Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не сусьветны крызіс вінаваты, а — бяздарная эканамічная палітыка...»


Пасьлявыбарчыя рэаліі Беларусі, і найперш істотнае і відавочнае для ўсіх пагаршэньне эканамічнага становішча, — асноўная тэма, якая гучыць у пошце Свабоды ў гэтыя лістападаўскія дні.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу Анатоля Чачоткі зь Менску. Падсумоўваючы вынікі больш як двух дзесяцігодзьдзяў незьмяняльнага прэзыдэнцтва Лукашэнкі, слухач піша:

«Гэта пры ім дабрабыт сярэдняга беларуса апусьціўся да ўзроўню 2001 году. І працягвае зьніжацца. Афіцыйныя асобы ківаюць на сусьветны крызіс: маўляў, гэта ўсё замежнікі вінаватыя, мы ні пры чым. Але чаму ж тады растуць заробкі ды пэнсіі ў нашых суседзяў — у Літве, Латвіі, Польшчы? Асабіста я схільны думаць, што ўся справа зусім не ў сусьветным крызісе, а ў бяздарнай эканамічнай палітыцы.

І вось за такую палітыку, як сьцьвярджае Ярмошына, беларусы дружна прагаласавалі 11 кастрычніка. Гэта значыць, рабскі лёзунг „Былі б чарка і скварка, і большага шчасьця ня трэба“ па-ранейшаму галоўны для нашага грамадзтва?

У сёньняшні складаны час хочацца прасіць кіраўнікоў апазыцыйных партыяў не апускаць рукі, а рашуча аб’ядноўвацца ў змаганьні за дэмакратычную Беларусь. Іншага шляху проста няма. Думаецца, што Лябедзька, Някляеў, Статкевіч ды іншыя яшчэ маюць для гэтага сілы. Карысна было б прыцягнуць да справы і самую знакамітую на сёньня грамадзянку Беларусі Сьвятлану Алексіевіч», —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Анатоль Чачотка зь Менску.

Рэальнасьць такая, што магчымасьці ў сёньняшняй беларускай апазыцыі надзвычай сьціплыя — незалежна ад таго, аб’яднаная яна ці разьяднаная, далучаецца да яе той ці іншы палітык ці ад яе адасабляецца. Апазыцыйнае поле ў беларускай палітыцы фактычна выпаленае, вынішчанае. Аўтарытарны рэжым, назіраючы за тым, як на заклікі апазыцыянэраў зьбіраецца ўсяго па некалькі соцень людзей, упіваецца ўласнай перамогай. Але насамрэч перамога гэтая — пірава. Яе сапраўдную цану большасьць беларускага грамадзтва выдатна ўсьведамляе. І мала ў каго ёсьць сумнеў наконт таго, хто вінаваты ў вялізных эканамічных праблемах, зь якімі сутыкнулася Беларусь. Эканамічнае банкруцтва рэжыму набліжаецца — гэта для большасьці беларусаў відавочна.

Аўтар наступнага ліста Алесь Гагін са Смаргоні, азіраючыся на мінулую выбарчую кампанію, піша:

«Асоба Тацяны Караткевіч на гэтых выбарах выклікала найбольшы розгалас. Гавораць пра яе рознае. Напрыклад, многія сумняюцца: як гэта малавядомы чалавек здолеў сабраць у сваю падтрымку больш як 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам?

Некаторыя захапляюцца Тацянай Караткевіч, кажуць, што гэта, маўляў, беларуская Ангела Мэркель. А вось асабіста я не лічу, што Мэркель — ідэал палітыка. Нічога станоўчага ня бачу ва ўступленьні ў Эўразьвяз у цяперашніх умовах, калі на тле вайны ў Сырыі Эўропу атакуюць мільёны арабскіх ды афрыканскіх уцекачоў. Што з таго, што Беларусь стане сябрам Эўразьвязу, калі Брусэль пасьля гэтага змусіць нас прыняць 100 тысяч сырыйскіх уцекачоў — так, як ён прымушае зрабіць гэта прыбалтаў?» —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Алесь Гагін са Смаргоні.

Пакуль што, спадар Алесь, Беларусь у склад Эўразьвязу ніхто не запрашае. Дый сама яна туды зусім не імкнецца. Далучэньне Менску да аб’яднанай Эўропы — пэрспэктыва настолькі аддаленая і няпэўная, што за гэты час і сырыйская праблема вырашыцца, і наплыў уцекачоў якім-небудзь чынам будзе спынены.

Дарэчы, сёньняшняя Беларусь, ніякім чынам не інтэграваная ў эўрапейскія структуры, адначасова зусім не абароненая ад наплыву непажаданых мігрантаў: праз адкрытую ўсходнюю мяжу, якая нікім не ахоўваецца, яны могуць прабірацца сюды фактычна бесьперашкодна. Іншая справа, што цяперашнія эканамічныя ўмовы ў Беларусі мала для каго з замежнікаў прывабныя.

І яшчэ адзін ліст — на тэму толькі што абвешчанай Лукашэнкам дэнамінацыі беларускага рубля. Наш слухач Сяргей Манько зь Менску піша:

«А мне новыя беларускія грошы падабаюцца. Нарэшце, праз 25 год пасьля абвяшчэньня незалежнасьці, зьявяцца першыя беларускія манэты. І моўнае афармленьне такое, як належыць. А паглядзіце, які дызайн купюр: такі падобны да эўра! І шэраг наміналаў усіх манэт і купюр дакладна такі ж, як у эўра. Заўважце: не расейскі рубель узяты за ўзор, а менавіта эўрапейская валюта. Гэта пра многае сьведчыць. Як бы ні кляліся ўлады ў вернасьці Маскве, а насамрэч яе сапраўдныя сымпатыі зусім у іншым баку. І гэта цешыць», —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Сяргей Манько зь Менску.

Калі б яшчэ гэтыя новыя грошы зьявіліся ва ўмовах стабільнай эканомікі, нізкай інфляцыі ды збалянсаванага бюджэту — то, напэўна, сапраўды можна было б цешыцца, спадар Сяргей. Але ж у рэальнасьці ўсё якраз наадварот. А што бывае з грашыма на тле эканамічных катаклізмаў — мы за мінулыя чвэрць стагодзьдзя ня раз назіралі.

_________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG