Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускага шпіёна ў Літве па адным эпізодзе асудзілі, па другім апраўдалі


Грамадзянін Літвы Рамуальд Ліпскі асуджаны на 3 гады і 3 месяцы за шпіянаж на карысьць беларускай выведкі.

Прысуд вынес акруговы суд Вільні 5 лістапада. Літовец быў арыштаваны ў пачатку 2014 году і таму на волю выйдзе ўжо меней як праз паўтара года, калі прысуд ня будзе аспрэчаны, паведамляе Delfi. Пракурор прасіў для Ліпскага 8 гадоў зьняволеньня. Па адным з эпізодаў абвінавачаньня беларускі шпіён быў апраўданы.

Рамуальду Ліпскаму 57 год, ён працаваў тэхнікам на дзяржаўным прадпрыемстве Oro navigacija, якое аказвае паслугі паветранай навігацыі. Паводле суду, Ліпскі, які меў доступ да тэхнічнай і службовай інфармацыі прадпрыемства, ў сваім кабінэце фатаграфаваў дакумэнты, датычныя літоўскіх аэрапортаў, у тым ліку вайсковых, і перадаваў іх супрацоўніку беларускай выведкі Сяргею Куруленку, зь якім супрацоўнічаў з кастрычніка 2012 па сакавік 2013 году.

Пры гэтым суд не ўстанавіў, што Рамуальд Ліпскі атрымліваў грошы за перададзеную ім інфармацыю. Не залічыў суд у якасьць віны і эпізод дзейнасьці Ліпскага пасьля 22 кастрычніка 2012 году, калі ён перадаў беларускаму выведніку першую сакрэтную інфармацыю. Паколькі тады стаў відавочны шкодніцкі характар дзейнасьці супрацоўніка Oro navigacija, літоўскія спэцслужбы мусілі яго спыніць, а не дазваляць працягваць шпіёніць, палічыў суд.

Былы супрацоўнік управы вайсковай контрвыведкі КДБ Сяргей Аніська мяркуе, што ў эпізодзе, які не прызнаны судом, магла быць дэзінфармацыя, падкладзеная беларускаму шпіёну літоўскімі спэцслужбамі, а паколькі яе перадача не нанесла Літве ніякай шкоды, суд і апраўдаў шпіёна. Ці назіраецца апошнім часам актывізацыя дзейнасьці шпіёнскіх ведамстваў у Беларусі і адносна Беларусі?

Сяргей Аніська: Па тым, што я бачыў у гэтым годзе, не заўважыў нейкага абвастрэньня выведкавай ці контрвыведкавай працы. Яна ідзе ў штатным рэжыме. Супраць Беларусі працуюць выведкі заходніх краінаў, нашы спэцслужбы гэтак сама працуюць. Пэрыядычна мы кагосьці раскрываем — вось нядаўна раскрылі сямейную пару, двух афіцэраў КДБ, мужа і жонку, якія атрымалі за сваю дзейнасьць па 15 гадоў турмы. Літоўцы гэтак сама нашага агента асудзілі. Але ці будзе ён сядзець — гэта яшчэ пытаньне. Таму што паміж спэцслужбамі, паміж дзяржавамі існуе такая практыка: там узялі агента беларускага, тут узялі літоўскага, потым дамовіліся і абмянялі іх. Гэта нармальна. Спэцслужбы мусяць несьці адказнасьць за сваіх агентаў, гэтак было заўсёды і робіць гонар тым спэцслужбам, якія ідуць да канца за свайго агента. Канешне, калі ён не падвойны двайнік і ня сам здаўся. Тады іншая гісторыя.

XS
SM
MD
LG