Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэст у Санкт-Пецярбургу: па рацэ плылі труны для «грузу 200»


У цэнтры Санкт-Пецярбургу ўдзельнікі «Мастацкай групы анархістаў і лібэртарных сацыялістаў Петраграду» 5 лістапада зладзілі акцыю пратэсту супраць ўмяшаньня Расеі ў падзеі ва Ўкраіне і ў Сырыі.

Фотаздымкі акцыі публікуе ў фэйсбуку пецярбурскі культуроляг Вадзім Лур’е. Актывісты спусьцілі на ваду ракі Мойка сасновую труну і вонкавую драўляную скрынку для «грузу 200» — забітых вайскоўцаў. На трунах былі напісаныя пытаньні «За што?» і «За каго?»

Вадзім Лур’е прыводзіць поўны тэкст заявы арганізатараў акцыі, якая атрымала назву «Галоўныя рускія пытаньні, вэрсія 2.0»:

«Старыя варыянты гэтых пытаньняў страцілі сваю сілу: на „што рабіць?“ Яшчэ да усякага адказу гучыць слабое „ўсё роўна нічога не атрымаецца“, а на „хто вінаваты?“ адказ вядомы — вінаваты заўсёды той ці іншы зьнешні вораг... адзіныя пакінутыя цяпер пытаньні — гэта пытаньні аб сэнсе (або бессэнсоўнасьці) сьмерці ў выніку гэтай палітыкі. За каго гінулі расійскія салдаты ў жніўні 2014 на Данбасе? За каго яны гінуць і будуць гінуць у Сырыі? За што былі забітыя пасажыры малайзійскага Боінга? Сама ўлада, зразумела, імкнецца ня даць пытаньням закрануць небясьпечныя для сябе вобласьці, падсоўваючы замест адказу падманкі накшталт ідэалягемы „Рускага сьвету“. Але „Рускі сьвет“, што спакусіў гэтак многіх, не зьяўляецца сапраўдным адказам на гэтыя пытаньні, паколькі сам, наадварот, зьяўляецца жахлівым канвэерам па іх вытворчасьці — ён вырабляе ўсё новыя і новыя падставы для іх, але выстаўляе сябе ў якасьці адказу: „за каго“ значыць „за Рускі сьвет“^; гэта адказ, які вырабляе сваё уласнае пытаньне. І ў гэтай сытуацыі, магчыма, адна з нямногіх даступных стратэгій — і ў любым выпадку доўг жывых перад мёртвымі — зноў і зноў ставіць гэтыя пытаньні, не баючыся сутыкнуцца з нікчэмнасьцю або абсурднасьцю сапраўднага адказу».

Напярэдадні ў Санкт-Пецярбургу адбылася яшчэ адна антываенная акцыя пад назвай «мілітарызаваны ўікэнд». Яе ўдзельніцы прынесьлі ваду з Мойкі, зьнялі камуфляжную вопратку без апазнавальных знакаў, «запэцканую крывёю расейцаў, украінцаў і казахаў», і сталі прасьці яе ў тазах. Затым вопратку павесілі на агароджы Неўскага праспэкту. Актывісты былі затрыманыя паліцыяй.

5 кастрычніка ў сусьветных СМІ зьявіліся паведамленьні аб тым, што колькасьць групоўкі расейскіх войскаў у Сырыі з моманту пачатку апэрацыі расейскай арміі ў гэтай краіне вырасла ў два разы — з 2 тысяч да 4 тысяч чалавек. Як паведамляе «Голас Амэрыкі» са спасылкай на супрацоўнікаў амэрыканскіх спэцслужбаў, сярод расейскіх вайскоўцаў ёсьць забітыя. Міністэрства абароны Расеі прызнае гібель толькі аднаго кантрактніка ў Сырыі — Вадзіма Кастэнкі. Паводле афіцыйнай вэрсіі, ён пакончыў з сабой з-за сваркі з дзяўчынай, аднак сваякі кажуць, што бачылі на целе Кастэнкі шматлікія пашкоджаньні, якія сьведчаць, што гэта не самагубства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG