Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як стаць чалавекам году паводле вэрсіі «Тайм» і «Форбс»


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Пуцін у часопісе «Форбс» зноў чалавек году. Трэці раз запар.

Ну й што? Калі шчыра: Ангела Мэркель, якую паставілі на другое месца, яна зрабіла неймаверныя высілкі, каб захаваць раўнавагу ў Эўропе. Маю на ўвазе фінансавую сытуацыю ў Грэцыі і неверагодны наплыў уцекачоў з Сірыі. Яна сапраўды зрабіла нешта значнае, хоць у вочы тое можа й ня кідаецца.

А што зрабіў Пуцін? Прымусіў усіх баяцца сваёй непрадказальнасьці?

Нагадаю, што самым старым заканадаўцам моды ў «чалавеках году» зьяўляецца часопіс «Тайм». Канечне, часьцей за ўсё (з 1927 году) галоўным ён абвяшчаў кагосьці з амэрыканцаў. Але таксама двойчы Сталіна (1939, 1942) і Гарбачова (1987, 1989), Хрушчова (1957) і нават Андропава (1983, разам з Рэйганам). Быў чалавекам году і Адольф Гітлер (1938).

Чаму Гітлера зрабілі чалавекам году? Растаптаў Вэрсальскі мір, на якім трымалася раўнавага пасьля І сусьветнай вайны, узброіў да зубоў Нямеччыну, анэксаваў Аўстрыю і змусіў Англію і Францыю пагадзіцца, што ён зараз пераробіць мапу Эўропы. Апошняя падзея адбылася, як вядома, у Мюнхене. За гэта, як выходзіць, і стаў самым адметным палітыкам сьвету. Таму што сам прыдумаў правілы гульні, прымусіўшы іншых выконваць сваю волю.

Што датычыць Пуціна, «Тайм» яго вылучыў яшчэ ў 2007-м, калі той толькі выступіў са сваёй мюнхенскай прамовай. З крыўдамі, прэтэнзіямі Расеі да Захаду, са скаргамі на аднапалярную мадэль сучаснага сьвету. Рэзкіх дзеяньняў яшчэ не было. Масква толькі прыпыніла дзеяньне Дамовы аб звычайных узбраеньнях у Эўропе. Гэта адно. Другое: Пуцін ня мог дыктаваць у Мюнхене, як гэта зрабіў сваім часам Гітлер. Ня лічачы спробаў выкарыстаць нафтавую трубу і газавую, ад якіх залежала Эўропа. Цяпер ён перайшоў да дзеяньняў.

У чым жа сакрэт посьпехаў Пуціна?

Крытыкі звычайна хапаюцца за быццам бы відавочны аргумэнт: Пуцін тактык, не стратэг, ён ня здольны зазірнуць на год наперад, прадбачыць, сплянаваць. Чым гэта абернецца для самой Расеі, напрыклад. Таму слабак, толькі надзімае шчокі. Але ніхто ня здольны гэтага зрабіць. Хіба думалі, падтрымаўшы ў Сірыі апазыцыю, чым гэта абернецца для Эўропы? Якая была ні пры чым? Жахлівым нашэсьцем уцекачоў. Ня кажучы пра армію тэрарыстаў, пра «ісламскую дзяржаву».

Хто, калі шчыра, можа назваць прыклад выдатнай стратэгіі, далёкасяжнасьці палітычнага зроку? Ды бадай ніхто не назаве. Успомніць хоць бы камунізм Хрушчова ў 1980-м. Альбо іншы прыклад: ніхто ня здолеў прадбачыць хуткі дэмантаж СССР. І Бэрлінскай сьцяны таксама. Пуціну добра вядома, што выйграе той, хто дзейнічае. Тады ён трапляе на вокладкі часопісаў. Так дакладна і фюрэр лічыў, няхай даруе Уладзімір Уладзіміравіч.

Пішуць, што рэдактары «Форбс», выбіраючы першых асобаў у сьвеце, бяруць пад увагу іхні капітал, маёмасьць, фінансавыя і адміністрацыйныя магчымасьці, лічбу насельніцтва, на якіх распаўсюджваецца іхні ўплыў.

Ну, а чалавек году — гэта самы ўплывовы, самы магутны на дадзены час. Калі гаварыць проста, то ён менавіта той, хто можа рабіць тое, што захоча. На міжнароднай арэне. І няхай мы будзем настроеныя скептычна адносна прэзыдэнта Расеі, нам невядома — колькі яму ўдасца рабіць тое, што яму хочацца? Год, два? А можа пяць, дзесяць? Пораху ў парахаўніцах у яго яшчэ ёсьць.

Чалавека году-1938 цераз сем гадоў больш не існавала. Чалавека году-1983 —напачатку наступнага 1984-га.

Часамі быць чалавекам году робіцца вельмі азартнай гульнёй, рускай рулеткай у пераносным сэнсе. Спыніцца для такіх людзей бывае немагчыма. Яны лезуць на ражон… І на вокладкі часопісаў урэшце трапляюць тады іншыя, хто не гуляе цягліцамі, ня робіць гвалту. Папа рымскі Францішак альбо «барацьбіты зь вірусам Эбола», як было паводле часопіса «Тайм» апошнія гады. Праўда, існуе шанец, што тады «Форбс», каб адрозьнівацца, знойдзе новага «мача» для сваёй вокладкі.

Урэшце, калі шчыра, людзям у душы хочацца бачыць у навінах садамаў, кадафі альбо пуціных. Ангела Мэркель для звычайнага тэлегледача занадта прэсная. Ну хаця б нагадвала «жалезную лэдзі», дык жа не.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG