Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня толькі «Крамбамбуля» сыходзіць у лясы: N.R.M. бяз Вольскага ўжо не зьбірае былыя натоўпы, Trubetskoy і Brutto па праглядах на Youtube на дваіх маюць дзясятую частку таго, што мелі «Ляпісы». Хто зойме іх месца? Ці зьявіцца ў Беларусі новы рок-герой?

Гісторык, стваральнік ды аўтар праграмы «Відзьма-нявідзьма» (якую цяпер можна глядзець на канале «Белсат») Сяргей Філімонаў сумняецца, што Макса Каржа можна назваць героем новага пакаленьня, і верыць, што Міхалок і Вольскі яшчэ здольныя зьдзівіць.

Сяргей Філімонаў

Сяргей Філімонаў

«Пытаньне пра тое, хто стане наступнай зоркай узроўню N.R.M., ня вельмі карэктнае, бо нагадвае спробу паваражыць на гушчы ад кавы... Аніякага шоў-бізу, нават простага бізнэсу ці сярэдняга клясу, які можа фармаваць попыт, ці іншых умоваў, якія б спрыялі разьвіцьцю чаго-небудзь нацыянальнага, у Беларусі цяпер няма. Значыць, ніякай сыстэмы, паводле якой можна было б прадказаць ці вылучыць хоць якіх кандыдатаў, няма таксама. Разам з тым захоўваецца вялікі пласт таленавітай моладзі, якая яшчэ абвальна не зьяжджае з краіны. З аднаго боку, можа і нехта зь цяперашніх здабыць такую славу, зь іншага — для гэтага патрабуюцца пэўныя ўмовы: амаль рэвалюцыйная або рэальна рэвалюцыйная сытуацыя. Злом сыстэмы. У сьвеце і ў Беларусі ёсьць маса талентаў, якія не зрабіліся супэрзоркамі. І нават артыстамі, прадукт якіх ахвотна купляюць. Што купляюць цяпер? Ці ёсьць у беларусаў грошы на гэта? Гэта можна абмяркоўваць бясконца.

У сьвеце цяпер запатрабаваная надта эклектычная музыка. Вялікія музычныя лэйблы ўрэшце зарыентаваліся, што нельга прапанаваць на рынак «абсалютны» прадукт, адну-адзіную моду ці ісьціну ў апошняй інстанцыі. Варта прапаноўваць «нішавыя» прадукты, на любы густ. Вялікую ролю грае піяр. Нярэдка разьдзімаюць мыльныя бурбалкі вакол пасрэдных артыстаў. Прадусараў заўжды цікавілі канвэеры, дзе б выпякаліся залатыя пончыкі. Корж? Ён даваў надзею, калі юным хлопцам запісваў са сваім гуртам шчырыя, хоць і наіўныя песьні. А ў цяперашнім варыянце ў ім, на мой погляд, надта шмат штучнага піяру, тых самых бурбалак. Калі грукат і трэск вакол прозьвішча, але рэальна тых ягоных сьпеваў ці ніхто ня ведае, ці людзі пераважна маюць нэгатыўнае меркаваньне. Альбо не цікавяцца. Але ня варта адмаўляць хлопцу, прасьвятленьні здараюцца, праўда, ня проста так. А толькі калі сыстэматычна займацца хоць якімі практыкаваньнямі.

Ці змогуць Міхалок і Вольскі вярнуць сабе былую славу? Ня варта цешыць сябе. Гэтыя хлопцы сталі арыенцірамі свайго пакаленьня беларусаў. Іх пік славы дасягнуты. Але гэта ня значыць, што яны зьнікнуць. Паглядзіце хоць бы на «Ролінгаў». Іх славу не параўнаць з тым, што было ў старыя часы. Аднак яны пасьпяховыя і ў 70. Міхалок змог пераламаць сябе некалькі разоў. Ён здольны разьвівацца. Лявон Вольскі — таксама. Таму ў іх выпадку я чакаў бы, што яны яшчэ здольныя зьдзівіць. А што тычыцца моладзі, то гэта будзе залежаць ад той сытуацыі, у якой яны апынуцца, і ад іх рэакцыі на нейкія пераломныя акалічнасьці ў іхным жыцьці ці лёсе краіны. Варта толькі пажадаць ім і сабе, каб тыя акалічнасьці не аказаліся сьмяротнымі ці фатальнымі».

Музычны журналіст Аляксандар Чарнуха лічыць, што час рок-герояў у Беларусі мінуў: музыкі граюць для вузкай аўдыторыі, а песьні для слухача страцілі былую значнасьць.

Аляксандар Чарнуха

Аляксандар Чарнуха

«Каб мець магчымасьць стаць „голасам пакаленьня“, трэба разумець, што зь сябе ўяўляе пакаленьне. Як мне падаецца, гэта ня тыя людзі, якім патрэбныя ўмоўныя „барыкады“, рок-н-рольны сьветапогляд. Гэта іншыя людзі, якія вырасьлі на іншай музыцы. Самы папулярны артыст у Беларусі цяпер — гэта Макс Корж, можна сказаць, што яго песьні — гэта песьні пакаленьня. Нельга сказаць, што цяпер няма лідэраў пакаленьня: яны ёсьць, проста яны іншыя.

У Беларусі цяжка знайсьці сапраўдны рок-н-рол, такі бескампрамісны, жорсткі, эпатажны і шчыры. Той жа Міхалок — гэта чалавек, якога нельга цяпер назваць рок-н-рольшчыкам, гэта каньюнктуршчык. Вольскі? Вольскі цяпер крыху ў іншым напрамку рухаецца — гэта больш лірык, чым рок-н-рольшчык. Вазьміце гурт Trubetskoy: людзі ўсё жыцьцё гралі нейкую папсу і думалі, што гэта рок-н-рол. Рок-н-рол у Беларусі ёсьць хіба на іншых узроўнях, вельмі лякальных, але не выходзіць у шырокія колы. Цяпер цяжка сабе ўявіць аднаго героя, які б спадабаўся ўсім. І ў людзей, якія прасоўваюць музыку, іншая тактыка, і ў слухача больш празаічны сьветапогляд. Таму сьпевакі цяпер сьпяваюць для сваёй аўдыторыі. Цяжка ўявіць чалавека ва ўзросьце, які стане слухаць Каржа. Для сталай публікі я не магу ўзгадаць нешта такое масавае — ім мог бы быць хіба што Зьміцер Вайцюшкевіч, але з аб’ектыўных прычын ён абмежаваны ў інфармацыйнай прасторы.

Час выбуховых самотнікаў прайшоў — сёньня цяжка сабе ўявіць песьню пакаленьня. У часы „Трох чарапах“ не было хуткага інтэрнэту, альбомы тады перапісваліся з касэты на касэту, з дыску на дыск, песьні былі гэткім фэтышам. Цяпер, як у калейдаскопе, вельмі часта мяняюцца карцінкі. Спампаваў сабе супэр-альбом за пяць хвілін, паслухаў пяць хвілін — і выкінуў, калі не спадабалася. А калі спадабалася, то будзеш слухаць разам зь іншымі 15–20 альбомамі, што спампаваў на гэтым тыдні».

Музычны крытык Вітаўт Мартыненка, аўтар кніг «Праз рок-прызму», «222 альбомы беларускага року» і «Rock online», мяркуе, што сытуацыя можа зьмяніцца, але наўрад ці ў хуткім часе.

Вітаўт Мартыненка

Вітаўт Мартыненка

«Па ўсім сьвеце ідзе тэндэнцыя поўнай адсутнасьці лідэраў. У кожнага свой лідэр. Няма такога, як некалі ад піянэра да пэнсіянэра ўсе ведалі гурт Metallica, адны любілі, іншыя ненавідзелі. Беларуская тэндэнцыя такая самая. Праблема накладаў ёсьць: на Захадзе ўжо нявыгадна рабіць прафэсійныя выданьні дыскаў. Альбомы вымерлі! Не як жанр, бо адна-дзьве песьні на год, пра якія казаў Вольскі, — гэта адсутнасьць на рынку, камусьці абавязкова захочацца ўзяць дыск. А гэтая тэндэнцыя захаваецца, пакуль не адновіцца шоў-бізнэс, які ўсіх карміў: выдаўцоў, прадаўцоў, музыкаў, журналістаў.

Ёсьць бясплатная музыка, ды яе ніхто ня хоча слухаць. Усеагульная даступнасьць робіць непатрэбнай культуру, гэта звалка дасягненьняў. У сьвеце нават перасталі прадукаваць Hi-Fi-апаратуру для праслухоўваньня. Слухаць музыку праз тэлефон? Гэта пародыя! Як харчавацца на звалцы замест рэстарану. Чаму б заводу «Гарызонт» не купіць ліцэнзію, не вырабляць Hi-Fi-апаратуру і рэклямаваць: «Найлепшы гук мінулага стагодзьдзя»? Ды мэляманаў ужо няма. «— Што слухаеш? — Ну, я ня ведаю, Джымі Гэндрыкса паслухаў. — А які альбом? — Ды які альбом? 345-я песьня спадабалася, 289-я — не». Ці стаяў прадаваў сваю кнігу, побач дзяўчынка балёнікі прадавала. Пытаю, што слухае: «Ну, я ня ведаю, уключаю „Русское радио“, што перадаюць, тое і слухаю». Гэта стандарт! Ня трэба слухаць і разумець, слухаць і тупець атрымалася.

Лідэраў пакуль ня будзе. У кагосьці Akute, у кагосьці :B:N:, але такіх, як «Мроя», ня будзе. На платах ужо ня будуць пісаць «N.R.M.», а «Мроя» пісалі. Як казаў паэт Міхась Скобла: беларуская культура ў стадыі балотнага агню, яна назапашвае патэнцыял, ды яе няма, ціхае балота.

Хто можа стаць лідэрам, калі раптам зьменіцца сытуацыя? Гуртоў вельмі шмат. Ёсьць тэндэнцыя ад складанага да простага, потым ад простага да складанага. Вунь у нас ніколі не было арт-року, зьявіўся выдатны TonqiXod. «Крама» раптам вылезла з альбомам «Белая вада», гэта іх найлепшы альбом, хаця рытм-энд-блюз даўно сышоў у мінулае. У Амэрыцы падселі на кантры — вось і мая дачка стала слухаць кантры.

Спрагназаваць лідэра? Лепей яго не прагназаваць, бо заб’ем лідэра прагнозам".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG