Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі трыбунал зьбярэ подпісы пад абвінавачаньнем сталінізму


Можна пакідаць як электронныя подпісы, так і асабіста падпісаць дакумэнт на сядзібах АГП і БНФ

Грамадзкі трыбунал над сталінізмам заклікае грамадзян Беларусі і беларусаў замежжа пакінуць свой подпіс пад «Абвінаваўчым заключэньнем грамадзкага трыбуналу па разглядзе злачынстваў сталінізму ў Беларусі».

Грамадзкі трыбунал дзевяць год вывучаў дакумэнты дзяржаўных і прыватных сьледчых ініцыятываў, а таксама паказаньні сваякоў ахвяраў сталінізму ў Беларусі ў 1920-х — першай палове 1950-х гадоў. Свае высновы трыбунал прадставіў 28 кастрычніка, напярэдадні Дня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

З поўным тэкстам заключэньня можна азнаёміцца тут, падпісаць электронную пэтыцыю — тут. Пакінуць подпіс уласнаручна можна на сядзібе БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3) і на сядзібе АГП (вул. Веры Харужай, 22 — 1701).

«Спачатку заключэньне падпісалі сябры грамадзкага трыбуналу, — апавядае Радыё Свабода сябра грамадзкага трыбуналу Ганна Шапуцька. — Было вырашана выкласьці гэты дакумэнт для падпісаньня ў інтэрнэце, каб беларускае грамадзтва і беларусы замежжа, тыя людзі, якія не баяцца, падпісалі гэты дакумэнт. Каб была ня проста група людзей, што вяла грамадзкі трыбунал цягам 2006–2015 году, а каб абвінавачваньне набыло масавы характар. Акрамя гэтага, мы раскідваем інфармацыю на email’ы праўладных сайтаў, амбасадаў. Будзем у наступны аўторак плянаваць, як пашыраць яшчэ гэты тэкст.

Мы патрабуем, каб былі адкрытыя архівы КДБ і МУС, каб людзі ведалі, дзе пахаваныя іх родныя, будзем зноў зьвяртацца ў КДБ. Каб быў створаны цэнтар дасьледаваньняў сталінскіх рэпрэсіяў. Каб не бульбаш-холы гэтыя будаваліся каля Курапатаў, а каб музэй быў створаны, каб вяліся навукова-дасьледчыя і археалягічныя працы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG