешнасьць абнiжала-б прэстыж гаспадарства.

Гэтак я разумеў гэную каманду.

Я ўжо вырозьняваў твары людзей, якiя да нас падыходзiлi. Наперадзе йшоў нейкi высокi мужчына ў цывiльнай вопратцы. Зь iм — з двума палiцыянтамi па бакох — той, каго польскi ўрад абменьваў на мяне: Бранiслаў Тарашкевiч. У гэты мамэнт я адчуў ня толькi духовы, але й фiзычны кантраст памiж намi. Вязень «капiталiстычнага гаспадарства» меў на сабе прызваiты фiльцовы капялюш, добра скроенае восеньскае палiто, беззаганна вычышчаныя боты... Савецкi вязень iшоў у старэцкiм падзёртым кажуху на салавецкiм бушлаце...

Тарашкевiч iшоў, гледзячы на мяне зь ня выразнай усьмешкай на твары.

Гэтулькi гадоў ня бачыўшы, з зацiкаўленьнем углядаўся я на гэтага чалавека, якi, хоць у добрай веры, усё-ж гэтулькi зламаў чалавечых жыцьцяў, кiруючы вочы сваiх землякоў на мiраж за межавымi слупамi...

Цырымонiя абмену. Адданьне чэсьцi, паклон капялюшом, сьцiсканьне рук, падпiсаньне акту абмену. I мы, калiшнiя прыяцелi, а цяпер — чужыя сабе людзi, шляхi якiх разыходзяцца ў процiлежныя бакi, падалi сабе рукi. Звычайныя вастрожныя камплiмэнты: «Добра выглядаеш». — «Ты таксама». — «Дзякуй, але сумляваюся»...

Пасьля — колькi горкiх словаў за манлiвыя мiражы, але тут спынiў нашую гутарку старшыня польскае рэпатрыяцыйнае камiсii:

— Panowie mieli mówić o sprawach prywatnych, a panowie mówią о polityce...

A савецкi гэнэрал, пачуўшы нашую гутарку «на политические темы», ня ведаў, што рабiць, быў «захвачен врасплох».

Урэшце — апошняе халоднае пацiсканьне рук.

— Бывай здароў!..

Ён iз вастрогу пойдзе туды, дзе ўвесь вялiзарны край — гэта адзiн вялiкi вастрог, дзе думка чалавечая сьцiсьненая ў вабцугох савецкага абсурду, дзе ня толькi дзеяць i гаварыць, але й думаць i дыхаць трэба паводле аднаго, для ўсiх абавязковага шаблёну. Ён пойдзе ў край белага нявольнiцтва, голаду, нэндзы, людаедзтва, а я — кiруюся на Захад, да «капiталiстычных» гаспадарстваў, дзе буду прынамсi спаць спакойна, ведаючы, што ўначы госьцi з ГПУ не пастукаюцца да мае гасподы.

Каб-жа толькi ня бачыць больш кашмарных сноў. Каб забыцца на пяцiгодкi, ударнiцтва, людаедзтва!..

Я ап’янеў ад шчасьця. Нешта гавару, шмат гавару... Iдзём у сьвятлiцу КОПу. Штось апавядаю... бо-ж запраўды можна быць п’яным ад шчасьця! Якое-ж гэта дзiўнае пачуцьцё! Пяро мае не патрапiць апiсаць гэтага стану".

Францішак Аляхновіч

Францішак Аляхновіч

Сёньня гэты твор залічваюць да клясыкі сусьветнай турэмнай літаратуры. Паўтару — ня толькі беларускай, але і сусьветнай. Гэта заканчэньне кніжкі Францішка Аляхновіча «У капцюрох ГПУ». Яна выйшла на польскай мове ў 1934 годзе, а па-беларуску — у 1937. Працытаваны фрагмэнт апісвае абмен вязьнямі на польска-савецкай мяжы. Год дзеяньня — 1933, восень. Саветы абменьваюць вязьня гулагу на Салавецкіх астравах Францішка Аляхновіча на вязьня польскіх даваенных турмаў Браніслава Тарашкевіча. Беларуса абменьваюць на беларуса. За сваю беларускую дзейнасьць адзін зь іх пацярпеў ад савецкай улады, другі — ад польскай. Гэта, канешне, парадоксы беларускай гісторыі.

Браніслаў Тарашкевіч, аўтар першай граматыкі беларускай мовы, які ў верасьні 1933 году пераехаў у СССР, будзе арыштаваны НКВД у траўні 1937 году і расстраляны ў студзені 1938. Яго рэабілітуюць у 1957 годзе. Францішак Аляхновіч пражыве да 1944 году — у Вільні таго году яго застрэляць. Па сёньняшні дзень забойцы Аляхновіча застаюцца невядомымі. Магчыма, гэта былі савецкія партызаны, магчыма, польскія. А магчыма, што і звычайныя бандыты.

У чым вартасьць кніжкі Францішка Аляхновіча «У капцюрох ГПУ»? Гэта першая кніжка ў сусьветнай літаратуры, якая апісвае сыстэму савецкага ГУЛАГу, убачаную вачыма вязьня. Аляхновіч на гадоў трыццаць апярэдзіў Аляксандра Салжаніцына. Дык чаму тады Аляхновіч ня стаў такім сусьветна вядомым пісьменьнікам, як Салжаніцын? Кніжку Аляхновіча, як толькі яна выйшла, пераклалі на італьянскую, партугальскую, украінскую мовы. Аднак гэта былі 1930-я гады, калі на Захадзе ўсё яшчэ ня ведалі пра тое, што насамрэч адбываецца ў Савецкім Саюзе, а таму сярод заходніх інтэлектуалаў было ўсё яшчэ шмат сымпатыі да савецкага камунізму. Таму на кніжку Аляхновіча тыя інтэлектуалы не зьвярнулі такой увагі, якой яна заслугоўвала. Тым ня менш, сёньня, з пэрспэктывы васьмідзесяці прамінулых гадоў, кніжка бачыцца як першы значны твор гулагаўскай літаратуры.

Аляксей Шыдлоўскі

Аляксей Шыдлоўскі

А цяпер, зь перадваеннага часу перанясемся адразу ў наш час, постсавецкі. «Турэмная літаратура» прыкметнай зьявай беларускага пісьменства стала ў 21-м стагодзьдзі. У 2000 годзе часопіс АРХЭ апублікаваў тэкст Аляксея Шыдлоўскага «Васямнаццаць месяцаў у пекле». Калі не памыляюся, гэта быў першы яркі тэкст пра сытуацыю чалавека ў беларускіх турмах лукашэнкаўскай эпохі. Напісаў яго малады чалавек, які, будучы студэнтам факультэту журналістыкі БДУ, быў арыштаваны за антыпрэзыдэнцкага і незалежніцкага зьместу графіці, якімі ён зь сябрамі размаляваў свой родны горад Стоўпцы. Разам зь ім быў арыштаваны ягоны таварыш, 16-гадовы вучань адной зь менскіх школаў Вадзім Лабковіч. Нематывавана жорсткі прысуд для Шыдлоўскага — 18 месяцаў зьняволеньня — на той пазбавіў беларускую грамадзкасьць апошніх ілюзіяў наконт сытуацыі ў краіне.

Але тэкст Аляксея Шыдлоўскага — гэта была публікацыя часопісная. А вось першай яркай кнігай пра лукашэнкаўскую турму стаў, на мой погляд, «Турэмны дзёньнік» Славаміра Адамовіча, які выйшаў у 2001 годзе.

Турэмны дзёньнік Славаміра Адамовіча

Турэмны дзёньнік Славаміра Адамовіча

Паэт Славамір Адамовіч быў арыштаваны ў 1996 годзе пры спробе пераходу беларуска-літоўскай мяжы. У турме правёў 10 месяцаў. Абвінавачваўся ня толькі ў спробе нелегальнага перасячэньня мяжы, але і ў закліках да забойства кіраўніка дзяржавы ў сувязі зь вершам «Убей прэзидента», які ён напісаў у 1995 годзе. Паэт прыгадвае матывы свайго арышту ў размове са Свабодай:

«Мяне судзілі па трох артыкулах: незаконны пераход мяжы, нашэньне халоднай зброі і, уласна, верш з заклікам да забойства першай асобы краіны. І гэты сьнежны камяк стаў раскочвацца, абрастаць, каціцца з гары... Коратка кажучы, калі б ня сіла грамадзкай думкі і праца праваабарончых структураў, якія тады толькі пачыналі працаваць і набіралі вопыт, то магло быць куды горш».

Вось адзін з фрагмэнтаў «Турэмнага дзёньніка» Славаміра Адамовіча:

«13 траўня 96 году, панядзелак

Адпаведны дзень выбраў мой сусед, каб ускрыцца. Выдабыўшы з аднаразовай жылеткі лязо і намачыўшы левае запясьце, чалавек пачаў рэзаць сабе вены. Рэзаў хвілін пяць-сем, я ляжаў на нарах, уткнуўшыся фізіяноміяй у шурпатую сьцяну камэры. Потым чалавек захроп, потым заціх. З абмяклай скрываўленай рукі ў плястыкавы жбан спакойна падалі чырвоныя кроплі. Гэта быў мне сыгнал, што пара ўстаць і паклікаць вертухая.

Суседа забралі хутка і вярнулі ў камэру толькі вечарам. Спалатнелы, з зашытымі жыламі, ён упаў на шконку і не ўставаў да раніцы. Яму па-ранейшаму сьвеціць 15 гадоў турмы альбо выключная мера сацыяльнай абароны — расстрэл».


Седзячы ў турме разам з крымінальнікамі, Славамір Адамовіч абвясьціў сухую галадоўку. Вось запіс з гэтага пэрыяду:

«7 чэрвеня

Трэці дзень галадоўкі. Сьведкам майго кароткага дыялёгу са сьледчым Сакольчыкам быў новы і зусім яшчэ малады адвакат. Калі я растлумачыў яму, што адмаўляюся ад ягоных паслугаў, ён і сам адмовіўся ад удзелу ў працэсе. Тады сьледчы прымусіў яго напісаць тлумачальную запіску.

9 чэрвеня, нядзеля

Пяты дзень галадоўкі. Ужо ні пісаць, ні чытаць не магу і не хачу. Арганізм слабее, у роце суха, язык белы. У вачах цямнее, пры рэзкіх рухах хістаюся. Дні праз два буду гатовы. Дай, Божа, сілы!

12 чэрвеня

Дзень незалежнасьці Расеі. Учора быў у начальніка, прысутнічаў пракурор Сухаверх. Угаворвалі спыніць галадоўку. Ненавіджу! І таму буду трымацца свайго...»


«Турэмны дзёньнік» Славаміра Адамовіча — ня толькі яркі дакумэнт лукашэнкаўскай эпохі ў гісторыі Беларусі, але і выдатны літаратурны твор, адзін з найлепшых узораў гэтак званай нон-фікшн у беларускай літаратуры.

Зь цягам часу, калі ў краіне прыбывала вязьняў сумленьня і палітычных зьняволеных, бібліятэка з грыфам «турэмная літаратура» папаўнялася.

У 2013 годзе Беларускі ПЭН-цэнтр сумесна з Радыё Свабода заснавалі прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зьняволеньні. Тэматыка твораў, якія могуць прэтэндаваць на прэмію, не абмежаваная. На разгляд прымаюцца дакумэнтальныя і мастацкія творы на беларускай і рускай мовах, як апублікаваныя, так і ў выглядзе рукапісу, створаныя ў зьняволеньні і дасланыя на працягу году. Журы вызначае пераможцу і абвяшчае вынікі 10 сьнежня, у міжнародны Дзень правоў чалавека.

Ляўрэатам першай прэміі імя Францішка Аляхновіча ў 2013 годзе стаў Ігар Аліневіч за кнігу «Еду в Магадан». Сярод намінантаў 2013 году былі Сяргей Аўчыньнікаў, Юры Бандажэўскі, Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Алесь Кіркевіч, Анатоль Лябедзька, Павал Севярынец, Аляксандар Францкевіч, Ірына Халіп.

У 2014 годзе прэміявалі Алеся Бяляцкага, Зьмітра Дашкевіча, Фэлікса Пекера, Паўла Севярынца, Аляксандра Фядуту і Ірыну Халіп.

Абвестка пра прыём твораў на сёлетнюю прэмію імя Францішка Аляхновіча зьявілася на днях на сайце Радыё Свабода. Гэта адна з такіх прэмій, дзе хочацца, каб твораў на яе атрыманьне было як найменш. То бок хочацца, каб беларусы пісалі кнігі на свабодзе, а не ў турме.

Прысылайце творы на адрас svaboda@rferl.org і info@pen-centre.by да 1 сьнежня 2015 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG