Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Луцковіч: 2 мільёны 700 тысяч за плякат «У мяне ёсьць доказы, што выбары сфальшаваныя!»


Алена Луцковіч

Алена Луцковіч

Пярэпалах у Рудабелцы

30 кастрычніка, месяца, азнаменаванага прэзыдэнцкімі выбарамі, аддалены райцэнтар Акцябрскі, колішняя Рудабелка, перажыла сапраўднае ўзрушэньне.

Нават міліцыя ня ведала што рабіць. На мясцовым рынку маладая жанчына ўзьняла плякат: «У мяне ёсьць доказы, што выбары сфальшаваныя!» Гэта была сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, назіральніца на выбарах Алена Луцковіч.

Маёр міліцыі Гапоненка, што «высунуўся на падмогу лейтэнанту Арцюшку», стоячы зводдаль, бесьперапынна тэлефанаваў па мабільніку. Сам лейтэнант з-за гандлёвых палатак фатаграфаваў пікетоўцу, угаворваў прадпрымальнікаў, што гандлявалі ў гэты дзень на рынку, падпісаць ім жа прыдуманыя недарэчныя сьведчаньні.

Ахоўнікі правапарадку нават не парупіліся падысьці да Алены і задаць пытаньне накшталт: «Грамадзяначка, а дазвол на пікет? Вы ж парушаеце грамадзкі парадак! І што гэта за доказы такія пра выбары? Гэта ж сур’ёзна: за фальшаваньне вынікаў выбараў — крымінальная адказнасьць».

Рудабельцы бурна рэагавалі на плякат Алены, склеены з кавалкаў шпалераў. Адны казалі ёй: «Малайчына! Хопіць нас рабіць дурнямі!» Іншыя зьдзіўляліся: «Гэта пра які выбары? Украінскія?» Былі і пагрозы: «Зараз патэлефаную... Доказы ў яе — за шкірку схопяць і ў КПЗ хутка адправяць».

Здрадлівыя лічбы і самапавага

З рынку Алена Луцковіч выправілася ў раённы аддзел Сьледчага камітэту, які знаходзіцца ў адным будынку зь міліцыяй, каб перадаць заяву пра фальшаваньне вынікаў выбараў. Усё навідавоку. Па зьвестках Цэнтравыбаркаму, у Акцябрскім раёне за кандыдата ў прэзыдэнты Тацяну Караткевіч прагаласавалі ўсяго 94 выбарцы, за Сяргея Гайдукевіча — 116, за Мікалая Ўлаховіча — 32, а супраць усіх — 39 чалавек. У той жа час, паводле пратаколу выбарчага ўчастку № 2, дзе Алена Луцковіч з Андрэем Павуком была назіральніцай ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, за Караткевіч прагаласавалі 226 чалавек, супраць усіх — 63.

Гэта пытаньне самапавагі. (...) Нашы ўлады робяць з народа дурняў. Але ж мы ня дурні — мы ўсё бачым, ведаем, разумеем.

Луцковіч: «Гэта пытаньне самапавагі. Я была назіральніцай. Я бачу, што адбылося злачынства. Як у такім разе прамаўчаць, калі ўдзельнічаў у выбарах? Нашы ўлады робяць з народа дурняў. Але ж мы ня дурні — мы ўсё бачым, ведаем, разумеем. Амаль кожны, хто да мяне падыходзіў, калі я стаяла з плякатам, казаў, што ведае пра фальшаваньні. Ведаюць — і маўчаць, бо ня вераць, што могуць нешта зьмяніць. Многія проста баяцца, усюды — страх, страх. А чаго баяцца, калі самае страшнае ўжо адбылося».

Пры выхадзе ад сьледчых Алену затрымалі міліцыянты. Маёр Гапоненка як начальнік аддзяленьня аховы грамадзкага парадку і прафіляктыкі правапарушэньняў Акцябрскага РАУС склаў у дачыненьні назіральніцы адміністрацыйны пратакол за несанкцыянаваны пікет. І жанчыну пад канвоем, нібы злосную парушальніцу, адразу ж павезьлі ў суд. Аднак Алена ня стала сьведчыць супраць сябе, і судзьдзя Ўладзімер Васілеўскі перанёс разгляд адміністрацыйнай справы на лістапад, каб выклікаць у суд сьведак. І ужо 4 лістапада аштрафаваў Луцковіч за несанкцыянаваны пікет на 15 базавых велічыняў, што складае 2 мільёны 700 тысяч рублёў.

У суд Алену Луцковіч прыйшлі падтрымаць сябры па партыі - Васіль Палякоў і Андрэй Павук

У суд Алену Луцковіч прыйшлі падтрымаць сябры па партыі - Васіль Палякоў і Андрэй Павук

У судзе Алена Луцковіч не прызнала сябе вінаватай, заявіўшы, што гэта была найперш спантанная публічная заява пра фальшаваньне выбараў, бо напярэдадні яна атрымала з Гомельскай абласной пракуратуры адмову за подпісам начальніка аддзела па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьцю прававых актаў А. Змушко: «Ваша скарга ня можа быць разгледжана па сутнасьці, паколькі паступіла ў органы па заканчэньні дзесяці дзён з дня выбараў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь». Да таго ж, як мяркуе актывістка, Канстытуцыя, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала беларуская дзяржава, даюць ёй права на свабоднае выказваньне думак, а закон аб масавых мерапрыемствах, які патрабуе дазволу на гэта ад выканкамаў, зьяўляецца толькі перашкодай. Раней сама Алена двойчы замаўляла пікеты ў Акцябрскім райвыканкаме, але дазволу ні разу не атрымлівала.

Падчас судовага разьбіральніцтва судзьдзя Васілеўскі дапытваўся ў міліцыянтаў, чаму яны не падышлі да Луцковіч, не зрабілі заўвагу, не спынілі адміністрацыйнае правапарушэньне. Але ні маёр Гапоненка, ні лейтэнант Арцюшка нічога ўцямнага адказаць не маглі. Аднаму нібыта часу не хапіла, бо Алена хутка сышла з рынку, пачапіўшы плякат на дошку аб’яваў, іншы фатаграфаваў ды апытваў сьведкаў, якія, як высьветлілася ў судзе, Алену не разглядзелі і пра напісанае ў яе на плякаце ня ведаюць.

«Што ўчастковы напісаў, тое і падпісаў», — шчыра прызнаўся Мікалай Угнявы.

Прысутны ў судзе кіраўнік мясцовай суполкі АГП Юры Юкоўскі дзіўныя паводзіны міліцыянтаў падчас выхаду Алены Луцковіч на рынак з плякатам «У мяне ёсьць доказы, што выбары сфальшаваны!» тлумачыць гэтак:

Юры Юкоўскі

Юры Юкоўскі

«Гэтыя шараговыя супрацоўнікі міліцыі — яны выконваюць загад, яны не самастойныя. Каб вырашыць, спыняць ці не спыняць такую акцыю, яны мусілі кансультавацца з начальствам. Таму і была на рынку такая паўза. Мы ведаем, у якой дзяржаве жывём. Нічога дзіўнага ў такіх дзеяньнях няма. Мяркую, што яны не хапалі Алену на рынку, каб не ствараць грамадзкі розгалас, каб людзі нічога ня бачылі і ня ведалі».

Што да адзіночнага пікету Луцковіч, то гэта мужны, рашучы ўчынак:

«Алена як канцэнтрацыя думкі часткі людзей, якія рэальна валодаюць інфармацыяй, і ведаюць, што вынікі выбараў былі не такімі, якія агучаны. Яна гэта зрабіла дэманстратыўна. Але аднадумцаў у яе багата і ў Акцябрскім, і ва ўсёй Беларусі. Я паглядзеў у інфаграфіцы Цэнтравыбаркаму вынікі выбараў у Акцябрскім раёне і адразу заўважыў нестыкоўкі. Доказаў фальшаваньня асабліва і шукаць ня трэба — яны на паверхні. Іх варта толькі сабраць у патрэбны пазл — і ўсё становіцца на свае месцы».

Адкуль сілы ў лідэра

Мясцовы блогер і народны відэаапэратар Андрэй Павук, які і сам пісаў скаргі на фальшаваньне вынікаў выбараў у раёне і выклаў у інтэрнэт фотакопію пратаколу ўчастковай камісіі № 2, лічыць, што як бы ўлады ні хавалі інцыдэнт, усё адно «шухер» атрымаўся неблагі:

«У суда не было выбару. Не маглі ж яны апраўдаць дзеяньні Алены, бо гэта для іх саміх мела б наступствы. Зь іншага боку, паказальна для іншых людзей. Рабілі ўсё, як заўсёды — пакаралі, аштрафавалі. У прынцыпе правесьці пікет у Акцябрскім ня так ужо і дорага — 2 мільёны 700 тысяч. Але ёсьць шум, людзі абмяркоўваюць. Думаю, прадстаўнікам улады варта задумацца, што яны супярэчаць самі сабе, нормам Канстытуцыі, міжнародным абавязаньням. Шухер атрымаўся неблагі».

Акцябрскі раённы суд

Акцябрскі раённы суд

Сама Алена больш скрушна глядзіць на сытуацыю:

«Вельмі сумна на самай справе. Сваім пікетам я спрабавала прыцягнуць увагу да фальшаваньня выбараў. Адбылося злачынства, і я спрабавала дамагчыся расьсьледаваньня гэтага злачынства, праверкі на гэты конт, каб вінаватых пакаралі. Замест гэтага пакаралі мяне. Сумна ад таго, як працуюць нашы органы ўнутраных спраў, якая ў нас у краіне судовая сыстэма. Сумна ад таго, як адрэагавала пракуратура на маю заяву пра фальшаваньне. Надзея, канечне, памірае апошняй, і яна яшчэ ў мяне застаецца. Я чакаю адказу ад Сьледчага камітэту, куды я зьвярнулася з заявай. Сілы мне дае мая правата».

Алена Луцковіч у Аб’яднаную грамадзянскую партыі ўступіла параўнальна нядаўна. У яе вышэйшая адукацыя — скончыла ў Гомелі гандлёва-эканамічны ўнівэрсытэт. Падрастае сын. Працяглы час Алена працавала бухгальтарам у спажывецкай каапэрацыі. Але пасьля адной з заявак на пікет у абарону палітзьняволеных, да маладой спэцыялісткі сталі прад’яўляць прэтэнзіі з нагоды і без нагоды. Давялося сысьці. Яна ўладкавалася бухгальтарам да прыватніка, але калі на мінулых мясцовых выбарах вылучылася кандыдатам у дэпутаты ад АГП, зноў пачаліся праблемы. Каб не падстаўляць працадаўцу, зь якім былі добрыя стасункі, Алена звольнілася сама — і ўжо другі год бязь працы.

Сёлета пры АГП узьнікла маладзёвае крыло «Маладыя дэмакраты» — Луцковіч абралі на грамадзкіх пачатках лідэрам. Заяву пэнсіянэркі Лідзіі Ярмошынай наконт месца жанчыны на кухні пры баршчы лідэр маладых дэмакратаў успрымае скептычна, бо сама Ярмошына ўсё яшчэ ходзіць у Цэнтрвыбаркам. І лічбы выбараў выдае такія, што Алена мусіць пісаць плякат ды ісьці хоць на якую плошчу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG