Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці быў затрыманы Андрэй Кавальчук. Кажа, міліцыянты яго зьбілі за майку з «Пагоняй»


Андрэй Кавальчук

Андрэй Кавальчук

Жыхар Берасьця Андрэй Кавальчук быў затрыманы міліцыянтамі ў ноч на 6 лістапада. Сьцьвярджае, што яго зьбілі і прымушалі зьняць майку з «Пагоняй».

На факт зьбіцьця Андрэй Кавальчук напісаў заяву ў Сьледчы камітэт:

«Майку хацелі зьняць маю. Я чакаў каля 12-й гадзіне ночы сябра, пад’ехалі міліцыянты, маёр нейкі быў, спыталі прозьвішча. Я кажу, Кавальчук. Убачылі маю майку з „Пагоняй“, заламалі, ударылі з нагі, ударылі ў галаву, што кепка ўпала. За кайданкі падцягвалі, што рукі ацяклі. Моцна спухла рука. Вывіхнулі плячо пры затрыманьні. Завезьлі ў міліцыю, пратрымалі паўгадзіны, ні пратаколаў, нічога. Як адпусьцілі, у мяне балелі рукі, паехаў прайшоў мэдасьведчаньне, напісаў заяву ў Сьледчы камітэт. Фактычна, затрымліваць не было за што. Глуміліся з майкі, з маіх вайсковых штаноў. Відаць, што ведалі, каго затрымліваюць».

Андрэй кажа, што не выключае, што на яго складуць пратакол.

«Можа, за якую лаянку. Прымянялі ж спэцсродкі, то, відаць, нешта ж напішуць», — кажа хлопец.

10 кастрычніка Андрэя Кавальчука разам з трыма сябрамі — футбольнымі фанатамі затрымала міліцыя, калі яны ехалі ў Менск на акцыі апазыцыі перад прэзыдэнцкімі выбарамі.

Хлопцаў тады завезьлі ў пастарунак, абвінавацілі ў брыдкаслоўі, пратрымалі два дні ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Андрэй Кавальчук распавядаў Свабодзе, што ў ізалятары да яго прыходзілі супрацоўнікі КДБ і распытвалі, як ён ставіцца да падзеяў ва Ўкраіне і зь якімі мэтамі туды езьдзіў.

30 кастрычніка Маскоўскі суд Берасьця не прыняў абвінаваўчага рашэньня ў дачыненьні да хлопцаў «за нязначнасьцю правапарушэньня».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG