Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікаў Бібліятэкі ўкраінскай літаратуры ў Маскве пачалі выклікаць на допыты


«Справа бібліятэкараў» у Маскве працягваецца. Супрацоўнікаў пакуль выклікаюць у якасьці сьведак. Ні аднаму зь іх не дазволілі запрасіць адваката.

Супрацоўнікаў пакуль выклікаюць у якасьці сьведак. Ні аднаму зь іх не дазволілі запрасіць адваката.

Крымінальная справа супраць дырэктара бібліятэкі Натальлі Шарынай была заведзена па заяве, у якой яе аўтар напісаў, што ў Бібліятэцы ўкраінскай літаратуры ў Маскве распаўсюджваюць кнігі экстрэмісцкага зьместу.

«Падобна на тое, што сытуацыя вакол бібліятэкі і яе дырэктара Натальлі Шарынай накальваецца. Гарачыя галовы працягваюць рэалізоўваць свой шалёны план» — заявіў 4 лістапада адвакат Шарынай Іван Паўлаў.

У інтэрвію Радыё Свабода ён распавёў пра новыя падрабязнасьці «справы бібліятэкараў»:

Іван Паўлаў: З моманту хатняга арышту з Натальляй Шарынай правялі толькі адно сьледчае дзеяньне — выставілі ёй абвінавачаньне, пасьля чаго рушыў усьлед допыт яе ў якасьці абвінавачанай. Абвінавачваньне незразумелае і неканкрэтнае. Зь яго тэксту немагчыма зразумець, якія канкрэтна дзеяньні Шарынай інкрымінуюцца як распаўсюд забароненых экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сьледчы сьцьвярджае, што Шарына распаўсюджвала нейкія забароненыя кнігі сярод наведнікаў бібліятэкі, але ня кажа, якім менавіта чынам — ладзіла публічныя чытаньні, сама выступала, цытуючы фрагмэнты, і гэтак далей. Ці яна сканавала старонкі гэтых матэрыялаў і распаўсюджвала іх сярод наведнікаў бібліятэкі. Вось як менавіта распаўсюджвала — гэта абавязковы элемэнт пастановы аб прыцягненьні да адказнасьці ў якасьці абвінавачанага. І ён ніякім чынам не раскрыты ў гэтай пастанове. Мы будзем прасіць сьледчага ўдакладніць, што ён мае на ўвазе.

РС: Каго цяпер выклікаюць да сьледчых?

Іван Паўлаў: У аўторак была такая брутальная спроба выдзерці, менавіта ня выклікаць, а выдзерці на допыт сьведкаў зь ліку супрацоўнікаў бібліятэкі, якіх проста сталі запалохваць, якім забаранілі адмаўляцца ад дачы паказаньняў са спасылкай на 51-ы артыкул Канстытуцыі, адмовілі ў праве на выклік адваката. Такія дзіўныя паводзіны сьледчых.

РС: Якія паказаньні іх прасілі даць?

Іван Паўлаў: Справа ў тым, што тая канструкцыя, якую абрала сьледзтва — вінаваціць бібліятэкараў у распаўсюдзе кніг — яна ў роўнай ступені падыходзіць ня толькі да дырэктара, але і да любога супрацоўніка бібліятэкі, паколькі бібліятэкі прызначаныя проста для распаўсюджваньня кніг. У кожнага ёсьць, у адпаведнасьці з 51-ым артыкулам Канстытуцыі, права ня сьведчыць супраць сябе самога, і сьведкі маюць права адмовіцца ў дадзеным выпадку ад дачы паказаньняў менавіта са спасылкай на 51-ы артыкул. Да якога рашэньня схіляцца сьведкі — гэта іх справа, але такое права ў іх ёсьць. Адной са сьведкаў пагражалі затрыманьнем. Паколькі яна спытала, ці можа яна адмовіцца ад паказаньняў, са спасылкай на 51-ы артыкул Канстытуцыі, ёй адразу сказалі, што ў гэтым выпадку яна будзе затрыманая.

РС: А цяпер з Шарынай можна звязвацца?

Іван Паўлаў: Не. Пры абраньні меры стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту Шарынай катэгарычна забаронена мець зносіны з трэцімі асобамі, староньнімі, у тым ліку з прэсай. Мы працягваем аспрэчваць хатні арышт, накіравалі скаргу ў Маскоўскі гарадзкі суд і будзем дамагацца таго, каб усе абмежаваньні былі адмененыя.

Ператрусы ў Бібліятэцы ўкраінскай літаратуры прайшлі 28 кастрычніка. Тады ж, паводле самой Шарынай і іншых супрацоўнікаў бібліятэкі, былі падкінутыя кнігі.

«Шарына сказала, што ім падкінулі цэлы пачак кніг. Па-мойму 17, але яны былі падкінутыя яшчэ да пачатку ператрусу. У 8.30 у бібліятэку прыйшлі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Я ня ведаю, хто гэта быў — ці супрацоўнікі Сьледчага камітэту, ці супрацоўнікі ФСБ, ці супрацоўнікі Цэнтру па барацьбе з экстрэмізмам. Але справа ў тым, што ў гэты час там была толькі прыбіральшчыца. Яны паказалі пасьведчаньні, і прыбіральшчыца іх ўпусьціла. І Натальля Шарына мяркуе, што тады гэтыя кнігі і былі падкінутыя. На ператрусе ў бібліятэцы раптам супрацоўнікі аднекуль там з-за шафы дасталі цэлы стос кніг. Шарына і іншыя супрацоўнікі зьвярнулі ўвагу, што на гэтых кнігах няма штампу бібліятэкі, і не напісана, на якіх паліцах яны стаяць. У кожнай бібліятэцы на кнігах ёсць апазнавальныя знакі» — распавяла ў інтэрвію Радыё Свабода Зоя Сьветава, якая сустракалася з Натальляй Шарынай 29 кастрычніка.

Першыя прэтэнзіі да Бібліятэкі ўкраінскай літаратуры зьявіліся яшчэ пяць гадоў таму. У 2010 яе абшуквалі нават двойчы, як і цяпер, крымінальная справа была ўзбуджаная па 282-м артыкуле. Тады бібліятэку ўдалося выратаваць — за ўстанову заступіўся ўкраінскі МЗС. Зараз пратэсты афіцыйных асобаў не дапамагаюць: бібліятэку ўжо вырашылі расфармаваць і ператварыць у філіял Маскоўскага дому нацыянальнасьцяў.

XS
SM
MD
LG