Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі б Джордж Оруэл сёньня захацеў пабачыць у дзеяньні Міністэрства праўды са свайго раману «1984», ён павінен быў бы прыехаць у Беларусь.

«Рэжым квітнее ў пасіўным атачэньні безь ніякага супраціву. У Беларусі сёньня 1984 год паводле оруэлаўскага календара».

Гэтак лічыць Віціс Юрконіс, кіраўнік віленскага бюро Freedom House, які піша, што ў сёньняшняй Беларусі Аляксандар Лукашэнка ажыцьцяўляе на практыцы тры славутыя «партыйныя лёзунгі» з антыўтопіі Оруэла: «вайна ёсьць мір», «свабода ёсьць рабства» і «няведаньне ёсьць сіла».

«Прастора свабоды ў Беларусі рэзка скарачаецца. Беларусы раней выходзілі на плошчы і вуліцы, каб абараніць сваё права голасу і кінуць выклік рэжыму. Намётавы гарадок на Кастрычніцкай плошчы ў марозным сакавіку 2006 прастаяў амаль тыдзень, дзясяткі тысяч выйшлі на вуліцу у сьнежні 2010 году, эканамічны спад справакаваў маўклівыя пратэсты летам 2011 году — усё яны былі здушаныя масавымі рэпрэсіямі. Многія людзі адчуваюць страх, расчараваньне, гнеў, дэпрэсію — некаторыя зь іх пакінулі краіну, некаторыя аддалі перавагу самацэнзуры, а меншасьць, якая працягвае змагацца, рэгулярна затрымліваюць, зьбіваюць або ўціскаюць у іншы спосаб.

Вядома, рабства — ня толькі фізычнае паняцьце, але і стан душы. Беларускія ўлады справядліва вінавацяць у строгім абмяжоўваньні свабоды, але і апазыцыянэры не зрабілі вялікага ўнёску ў свабоду, дэманізуючы адзін аднаго, называючы некаторых здраднікамі і агентамі КДБ, а іншых выхваляючы як герояў. У краіне герояў або стукачоў проста няма месца для звычайнага грамадзяніна» — піша Віціс Юрконіс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG