Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Дзьмітры Падбярэзскі


Дзьмітры Падбярэзскі нарадзіўся ў Менску ў 1952. Скончыў беларускае аддзяленьне філфаку БДУ, два гады настаўнічаў у вясковых школах, наступныя два — адміністратар аб’яднаньня «Летапіс» к/с «Беларусьфільм», потым рэдактар спачатку літаратурна-драматычнай, пазьней — музычнай рэдакцый БТ (набор Генадзя Бураўкіна). У канцы 1982 году Міхась Раманюк пераманіў у рэдакцыю часопіса «Мастацтва», адкуль быў звольнены па скарачэньні штатаў у 2002 годзе. Загад быў падпісаны дзень у дзень майго 50-годдзя, чым страшэнна ганаруся. У кастрычніку 2014 атрымаў запрашэньне вярнуцца ў «Мастацтва». Супрацоўнічаў з многімі выданьнямі (найперш «Рабочая смена», «Имя», «БДГ»), вёў аўтарскія праграмы на «Беларускай маладзёжнай», Радыё 101,2, Радыё Свабода. Аўтар кніг прозы «Ўвэрцюра», «Саксафон Чынгісхана», «Энцыкляпэдыі папулярнай беларускай музыкі», «Слоўніка тэрмінаў папулярнай музыкі», складальнік альбому «Ўсесаюзны фэстываль польскай песьні ў Віцебску». Два апавяданьні выдаваліся ва Ўкраіне ў альманахах фантастычнай прозы. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, БАЖу і Беларускага саюзу музычных дзеячаў.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Пішу найперш для людзей, здольных захапіцца маімі сюжэтамі і пайсьці ўсьлед за маёй фантазіяй.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Час і месца вялікага значэньня ня маюць: пішу тады, калі ў галаве сасьпела крытычная маса задуманага. Пры гэтым ніколі ня ведаю, дзе будзе кропка і якая.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

«Чазенія» і «Ладзьдзя роспачы» Караткевіча.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Герой раньніх (рыбацкіх) апавяданьняў Гэмінгуэя.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Некалькі. Купала, Чорны, Караткевіч, расеец Юрый Казакоў.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Хапае штодзённых чытанак у рэдакцыі часопіса «Мастацтва» smile :) Мастацкую літаратуру чытаю рэдка. З апошняга — «Тэорыя змовы» Ўладзі Ахроменкі.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

На польскай.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Канешне ж, дэбютная «Ўвэрцюра».

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Напісаў і здаў у выдавецтва «Ковчег» зборнік «Брыдкія аповеды». А хацелася б дапісаць яшчэ два-тры апавяданьні з удзелам жыхароў вёскі Пуцькава. Пачаў было «Выбары ў Пуцькаве», але нешта не пайшло.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Менавіта падчас пісаньня мастацкіх тэкстаў. Гэта як удзел у джэм-сэйшане: поўная свабода выказваньня і выдатная магчымасьць імправізаваць на тэму таго, што ўжо ёсьць у галаве.

XS
SM
MD
LG