Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нулі і «леніны» – страх непазьбежных пераменаў


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Грошы – гэта тое, што нас аб'ядноўвае і робіць унікальнымі.

Унікальнымі ў тым сэнсе, што грошы – адзін з неафіцыйных сымбаляў краіны. І як па мне, важна як яны выглядаюць, бо вядзецца пра эстэтычную і ідэйную гігіену.

«Аматарам сымбаляў: замест рэформаў – вось вам новыя фанцікі з новымі карцінкамі і мэталічнымі кругляшкамі! Радуйцеся пераменам!» – рэагуе менскі інтэлектуал.

І тут ён паўтарае цёцю Люду з трэцяга пад'езду. Тая так гаворыць пра зьмену леніных ды іншых сымбаляў.

Яшчэ цёця Люда баіцца дэнамінацыі. Зьбіваецца-тлумачыць пра будучы хаос. Не зусім зразумела, але прамацваецца трывога.

А Wiecier Mechaniczny жартуе:

– А я асабіста супраць, што ў нас адымуць нулі! Нашы чэсна і стабільна назапашаныя крывёю і потам :)

У жарце я бачыў вялікую вагу праўды.

Забіраць нулі – гэта як забіраць у цёці Люды «леніных». Гэта значыць, забіраць частку жыцьця, частку ідэнтычнасьці. Непатрэбныя гэтыя «леніны» большасьці, як і непатрэбныя гэтыя нулі.

«Гэта наша адметнасьць, гэта наша памяць, гэта наша маладосьць, а навошта траціцца на гэта». Да кожнай фразы вы можаце падставіць альбо нулі, альбо «леніных», і сэнс будзе той самы. Адзіны сэнс, які гаворыць пра перамены.

Правядзі рэфэрэндум што па нулях, што па «леніных», упэўнены, што і без фальсыфікацый большасьць будзе за захаваньне існага стану рэчаў. Матыў – страх. Ірацыянальнае пачуцьцё. Як перад паходам да стаматоляга, калі ведаеш, што перамена непазьбежная ў кожным выпадку: альбо запламбуюць дзірку цяпер, альбо вырвуць зуб пасьля.

Тэму дэнамінацыі абмяркоўваюць з усіх магчымых бакоў. Гэта той самы выпадак, калі навіна закранае ўсіх без вынятку дарослых грамадзянаў. Усе разумеюць, што за дэнамінацыяй будуць перамены, і хтосьці іх страшыцца, а хтосьці наадварот – чакае пазытыву.

Хтосьці разумее, што праблемы ў эканоміцы будуць павялічвацца. Што такое анансаваная купюра 500 рублёў «новымі»? Гэта сёньняшнія 5 мільёнаў! Па сёньняшнім курсе гэта блізу трохсот даляраў. А які будзе курс 1 ліпеня 2016? Усе ўпэўненыя, што значна меншы. І што зь меншымі нулямі інфляцыя псыхалягічна ўспрымаецца ня так востра, і... І яшчэ гара пытаньняў і засьцярогаў. Да стаматоляга давядзецца ісьці ў кожным выпадку. Пытаньне толькі – раней ці пазьней.

Але страх трымае.

Так ужо было. Калі ў канцы 1980-х большасьць думала, як бы захаваць хоць такі стан рэчаў, які быў: з рэзкім падзеньнем узроўню жыцьця. У той час як меншасьць ужо прыдумляла свае праекты, і думала пра пасьлязаўтра.

Гэтай меншасьці таксама казалі «што гэтая ваша сымболіка зьмяніла?» А зьмянялася ўсё разам, комплексна. А пасьля большасьць «пабядзіла», і цяпер усё паўтараецца, толькі больш жорстка і сумна.

Сёньня ўжо трэба думаць пра пасьлязаўтра. Пра падзеньне расейскай эканомікі, і адпаведнае зьмяншэньне падтрымкі неэфэктыўнай беларускай мадэлі. І адпаведны пошук выхаду з сытуацыі, пра вымушаную лібэралізацыю, ці наадварот – казармізацыю. І адпаведнае ўзмацненьне ценявых эканамічных адносінаў, якія тую казарму ўсё розна будуць разбураць.

І як новыя гістарычныя зьмены скіраваць на карысьць сабе, сваёй краіне.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG