Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 7 лістапада 2015: «Гавары праўду» ў Менску, Пазьняк і «Крамбамбуля» ў Вільні, «Бардаўская восень» у Бельску


Бліц-агляд падзеяў гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

У Бельску на Падляшшы адбываецца фэстываль беларускай аўтарскай песьні «Бардаўская восень». У Бельскім доме культуры выступяць ляўрэаты папярэдняга, конкурснага дня фэстывалю, а таксама «Трыё» з Аляксандрам Ясінскім, «ILO&friends», Яўген Барышнікаў, «:B: N: акустычна». Пачатак канцэрту а 17.00.

У галерэі «Ў» па адрасе Менск, пр. Незалежнасьці, 37а, ад 14.00 да 16.00, адбудзецца прэзэнтацыя кнігі «Гэта Беларусь, дзетка!» — шчодра ілюстраванага гумарыстычнага гіда па выжываньні ў Беларусі, складзенага на ангельскай і беларускай мовах.

У гатэлі «Кроўн-Плаза» ў Менску пройдзе ўстаноўчы зьезд кампаніі «Гавары праўду». Гэта чацьвёртая спроба рэгістрацыі кампаніі ў Міністэрстве юстыцыі. Будзе вызначана структура арганізацыі і вырашана праблема лідэрства ў ёй. Пачатак а 10.30.

У Доме нацыянальных меншасьцяў у Вільні а 14.00 пачнецца сустрэча старшыні КХП БНФ Зянона Пазьняка з грамадзкасьцю і прэзэнтацыя яго новых выданьняў на беларускай і польскай мовах.

У Вільні, у канцэртнай залі Compensa а 19-й гадзіне гурт «Крамбамбуля» прэзэнтуе апошні альбом «Чырвоны Штраль», названы ў гонар культавай віленскай кавярні пачатку XX стагодзьдзя, дзе зьбіралася ў тым ліку беларуская інтэлігенцыя.

Беларускія камуністы ўскладаюць кветкі да помніка Леніну на пл. Незалежнасьці з нагоды Дня кастрычніцкага пераварота. Камуністычная партыя Беларусі пакладзе кветкі а 10.00, Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» — а 11.00.

У гісторыі:

1790 — нарадзіўся беларускі архітэктар Караль Падчашынскі, які збудаваў палац-рэзыдэнцыю ўсіх віленскіх кіраўнікоў — ад Напалеона і графа Мураўёва да сёньняшняга прэзыдэнта Літвы.

1896 — нарадзіўся Міхась Чарот, беларускі пісьменьнік. Быў адным з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі ў часе польскай акупацыі. Расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году.

1917 — бальшавіцкі пераварот у Расейскай Імпэрыі. Паводле ўказу А. Лукашэнкі 1995 году дзень бальшавіцкага перавароту быў вернуты у лік афіцыйных сьвятаў Беларусі. Колькасьць ахвяраў савецкага камунізму ацэньваюць на 60 мільёнаў чалавек.

1918 — нарадзіўся Канстанцін Дамарад, беларускі гісторык.

1923 — нарадзіўся Аляксандар Дракахруст, беларускі паэт, перакладчык і мэмуарыст.

У памяці:

1948 — у Нямеччыне ў аўтакатастрофе загінуў Хведар Ільяшэвіч, беларускі паэт і грамадзкі дзяяч.

Цытата:

«Цягнікі і станцыі —
У шыбы — сонца сполахі —
Родная краіна — ты плывеш-плывеш —
Поле — апяянае Купалам і Коласам —
Паясамі слуцкімі сьцелецца ў бязьмеж —
У гэтай далі сонечнай
Каласамі сьпелымі —
Сінім летнім вечарам ціха шапацець —
На шляхох бярозы шэраньню замляцца
Падаючай зоркай — блісьне сэмафор —
Вечар навявае сэнс дзіўной загадцы
У блакітным тумане пацеркамі зор —
Еду — еду — еду —
Цішыня навокал —
Толькі ў сэрцы п’яна-звонкі перапуд —
Толькі заграхоча — то замрэ — далёка —
Перагонка колаў — разьвясёлы груд».

Хведар Ільяшэвіч

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG