Лінкі ўнівэрсальнага доступу

XXII Менскі міжнародны кінафэстываль будзе доўжыцца з 6 па 13 лістапада. У праграме фэстывалю дзясяткі фільмаў. Дакладней, у праграмах: фэстываль падзелены на сэкцыі — гульнявое кіно, негульнявое кіно, дзіцячы конкурс «Лістападзік» і нацыянальны конкурс.

Што паглядзець? Ёсьць некалькі відавочных адказаў.

Даліна Каханьня

Францыя, Бэльгія, 2015. Рэжысэр: Гіём Ніклу

Стужка зь вядомым у Беларусі ў якасьці касца Жэрарам Дэпард’ё адкрывае кінафэстываль. Галоўныя героі ня бачыліся некалькі год, але атрымліваюць запрашэньне ў Даліну Сьмерці ў Каліфорніі ад свайго сына, які скончыў жыцьцё самагубствам паўгода таму. Завязка стужкі ў нечым нагадвае відэагульню-жудзік, але фільм хутчэй за ўсё будзе гутарковай драмай. Схадзіць на яе варта, каб зразумець, ці абіраўся фільм на адкрыцьцё па мастацкіх якасьцях, ці па сяброўстве — рэйтынг гледачоў у сьвеце складае 6 з 10.

Салодкае Разьвітаньне Веры

Беларусь, 2014. Рэжысэр: Аляксандра Бутар

Нацыянальны кінапраект «Мы, браты» на «Лістападзе» не пакажуць — самым вялікім паводле хранамэтражу і бюджэцу ў нацыянальным кінаконкурсе застаецца «Салодкае разьвітаньне веры» Аляксандры Бутар, адказнай і за леташні рэмэйк савецкай кінаклясыкі, «Белыя росы-2».

Новы фільм Бутар распавядзе пра немаладую жанчыну, якая вырашае загадзя арганізаваць для сябе пахаваньне, ды паміж ёй і агентам бюро рытуальных паслуг выбухае каханьне.

ГараШ

Беларусь, 2015. Рэжысэр: Андрэй Курэйчык

Меншы і паводле працягласьці, і па бюджэце фільм Андрэя Курэйчыка мае значна большую ўвагу гледачоў, мяркуючы па зьвестках Google пра пошукавыя запыты і прагляды трэйлераў на Youtube. «ГараШ» бярэ ўдзел у нацыянальным конкурсе ў якасьці гадзіннай стужкі, хаця пачаткова плянаваўся як сэрыял. Малады хлопец супраць сваёй волі вяртаецца са Злучаных Штатаў у Беларусь, дзе яму даводзіцца працаваць у гаражы ў Шабанах... у лідараў панк-гурту Neuro Dubel.

Трэба жыць

Беларусь, 2014. Рэжысэр: Аляксей Туровіч

Кадар з фільму

Кадар з фільму

Фільм не бярэ ўдзел у фэстывалі. Як распавядаў Свабодзе рэжысэр, ягоная пасьляваенная драма засталася па-за фэстывалем з надуманых прычынаў, якія ня маюць нічога агульнага зь нібыта «неадпаведнасьцю мастацкім якасьцям». Фільм зьняты не на грошы «Беларусьфільму», паводле сцэнару Анатоля Дзялендзіка, грунтуецца на рэальных падзеях, што мелі месца ў Паставах, і распавядае пра дзяўчыну, якая наўмысна заражала сыфілісам міліцыянтаў і байцоў Арміі Краёвай. Стужку, калі яе калі-небудзь яшчэ пакажуць у пракаце, варта паглядзець, каб ацаніць праўдзівасьць словаў рэжысэра і яе ўзровень на фоне іншых фільмаў «Лістапада».

Найноўшы запавет

Францыя, Бельгія, Люксэмбург, 2015. Рэжысэр: Жако ван Дармэль

Фільм закрыцьця кінафэстывалю. Бог жыве ў Брусэлі, ад няма чаго рабіць ён выконвае функцыі чорта, а яго дзесяцігадовая дачка паўстае супраць бацькі і паведамляе кожнаму ў сьвеце дату яго сьмерці па SMS. Камэдыя рэжысэра славутай драмы «Спадар Ніхто» мае адзнакі гледачоў павышэй за фільм адкрыцьця «Лістапада», ды і ў водгуках крытыкаў значна больш захапленьня.

Акрамя фільмаў, на якія ўжо зьвярнулі ўвагу гледачы і інтэрнаўты, на «Лістападзе» будзе паказвацца нямала годнага, але менш вядомага кіно. Пра тое, што яшчэ варта паглядзець на «Лістападзе» ў асноўных і пазаконкурсных праграмах, Свабодзе распавяла кінакрытык Лідзія Міхеева.

Краіна Оз

Расея, 2015. Рэжысэр: Васіль Сігараў

Фільм ідзе ў асноўным конкурсе гульнявога кіно. «Гэта такая інфэрнальная камэдыя пра „русский мир“ у Расеі. Нешта такое трэшавае, але даволі паказальнае ў кантэксьце таго, як выглядае цяпер буйны мэгаполіс, іранічна паказвае сёньняшняга рускага чалавека».

Франкафонія

Францыя, Нямеччына, Нідэрлянды, 2015. Рэжысэр: Аляксандар Сокураў

Фільм будзе паказаны ў праграме майстар-клясаў. Ён распавядзе пра лёс Люўра падчас нямецкай акупацыі Францыі, а таксама пра лёс дваіх людзей: дырэктара Люўра француза Жака Жажара, і супрацоўніка нямецкай вайсковай адміністрацыі графа Францыскуса Вольф-Метэрніха, якія яднаюць сілы для выратаваньня музэйных шэдэўраў.

Соль зямлі

Францыя, Бразылія, Італія, 2014. Рэжысэры: Вім Вэндэрс, Жуліану Рыбэйру Сальгаду

Фільм уваходзіць у пазаконкурсную праграму дакумэнтальных фільмаў. «Гэта арт-дакумэнтальная стужка, вельмі прыгожа. І для кінаманаў, якія сочаць за сусьветнымі падзеямі, будзе цікава».

Хранатоп

Беларусь, 2015, Арт-група «Хранатоп»

Кадар з фільму "Хранатоп"

Кадар з фільму "Хранатоп"

Яшчэ адзін фільм нацыянальнага конкурсу ад Андрэя Кудзіненкі і арт-групы «Хранатоп». Сем эпізодаў, як заяўляюць аўтары, аб’яднаныя ў праект пра міталёгію сучаснага чалавека. «Гэта абавязкова пабачыць, там караценькія містычныя навэлы на беларускія сюжэты».

Піянэры-героі

Расея, 2015. Рэжысэр: Натальля Кудрашова

Вольга — акторка, Каця працуе ў вялiкай PR-агенцтве, Андрэй — палітычны аналітык. «Фільм пра тое, кім сталі людзі, якія верылі ў камуністычную ідэалёгію ў савецкія часы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG