Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МАК прыпыняе палёты Boeing 737 расейскіх кампаній. У Беларусі 17 такіх самалётаў, але прэтэнзіяў няма


Самалёт Boeing 737

Самалёт Boeing 737

Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт (МАК) прыпыніў дзеяньне сэртыфікату тыпу для ўсіх мадэляў самалётаў Boeing 737 у Расеі, патлумачыўшы гэта прэтэнзіямі Расавіяцыі да бясьпекі рулявы сыстэмы. Беларуская авіякампанія «Белавія» агулам мае 17 самалётаў Boeing 737.

Як піша расейскае выданьне «Коммерсмант», рашэньне МАК можа выклікаць вялікія праблемы ў расейскіх авіякампаній: толькі ў парку найбуйнейшых расейскіх перавозчыкаў звыш 150 Boeing 737.

Адпаведны ліст ад 4 лістапада ў адрас кіраўніка Расавіяцыі Аляксандра Нерадзько і намесьніка кіраўніка Фэдэральнай авіяцыйнай адміністрацыі ЗША (FAA) Маргарэт Гіліган размешчаны на сайце МАК і падпісаны старшынём Авіяцыйнага рэгістру МАК Уладзімірам Бяспалавым.

У лісьце гаворыцца, што іншыя дзяржавы-ўдзельніцы міжурадавага «Пагадненьня аб грамадзянскай авіяцыі і аб выкарыстаньні паветранай прасторы» не зьвярталіся ў МАК у пытаньнях бясьпечнай эксплюатацыі самалётаў Boeing 737.

Удзельнікам «Пагадненьня аб грамадзянскай авіяцыі і аб выкарыстаньні паветранай прасторы» зьяўляецца і Беларусь, а таксама Азэрбайджан, Армэнія, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расея, Таджыкістан, Туркмэністан, Узбэкістан і Ўкраіна.

Беларуская авіякампанія «Белавія» мае сярод сваіх самалётаў два Boeing 737-800, шэсьць Boeing 737-500 і дзевяць Boeing 737-300.

XS
SM
MD
LG